Цімафей Акудовіч: Мы перажываем моцнае перафарматаванне грамадства, самой ідэі Беларусі

Гісторык Цімафей Акудовіч на R*eform разважае пра перспектывы грамадзянскай супольнасці нашай краіны. 

3_5_2.jpg


Гісторык-папулярызатар, экскурсавод, грамадскі актывіст Цімафей Акудовіч — ініцыятар вялікай колькасці праектаў. Ён кіраўнік платформы анлайн-гутарак «Вольная мова», праекта «Магістраты культуры» і вядучы тэлеграм-канала пра беларускую гісторыю ў незвычайных ракурсах «Беларускі Бабілон», перадачы «Вусы Скарыны». Аўтар блога «Менскі Час». У 2009–2018 быў каардынатарам «Фэсту экскурсаводаў», а ў 2015–2018 — праекта папулярызацыі традыцыйных танцаў «Свае Танцы».


«Калі такое было?»


— Цімафей, падставай для нашай гутаркі стаўся ваш допіс у сацсетках пра тое, што наша сітуацыя «ўсё больш пачынае нагадваць пачатак ХХ стагоддзя, калі беларусы за дзесяць год зрабілі такі рывок у фармаванні нацыі, што мала каму снілася. Але на фоне Першай сусветнай і распаду імперый, гэту дынаміку мала хто заўважыў і мала хто захацеў ацаніць. Зрэшты, тады ўсё ж атрымалася нешта ўзяць. Мусіць атрымацца і цяпер. Галоўнае заставацца ўпартымі і зноўку стаць нечаканымі».
– Сапраўды, я бачу падабенства з пачаткам ХХ стагоддзя, бо тады, пасля 1905 года, беларуская справа імкліва пашыралася. І моцна паскорылася, калі пачалася Першая сусветная вайна. Аднак гэту дынаміку было складана ацаніць на фоне глабальных сусветных змен.
Сёння мы таксама перажываем моцнае перафарматаванне грамадства, самой ідэі Беларусі. Але ў 2020 годзе гэты працэс адбываўся на вачах у здзіўленага свету. А цяпер, калі грымнула вайна ва Украіне, наша відазмяненне стала мала каму цікавае, нават адбыўся адкат — нас зноўку пачалі атаясамліваць з Лукашэнкам. Хоць самі змены ідуць. І яны нават больш радыкальныя, чым было да вайны. Сапраўдныя беларускія вайсковыя фармаванні, сапраўдныя беларускія партызаны. Калі такое было? Беларускае грамадства мяняецца. Але ўсё гэта зноўку адбываецца ў цені вялікай вайны.
— Што вы разумееце пад фразай «перафарматаванне самой ідэі Беларусі»?
— Любое грамадства мяняецца пастаянна. Аднак 2020 год вельмі моцна паскорыў гэтыя працэсы, а 2022 год — радыкалізаваў. Частка беларускага грамадства вучыцца жыць за мяжой, частка вучыцца жыць пад акупацыяй. І ўсе мы мусім рэагаваць на нечаканы для нас статус суагрэсара. А калі беларусаў апошні час абвінавачвалі ў агрэсіі? Увесь гэты вопыт вядзе да незваротных змен, да пераасэнсавання краіны. Мы больш не можам быць краінай хобітаў, як нас успрымалі доўгі час. Мусім быць іншымі. А якімі – пакуль няясна, бо якраз знаходзімся ўнутры гэтага працэсу…
– Вы пазітыўна ацанілі канферэнцыю «Новая Беларусь» у Вільні з прычыны таго, што цяпер у нас ёсць дзясяткі актараў, якія маюць свае структуры, сваю аўдыторыю, свае бюджэты і вопыт работы. І нават тое, што яны паміж сабой сварацца, дадае дынамікі, за якой мае сэнс назіраць. І вось гэты пазітыў — і зусім не з нагоды канферэнцыі, а з іншых прычын – я назіраю не толькі ў вас. Многія сталі нагадваць, што кола гісторыі непазбежна рухаецца ў спрыяльным для нас і вельмі лагічным кірунку…
— Сваім допісам я звяртаю ўвагу на адну рэч, якую з-за вялікай колькасці інфармацыі мала хто заўважае, — на дынаміку.
Па зразумелых прычынах адказ на пытанне «Калі ж будзе вызваленая Беларусь?» усе шукаюць у навінах. Што і дзе адбылося?
Але ніякі збег падзей не выратуе Беларусь і не знішчыць яе, бо ўладу ў Беларусі трымае чалавек, які мае пад сваім кантролем пэўны набор інстытутаў, сабраных у сістэму. Пераможа яго толькі іншы набор інстытутаў, сабраных у сістэму.
Канферэнцыя «Новая Беларусь» якраз аб’яднала большасць нашых інстытуцый разам і паказала, што яны могуць каардынавацца.Вынік тут як заўсёды ацэньваецца традыцыйнай шклянкай, напалову запоўненай вадой.
З пазіцыі песіміста можна сказаць, што нашых інстытуцый крытычна мала ў параўнанні з беларускім дзяржаўным апаратам. Проста непараўнальна.
З пазіцыі аптыміста бачна, што тых інстытуцый, якія сабраліся цяпер у Вільні, два гады таму яшчэ не было. А цяпер ёсць і палітыка, і дыпламатыя, і культура, і сацыяльная сфера, і сілавы блок. Фантастычны рост за два гады.
Таму вельмі важна сачыць за гэтай дынамікай, бо што б не адбывалася ў свеце, калідор нашых магчымасцяў залежыць ад развітасці нашых інстытутаў.

