Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 12 кастрычніка
Расказваем пра галоўнае, што адбылося ў краіне сёння, 12 кастрычніка.
Улады апублікавалі закон аб амністыі. Тут мы расказваем, каго вызваляць паводле гэтага закона, а хто пад амністыю не падпадае.
Ніжняя палата парламента прыняла шэраг законаў, якія ўзмацняюць ціск на правы грамадзян. У прыватнасці, прапаноўваецца абмежаваць выезд за мяжу тым, хто праходзіць па адміністрацыйных справах, а таксама ўпаўнаважыць КДБ забараняць на паўгода выезд за мяжу пэўным фізічным асобам «у інтарэсах дзяржбяспекі». Акрамя таго, яны падтрымалі скасаванне магчымасці беларускіх юрыстаў і праваабаронцаў падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.
15 сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі былому дэпутату Паўлу Знаўцу. Яго абвінавацілі ў «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Адбываць арышт мужчына будзе на Акрэсціна.
Следчы камітэт перадаў генпракурору Шведу крымінальную справу ў дачыненні да стваральнікаў «Фонду спартыўнай салідарнасці» Аляксандры Герасімені і Дзмітрыя Апейкіна. У дачыненні да іх задзейнічаны новы закон, што дазваляе завочна судзіць людзей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Аляксандру і Дзмітрыя абвінавачваюць у «закліках да санкцый».
Беларускія ўлады абмяркоўваюць з уладамі Таджыкістана ўзаемную выдачу грамадзян для прыцягнення іх да адказнасці па крымінальных справах. Усталёўваць «новыя сувязі» ўзяўся генпракурор Андрэй Швед. Гэта азначае, што беларусам, якія ўцякаюць ад пераследу рэжыму, у Таджыкістане будзе небяспечна.
ГУБАЗіК затрымаў блогера Андрэя Белавусава — брата іншага затрыманага блогера Уладзіслава Белавусава. У абодвух мільённыя падпіскі ў сацыяльных сетках. З Андрэем знялі «пакаяльнае відэа», у якім ён гаворыць, што «ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у 2020 годзе».
Журналісты Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец «знайшліся» на «Валадарцы». Іх абвінавачваюць у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Журналістаў затрымалі 5 кастрычніка, пасля затрымання з імі знялі «пакаяльныя відэа».
Сілавікі затрымалі аднаго з уладальнікаў мінскага бара «Хороший год» самелье Аляксандра Кульбачку. Ён праходзіць па адміністрацыйнай справе, суд павінен быў быць сёння, але вынікі пакуль невядомыя.
Паводле даных праваабаронцаў «Вясны», у краіне налічваецца 1349 палітзняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1649 чалавек, сярод якіх 200 жанчын і 7 непаўнагадовых.