«Чаму ж для выканання самых гнюсных задум вышэйшае начальства выбрала менавіта яго?»

Інфаказачка Бондарава, прапагандыст Азаронак… Што агульнага ў іх з Рымскай імперыяй, пра якую так часта думаюць мужчыны? Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» ў паштальёнаў выходны распавядае гісторыю пра нялёгкі лёс даносчыка.

donosczik._stukaczestvo_delo_blahoe_.jpg

У свой час Публій Суілій Руф быў вельмі знакаміты. Нельга сказаць, што гэта была такая вядомасць, якой прыстойны чалавек стаў бы ганарыцца. Але Суілій ганарыўся. Падчас кіравання імператара Клаўдзія ён быў самым вядомым рымскім даносчыкам. Абсалютна бессаромным і зусім бязлітасным.

Сваімі пераследамі і пастаяннымі публічнымі даносамі Суілій давёў да самагубства стрыечную сястру імператара. Па яго даносе рымскі вершнік Пётр быў прысуджаны да смерці за тое, што ён убачыў у сне смерць дзеючага імператара.

Не грэбаваў Суілій і пабочнымі заробкамі, звязанымі з нялёгкім рамяством даносчыка. Рымскі вершнік Самій заплаціў знакамітаму даносчыку 400 тысяч сестэрцыяў за спыненне пераследу. Як сумленны, непадкупны чалавек, Суілій узяў грошы і тут жа выступіў з новымі абвінавачаннямі. У роспачы Самій пакончыў з сабой прама ў доме даносчыка.

Як ты разумееш, сваёй дзейнасці пасля гэтага выпадку Суілій не спыніў. Дакладную колькасць яго ахвяр ніхто не падлічыў. Некаторыя кажуць «аб арміі» рымскіх грамадзян, якія так ці інакш пацярпелі ад знакамітага даносчыка.

А потым імператар Клаўдзій паеў атрутных грыбоў, якімі яго пачаставала чарговая любячая жонка, і сканаў. Новым імператарам стаў яго прыёмны сын Нерон Клаўдзій Цэзар Аўгуст Германік.

Нельга сказаць, каб імператар Нерон быў узорам гуманізму і чалавекалюбства. Вось зусім наадварот. Але ўступіўшы на пасаду новаму імператару трэба было ўсё ж такі адхрысціцца ад памылак ранейшага праўлення і пакараць тых, хто быў вінаваты ў асобных перагінах на месцах.

Ну і, як ты разумееш, лепшай кандыдатуры, чым Публій Суілій Руф, было не знайсці. Самы знакаміты даносчык Рыма быў ідэальным казлом адпушчэння.

Паколькі абвергнуць свае злачынствы супраць рымскіх грамадзян Суілій ніяк не мог, то ён абраў адзіную даступную для сябе лінію абароны. Ён заявіў, што не вінаваты. Што ён усяго толькі выконваў указанні вышэйстаячага начальства: імператара Клаўдзія і яго жонкі Месаліны.

У адказ на гэта абвінаваўца слушна пацікавіўся, чаму ж для выканання самых гнюсных задум вышэйшае начальства выбрала менавіта Суілія, а не каго-небудзь іншага. І навошта Суілій выконваў волю вышэйстаячага начальства з такой стараннасцю.

Увогуле абарона не дапамагла. Суілій быў прызнаны вінаватым у шматлікіх злачынствах супраць рымскіх грамадзян. Яго нажытая непасільнай працай маёмасць была канфіскаваная на карысць імператарскай казны. Самога Суілія выправілі ў пажыццёвую ссылку на Балеарскія выспы.

Курорту Ібіца ў той час яшчэ не існавала, а Балеарскія выспы лічыліся зусім гіблым месцам для цывілізаванага рымскага грамадзяніна...

Глядзіце таксама