Чарговы прысуд у «справе медыкаў». Аднаму з кіраўнікоў медцэнтру МТЗ прысудзілі 7,5 года турмы
23 траўня суд Фрунзенскага раёна Мінску абвясціў прысуд Сяргею
Семіжону, намесніку галоўнага лекара медцэнтру Мінскага трактарнага
заводу (МТЗ), піша Свабода.
Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў 28 тысяч долараў. На судзе Сяргей Семіжон прызнаўся, што ўпершыню ў жыцці апынуўся ў такой сітуацыі, і назваў гэта «бясконцым сорамам»
Судовае пасяджэнне доўжылася амаль месяц. Сяргей Семіжон часткова прызнаў сваю віну, не адмаўляў, што браў хабар, але настойваў: яшчэ падчас папярэдняга расследавання намеснік галоўнага лекара медцэнтру МТЗ пагасіў шкоду, ён вярнуў 28 тысяч долараў, якія ён атрымаў у якасці хабару.
Падтрымаць Сяргея Семіжона на абвяшчэнні прысуду прыйшлі яго родныя і блізкія. У судзе ў якасці сведак выступалі былыя падначаленыя Семіжона. Яны распавялі, што пры ім стаў вышэйшым заробак, а цэнтр пачаў закупляць сучаснае абсталяванне. Пасля затрымання намесніка галоўнага лекара супрацоўнікі сталі звальняцца.
Пракурор Жанна Баранава прасіла суд прызнаць лекара вінаватым і прысудзіць да 7,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Суд абвясціў прысуд: Семіжон прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і асуджаны да 7,5 года пазбаўлення волі.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Па рашэнні суда, у казну дзяржавы будуць пералічаныя ўсе грошы, якія паступілі на рахунак КДБ ад сям’і Семіжона:
- 26 915 долараў, 790 еўра, 428 рублёў.
- Пад арыштам застаюцца 100 даляраў, дом у вёсцы, два гаражы ў Мінску і Mercedes 2007 года выпуску.
svaboda.org