«Дармаед» паскардзіўся ў Віцебскі гарвыканкам – і атрымаў адказ

Віцяблянін Сяргей Палінаў паскардзіўся ў Віцебскі гарвыканкам на тое, што ягоныя дадзеныя патрапілі ў «базу дармаедаў». Ён мяркуе, што гэтым самым улады парушаюць ягонае права на свабоду выбару заняткаў і права не падвяргацца прымусовай працы і дыскрымінацыі. Што адказаў гарвыканкам?

Фота Уладзіслава Рубанава

Фота Уладзіслава Рубанава


У сваёй скарзе Сяргей Палінаў выказаў меркаванне, што дэкрэт №3 “Аб спрыянні занятасці насельніцтва” ўтрымлівае расплывістыя фармулёўкі і таму зацікаўленыя асобы могуць трактаваць ягоныя нормы двухсэнсава, піша vitebskspring.org.

“Я – заняты ў эканоміцы”

Мужчына тлумачыў у скарзе, што эканоміка – гэта сукупнасць дачыненняў, якія складваюцца ў сістэме вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання. А значыцца, каб удзельнічаць у эканоміцы, дастаткова быць спажыўцом тавараў і паслугаў, плацельшчыкам дзяржаўных збораў і пошлінаў.
“Іншымі словамі, незалежна ад маёй працоўнай занятасці, я з'яўляюся “занятым у эканоміцы”, таму што ўвесь час выплачваю ўскосныя падаткі пры куплі тавараў і паслугаў, пры карыстанні мабільнай сувяззю”, – гаворыцца ў скарзе.  
Віцяблянін нагадаў таксама, што, згодна з арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, праца ў нашай краіне з'яўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна. І што прымус да працы магчымы толькі паводле судовага выраку альбо ў часы надзвычайнага і ваеннага становішча.  
Не прадугледжвае Канстытуцыя і такога тэрміну, як “працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы”.
“Мне не зразумела, дзеля якой мэты ў дадзеным канкрэтным выпадку абмяжоўваецца маё права на выбар роду заняткаў, права не падвяргацца прымусовай працы і забароненай дыскрымінацыі паводле сэнсу частак 1 і 4 арт. 41 Канстытуцыі, арт. 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт.2 Канвенцыі МАП 29 аб прымусовай і абавязковай працы”.
Сяргей Палінаў прасіў прызнаць дзеянні Камісіі па спрыянні занятасці насельніцтва Кастрычніцкага раёна Віцебска неправамернымі і абавязаць камісію выключыць ягоныя персанальныя дадзеныя са спісу працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Прапанаваў таксама хадайнічаць перад Вярхоўным Судом, каб той ва ўстаноўленым парадку звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд аб прызнанні часовага Дэкрэту ад 1 студзеня 2019 году неканстытуцыйным.

Гарвыканкам: Не маем паўнамоцтваў

Першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Валянцін Цвяткоў у адказе на скаргу нагадвае, што, паводле Дэкрэту №3, збор і апрацоўка персанальных дадзеных грамадзянаў ажыццяўляецца без іх пісьмовай згоды.
Паведамляе, што органы, упаўнаважаныя ўносіць прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны суд вызначаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 08.01. 2014 №124-3 “Аб канстытуцыйным судаводстве”.
“Гарвыканкам не надзелены паўнамоцтвамі па ацэнцы законнасці нарматыўных актаў, выдадзеных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, і ўнясення прапановаў аб праверцы іх канстытуцыйнасці”, – піша Цвяткоў.  

3_147.jpg


“Вы маеце права падаць у камісію дакумэнты, якія пацвярджаюць неправамернасць уключэння вашых персанальных дадзеных у базу дадзеных працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы”, – гаворыцца ў адказе.
Сяргей Палінаў называе адказ на ягоную скаргу “адпіскай” і кажа, што ў выпадку, калі атрымае ў сакавіку “дармаедскі рахунак”, будзе падаваць у суд.