Ці з’явяцца ў Беларусі падставы для паўтарэння «прыгожынскага путчу»?
Намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, які ў 2020 годзе бегаў па Мінску і разбіваў шыбы «варожых» кавярняў, плануе дамагацца, каб унутраныя войскі былі выдзеленыя ў асобную сілавую структуру. Кшталту Расгвардыі ў Расіі.
«Наша Ніва» са спасылкай на крыніцы ўнутры МУС паведамляе, што менавіта Карпянкоў спрабуе пралабіраваць «рэформу», мэта якой — вылучэнне ўнутраных войскаў у асобную структуру. Цяпер унутраныя войскі існуюць у сістэме МУС у выглядзе Галоўнага ўпраўлення, сам Мікалай Карпянкоў — толькі намеснік міністра. Ягоная ж «рэформа» падвысіць ягоны статус да міністра, і дазволіць разлічваць на самастойны бюджэт.
Асабісты інтарэс Карпянкова відавочны. Засталося самае малое — пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці такой «рэформы».
Наколькі рэалістычныя пражэкты Карпянкова? Пра гэта BGmedia пагутарыла з Аляксандрам Казаком, спецыялістам у пытаннях бяспекі.
— Наяўнасць планаў не азначае іх рэалізацыю, хаця цалкам верагодна, што ў МУС сапраўды разглядаюць верагоднасць вылучэння ўнутраных войскаў у асобную структуру. Навошта — мне не да канца зразумела. Магчыма, гаворка ідзе пра трэнды «а-ля саюзная інтэграцыя» — кшталту таго, што цяпер адбываецца з агульнымі беларуска-расійскімі падручнікамі па гісторыі, іншымі інтэграцыйнымі праектамі. Цалкам магчыма, што вылучэнне ўнутраных войскаў у асобную структуру цалкам абумоўлена «саюзнымі» інтарэсамі.
Але прашу не разганяць паніку з-за маіх слоў пра інтэграцыйныя працэсы. Зараз няма дастатковых падстаў так сцвярджаць, хаця як адно з абгрунтаванняў агучаных планаў мае права на жыццё.
Што да планаў асобнай структуры «а-ля нацгвардыі», то я не бачу дастатковых абгрунтаванняў для яе стварэння ў такой краіне, як Беларусь. Гэта той выпадак, калі рэжым не можа справіцца з існуючымі праблемамі, і заместа іх вырашэння стварае сабе дадатковую праблему.
— Навошта ў сістэме сілавых структураў дадатковы гулец? Дадатковы гулец на полі, ужо перапоўненым гульцамі, стварае толькі новыя праблемы.
— Безумоўна, з’яўленне новага іграка азначае дадатковыя выдаткі, дадатковыя праблемы і рызыкі. Я не надта разумею, навошта рэжыму дадатковы галаўны боль.
— Ці маглі ў Карпянкова сапраўды вырасці такія апетыты? Што іх падпітвае?
— У Карпянкова канешне ўзнікаюць такія думкі: выслужыцца, уплываць на агульную машыну страху. Відавочна, ён грае на эмоцыях Лукашэнкі, на ягоных страхах: «кругом враги, везде проблемы». Напэўна, ігра на страхах дазваляе атрымаць нешта большае, лепшае, хутчэй. Але пытанне ў тым, ці прыме і заглыне гэтую нажыўку Лукашэнка? У мяне мора пытанняў і сумненняў.
— Дагэтуль Лукашэнка кантраляваў сілавы блок…
— Так, Лукашэнка кантраляваў сілавыя структуры. Але давайце не забывацца на тое, што Лукашэнка, сярод іншага, імкнецца падграбаць пад сябе пытанні бяспекі, войска, пытанні міліцыі і іншых падобных структураў, грэбуючы эканомікай і гаспадаркай. Мы бачым, што роля Лукашэнкі ў гаспадарцы істотна змяншаецца, але відавочна павялічваецца ягоная роля ў сілавым блоку. Гэта заўважаецца па ягоных выказваннях, актыўнасцях і актыўным пашырэнні сярод вайскоўцаў «вагнераўскай» ідэі. Мы рэгулярна чытаем і чуем, што «вагнераўцы» трэніруюць гэтых, «вагнераўцы» вучаць тых, літаральна днямі прайшла інфармацыя, што «вагнераўцы» трэніравалі беларускіх снайпераў…
— Ці не сведчыць «вагнерызацыя» сілавых структур пра тое, што кантроль над сілавым блокам паціхеньку сплывае з лукашэнкаўскіх рук?
— Я б не казаў менавіта так, прынамсі, на гэтым этапе. Відавочна, што «вагнераўцаў» нібыта імкнуцца інтэграваць у беларускае войска. Але разам з тым іх намагаюцца інтэграваць не на кіруючыя пасады, а ў якасці трэнераў. У Беларусі да гэтага часу па сутнасці не было сучасных інструктараў; інструктарамі працавалі людзі, якія прайшлі праз Чачню, праз Афган, але гэта, даруйце, ужо ўчорашні дзень. Таму скарыстацца «вагнераўцамі», якія набылі баявы досвед на сучаснай вайне, ва Украіне, абсалютна лагічнае рашэнне і, з пункту гледжання рэжыму, правільнае рашэнне. Да такой ступені, што дурасцю было б не скарыстацца такой магчымасцю.
Але «вагнераўцаў» трымаюць на вялікай дыстанцыі ад кіруючых пасадаў, хутчэй за ўсё, за імі пільна сочаць і трымаюць пад каўпаком, каб не дапусціць нават перадумоў для паўтарэння «прыгожынскага путчу», але цяпер ужо ў Беларусі. Хаця «прыгожынскі путч» меў пад сабой рэальныя падставы, рэальную агрэсію і патэнцыйных выканаўцаў.
Зараз няма падстаў для паўтарэння «прыгожынскага мецяжу» ў Беларусі.
— Пасля падзеяў 2020 года Карпянкоў выйшаў на першыя ролі ў публічнай сферы. Як гэта можна патлумачыць?
— Я не магу цяпер сказаць, як павелічэнне ролі Карпянкова можа адбіцца на палітычнай сітуацыі ў краіне. Адзінае, што можна з упэўненасцю сказаць, гэта можа аўкнуцца беларускаму рэжыму. Мы бачым, як узмацняецца роля сілавога складніка ў сістэме ўлады, што можа вельмі негатыўна паўплываць на Беларусь у перспектыве. Бо вельмі часта такія працэсы маюць дзіўную ўласцівасць схлопвання: і калі вайскоўцы ці сілавыя структуры набываюць неабмежаваную ўладу, гэта можа выклікаць незадаволенасць іншых уладных кланаў і эрозію ўнутры самой сістэмы.
— То бок, неапраўданае ўзвышэнне сілавога блока можа прывесці да трансфармацыі аўтарытарнай сістэмы ў ваенную хунту?
— Я не буду настолькі ўпэўнена казаць пра ваенную хунту. Гістарычны вопыт сведчыць, што такія працэсы могуць закончыцца ўсталяваннем ваеннай хунты, але гэта зусім не азначае, што да ваеннай хунты дойдзе ў Беларусі. Аднак, паўтаруся, такія рызыкі нельга скідваць з рахункаў.