«Для кожнага з нас заўжды ёсць адзін сябар і блізкі чалавек — Мама»
Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. На жаль, не ўсе беларускія мамы змогуць абняць сваіх дзяцей. У кагосьці з іх дзеці сядзяць у турмах па палітычна матываваных абвінавачаннях, а некаторыя з маці і самі за кратамі. Сярод іх — палітзняволеная выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава.
Вольгу Філатчанкаву затрымалі 12 лістапада мінулага года, яна стала фігуранткай «справы студэнтаў». Суд па справе, у якой праходзіла 12 абвінавачаных, адбыўся ў ліпені. Як і большасці падсудных, Вользе прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі за нібыта «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Уся «віна» жанчыны ў тым, што яна ўдзельнічала ў зваротах супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, і падтрымала агульнанацыянальную забастоўку 26 кастрычніка. Цяпер Вольга Філатчанкава знаходзіцца ў СІЗА Гомеля, чакаючы накіравання ў калонію.
Напярэдадні Дня маці «Новы Час» паразмаўляў са старэйшым сынам палітзняволенай Іванам.
Ён студэнт факультэта інфакамунікацый БДУІР, вывучае абарону інфармацыі. У мінулым хлопец яшчэ і танцор, захапляецца баскетболам, у цяперашні час з'яўляецца дыджэем і прамоўтарам уласнага тэхна-праекта «Трагедыя». Таксама Іван захапляецца тэхналогіямі, у ІТ-сферы ён, можна сказаць, з дзяцінства. Гаворыць, на гэта, безумоўна, паўплывала мама, якая сама скончыла БДУІР, і бацька — таксама выпускнік гэтай ВНУ.
— Настрой у мамы выдатны, яна не вешае нос і ўплывае не толькі на сваякоў, але і на ўсіх сяброў і блізкіх, ствараючы станоўчы настрой і баявы дух, — дзеліцца Іван навінамі ад маці. — З апошняга нам прыйшлі малюнкі (мама стала маляваць партрэты) да дня нараджэння яе сястры Марыі, і паштоўкі для яе.
На пытанне — якая яна для яго — яго мама, хлопец адказвае:
— Мама — яна заўсёды мама, добрая, разумная, тая, якая разумее, не ідэальная, але ўсё роўна мама. Мы з мамай заўсёды былі дастаткова блізкія, для мяне яна і сябар, і родны чалавек.
А яшчэ Вольга пастаянна нечаму вучыцца, у яе шмат захапленняў. Яна — залатая медалістка па матэматыцы, любіць танчыць. Цяпер, вось, вучыцца маляваць. Сваё апошняе слова ў судзе Вольга прамаўляла па-беларуску. Адметна, што беларускую мову яна некаторы час таму вырашыла вывучыць самастойна — і зрабіла гэта.
— Мама заўсёды цягнулася да вытокаў, гісторыі, культуры, народнасці, і ў адзін момант прыняла такое рашэнне — вывучыць на належным узроўні родную мову. Да таго ж такая магчымасць з’явілася дзякуючы курсам пры Акадэміі навук.
Іван распавядае, што цяпер, амаль праз год пасля зняволення Вольгі, сям’я жыве з большага спакойна.
— Усе ўжо прызвычаіліся і прынялі тое, што адбываецца з мамай. Гэта проста як выпрабаванне, якое трэба прайсці, але мы ўсё роўна падтрымліваем адзін аднаго.
Сям’ю палітзняволенай выкладчыцы падтрымліваюць і іншыя людзі. Для Івана ж самай важнай апорай у гэты час стала яго дзяўчына Катрын, а таксама бабулі з дзядулем.
У Вольгі Філатчанкавай, апроч 19-гадовага Івана, ёсць яшчэ 8-гадовая дачка Маша.
— Сястрычка Машка цяпер жыве з бабуляй і дзядулем пад іх апекай, яна сумуе па маме, але піша ёй лісты і малюе ўсялякія малюнкі і паштоўкі. Доўгі час яна не ведала, дзе мама і што з ёй, але ўсё ж мы ёй распавялі, і рэакцыя была даволі спакойнай, — зазначае Іван.
Ён прызнаецца, што арышт маці змяніў яго, але пакуль хлопец сам не да канца ўсвядоміў, якія менавіта змены ў ім адбыліся.
— Гэта вельмі складанае і філасофскае пытанне. Я ўпэўнены ў тым, што ранейшым чалавекам я дакладна ўжо не стану. Але нейкіх канкрэтных змен я назваць, на жаль, не магу. Проста гэтыя падзеі перавярнулі маё жыццё, а таксама своеасабліва памянялі мой вектар успрымання.
Іван прызнаецца, што яму неверагодна складана ўявіць дзень, калі маці выйдзе на волю, пасля такога доўгага расстання. Але ён мяркуе, што «бура эмоцый і пачуццяў будзе папросту неапісальная». Пакуль жа ён збіраецца павіншаваць маму са святам тэлеграмай і лістом.
Напрыканцы сын палітзняволенай дадае:
— Заўсёды трэба памятаць пра тое, што для кожнага з нас заўжды ёсць адзін сябар і блізкі чалавек, адзін з самых важных у нашым жыцці — Мама. І калі ў вас ёсць, што сказаць гэтаму чалавеку, — не важна, вясёлае ці сумнае, добрае ці благое, галоўнае — скажыце. Не забывайце размаўляць з блізкімі, гэта вельмі важна!Я хацеў бы папрасіць пісаць маме, і не толькі ёй, а ўсім палітычным зняволеным, каб паказаць, што ў іх верыць не толькі іх сям'я, а яшчэ і незнаёмыя людзі, бо гэта вельмі важна!
Адрас для лістоў Вользе Філатчанкавай: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.
Фота прадастаўлены героем публікацыі