«Без рэсурсаў, але і без баласту папярэдніх практык»

– На канферэнцыі выступаў Павел Лібер, які расказваў пра праект лічбавай Беларусі. Мяркую, гэта вельмі ператасоўвае ўсе карты, усе расклады, бо ў руках грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца зусім іншыя інструменты, якія ўявіць нават было немагчыма сто гадоў таму… Што можа змяніць у нашай сітуацыі гэтая лічбавая дзяржава?
– Мне не вельмі падабаецца гэтае супрацьпастаўленне лічбавай і нялічбавай дзяржаў. Усе дзяржавы цяпер лічбавыя. І Беларусь у тым ліку. Пытанне ў эфектыўнасці. Сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць пабудовы новых, больш хуткіх інструментаў выстаўлення грамадствам замовы і атрымання справаздач. Чым больш эфектыўныя гэтыя інструменты, тым лепш працуе грамадства / дзяржава. Проста ў еўрапейскіх краінах гэтая дзіджыталізацыя ідзе павольна, бо сутыкаецца з інертным дзяржаўным механізмам. А беларусы пастаўленыя ва ўнікальныя ўмовы, калі мусяць сістэму будаваць з нуля, без дзяржавы. Гэта значыць без рэсурсаў, але і без баласту папярэдніх практык. Гэта наш шанц. А вось скарыстаемся мы, ці не спужаемся — пакажа час.

Адзін з праектаў Паўла Лібера By_Mapka — карта паслуг ад беларусаў па ўсім свеце.

Адзін з праектаў Паўла Лібера By_Mapka — карта паслуг ад беларусаў па ўсім свеце.

– Моцныя гарызантальныя сувязі – яшчэ адна перавага грамадзянскай супольнасці. Нядаўна вы ініцыявалі праект «Магістраты культуры», мэта якога — стварыць сетку культурных менеджараў у замежжы, зыходзячы з запытаў беларусаў на месцах. Можна сказаць, што гэта такі вывернуты вонкі краўдфандынг. Як тэхнічна вы збіраецеся яго рэалізаваць? Лічбавыя інструменты, прапанаваныя Паўлам Ліберам, відавочна, якраз той інструмент, які вам патрэбны…
— Краўдфандынг у нейкія моманты — суперэфектыўны, а дзесьці барахліць. «Магістраты культуры» — гэта вывернуты вонкі краўдфандынг, бо мы распрацоўваем такі механізм, які дазваляў бы дамаўляцца і фармаваць агульную замову, а пасля скідвацца на запрашэнне менеджара.

Зразумелая сума, зразумелы перыяд, зразумелы «віш-ліст», зразумелы вынік, які можна памераць.
Аднак наш праект – гэта не гатовае рашэнне, а спроба знайсці такое рашэнне. Тэхнічна мы прадумалі некалькі механік, якія хочам паспрабаваць. І будзем глядзець, якая лепш працуе. На праект Паўла Лібера мы вельмі разлічваем і чакаем яго, бо гледзячы па прэзентацыях, там будуць амаль што ўсе патрэбныя нам механікі.
— Разважаючы пра наш зменлівы час, пра перспектывы грамадзянскай супольнасці, мы знаходзім паралелі і падтрымку ў падзеях пачатку ХХ стагоддзя. Аднак, калі мы назіраем за ўладай, то згадваюцца выключна 1930-я. Увогуле, забаўна за імі было б назіраць, каб гэта не было так сумна. Чыноўнікі рэгулярна «праколваюцца», паказваючы свае слабыя месцы. Напрыклад, у сферы ідэй, прапагандзе… Што яны могуць тут прапанаваць, акрамя інструментаў гвалту? Так, нядаўна адзін намеснік міністра сказаў, што небяспеку для дзяржавы цяпер уяўляюць тыя пяць працэнтаў людзей, якія чытаюць кнігі. Ад іх уся смута і ідзе. І кнігі пачалі закопваць экскаватарам…
– Кнігі маюць доўгатэрміновы эфект. Пакуль усё спакойна, то на іх распаўсюд мала хто звяртае ўвагі. На што ўплываюць пакуты Ганны ля печкі ці Андруся з мятлой у тэатральным двары? Гэта гульні інтэлігенцыі. А калі хруснула, то ўсім, нават вельмі недалёкім чыноўнікам, становіцца зразумела, што на паводзіны людзей моцна ўплывае сукупнасць прачытаных імі кніг. Тады бягуць паліць заднім чыслом.
Цяпер параіць чалавеку добрую кнігу і дабіцца таго, каб ён яе прачытаў — гэта як варожы танк падбіць. Можна на касяку дзвярэй зорачкі выразаць за кожнае прачытанне.
Таму на вайне як на вайне — варта біць па ўсіх франтах цемрашальства.
І ў нас на гэтым полі магчымасцей значна больш, чым у таго боку.
Проста не трэба баяцца маштабных праектаў.
reform.news