Еўрапейскі суд па правах чалавека патрабуе дапусціць да Паўла Грыба ўкраінскіх лекараў
Раней Расія адмаўлялася, матывуючы гэта адсутнасцю такой нормы ў расійскім заканадаўстве.
Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне запрасіць украінскіх лекараў да 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба, які ўтрымліваецца ў СІЗА расійскага горада Краснадара. Пра гэта паведаміла Яўгенія Закрэўская – адвакатка сям’і выкрадзенага ў Беларусі маладога ўкраінца.
Еўрапейскі суд па правах чалавека таксама патрабуе ад Расіі выслаць у друкаваным выглядзе інфармацыю, якая датычыць стану здароўя Паўла Грыба, і медыцынскай дапамогі, якая яму аказваецца ў заключэнні, піша radyjo.net.
24 жніўня Павал Грыб быў выкрадзены расійскімі спецслужбамі ў Гомелі, куды ён прыехаў на сустрэчу з расійскай дзяўчынай, з якой перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расіі завяло супраць 19-гадовага хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт». Сям’я Паўла называе абвінавачанне абсурдным і лічыць, што хлопца выкралі з-за яго выказванняў у сацсетках.
Павал Грыб з дзяцінства хварэе на партальную гіпертэнзію – парушэнне структуры сасудаў печані, таму штодзённа павінен прымаць прэпараты. Украінскі бок не атрымаў пераканаўчай інфармацыі, ці маладому чалавеку аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.
Як сам Павал Грыб, так і міністэрства замежных справаў Украіны звярталіся да расійскіх уладаў з просьбай дапусціць да арыштаванага ўкраінскіх лекараў. Расея адмаўлялася, матывуючы гэта адсутнасцю такой нормы ў расейскім заканадаўстве — паведаміла сястра Паўла Вольга Грыб.
4 верасня сям’я Паўла Грыба падала ў Еўрапейскі суд па правах чалавека скаргу на Расею з-за выкрадання ўкраінскага грамадзяніна. Аб’ектыўнае медыцынскае заключэнне неабходна суду, каб прыняць рашэнне аб прыняцці «неадкладных мераў» па справе Паўла Грыба.