Ці выпадкова перабоі з мабільнай сувяззю «супадаюць» з масавымі акцыямі пратэсту

Дзясяткі мінчукоў 25 сакавіка звярталіся ў цэнтры падтрымкі абанентаў «Вэлком» у Мінску. Ім, як пад пласцінку, адказвалі: «Верагодна, у вас праблемы з сім-картай». Дзіўна, але гэтыя праблемы «рассмакталіся» праз некалькі гадзін...



zabaronena_2.jpg

25 сакавіка пад час святкавання Дня Волі сотні ўдзельнікаў мітынгу і святочнага канцэрту на пляцоўцы каля Опернага тэатра ў Мінску скардзіліся на дрэнную якасць сувязі мабільных аператараў.

Журналісты, якія працавалі там, не маглі перадаць у рэдакцыі фотаздымкі і відэасюжэты. Найбольшыя нараканні гучэлі на адрас аператара Velcom. Сувязь дрэнна працавала таксама на плошчы Якуба Коласа і некаторых іншых месцах. Так, адсутнасць сувязі і інтэрнэту адзначалася ў квартале, дзе жыве палітык Мікалай Статкевіч.

Па гэтаму факту жонка палітыка Марына Адамовіч пры дапамозе праваабаронцаў ПЦ "Вясна" накіравала скаргі ў Аператыўна-аналітычны цэнтр, у кампанію “Вэлком” і ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

У скаргах Марына Адамовіч тлумачыла, што 25 сакавіка з 10-00 да 13 гадзін у яе, у членаў яе сям'і і суседзяў па вуліцы Юбілейнай у Мінску не працавала мабільная і стацыянарная сувязь, быў адключаны інтэрнэт і wi-fi. Да таго ж, мабільная сувязь не аднаўлялася на працягу пазначанага часу нават пры знаходжанні ў іншых раёнах горада.

Пры звароце да аператара мабільнай сувязі Velcom супрацоўнікі кампаніі адказвалі: "Гэта ў Вас нешта з SIM-картай". Але пасля 13 гадзін сувязь аднавілася ў поўным аб'ёме.

Марына Адамовіч адзначае ў скарзе, што ў звязку з гэтым, немагчыма было звязацца з міліцыяй і хуткай дапамогай, вырашыць іншыя неадкладныя пытанні. Паколькі Марына Адамовіч доўгі час і ў поўным аб'ёме аплочвае паслугі электрасувязі, просіць правесці праверку па выкладзеных ёй фактах і прыцягнуць вінаватых да ўсталяванай заканадаўствам адказнасці за невыкананне сваіх службовых абавязкаў.

Першым адказ прыйшоў з ААЦ пры Адміністрацыі прэзідэнта, падпісаны намеснікам начальніка Цэнтра К. Шульганом. У ім паведамляецца, што ў звароце адсутнічаюць пытанні, рашэнне якіх адносіцца да кампетэнцыі ААЦ.

Дадаткова паведамляецца, што скарга перанакіраваная ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі згодна з пералікам дзяржаўных органаў, адказных за разгляд зваротаў па пытаннях аказання паслуг сувязі, у тым ліку электрасувязі.

У адказе з Унітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг "Вэлком" за подпісам в.а. начальніка ўпраўлення абаненцкага абслугоўвання С.А. Радзівонавай паведамляецца наступнае:

“Праведзены на базавых станцыях прадпрыемства, якія абслугоўваюць Мінск і ў прыватнасці, вул. Юбілейную, аналіз статыстыкі не выявіў збояў у іх працы, здольных у значнай ступені паўплываць на сувязь. Планавыя і пазапланавыя мерапрыемствы на абсталяванні кампаніі у згаданы час не праводзіліся”

Ды і ўвогуле, як вынікае з ліста кампаніі, яны не нясуць аніякай адказнасці за часовыя збоі ў працы сеткі сувязі да 48 гадзін. Пра што тут тады казаць!

Больш разгорнуты адказ быў дадзены першым намеснікам Міністра сувязі і інфармацыі Д. Шэдко, але і ён, па сутнасці, адмаўляе якія-небудзь перабоі з сувяззю на Дзень Волі, 25 сакавіка. Так, у адказе Міністэрства сувязі і інфармацыі паведамляецца, што па абслугоўванню стацыянарнай сувязі якіх-небудзь зваротаў у службу тэхнічнай падтрымкі «123», у тым ліку па пытанні якасці прадастаўлення паслуг тэлефоннай сувязі ад М. Адамовіч, не зарэгістравана.

Дадаткова інфармуецца аб тым, што спецыялістамі РУП "Белтэлекам" праведзена тэсціраванне на АТС абаненцкага камплекту. Тэсціраванне прайшло паспяхова. Таксама выраблена тэсціраванне параметраў абаненцкай лініі. Пры тэсціраванні параметры абаненцкай лініі адпавядалі норме. Рамонтна-тэхнічных і рамонтна-аднаўленчых работ 25 сакавіка на лініі не праводзілася.

Такім чынам, высветліць, хто і як “глушыў” мабільную сувязь 25 сакавіка пакуль не ўдалося. А што сувязь “глушылася” — сведчаць дзясяткі мінчукоў, якія ў той дзень звярталіся ў цэнтры падтрымкі абанентаў аператара “Вэлком” у Мінску. Ім, як пад пласцінку, адказвалі: “Верагодна, у Вас праблемы з сім-картай”. Дзіўна, але гэтыя праблемы “рассмакталіся” праз некалькі гадзін, у другой палове дня.

Фота realgazeta.com.ua

Фота realgazeta.com.ua

Праваабаронцы адзначаюць, што падобныя правалы ў працы мабільнай сувязі часта “супадаюць” з масавымі акцыямі пратэсту, альбо іншымі несанкцыянаванымі дзеяннямі.

Так, яшчэ ў 2001 годзе назіральнікі грамадскай ініцыятывы "Незалежнае назіранне" на прэзідэнцкіх выбарах вымушаныя былі працаваць у экстрэмальных умовах, паколькі адначасова былі адключаныя хатнія тэлефоны шэрагу назіральнікаў у Менску, Віцебску, Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнах краіны. У дзень выбараў цалкам была блакаваная сувязь у прэс-цэнтры незалежнага назірання.

Таксама падчас абвяшчэння прысуду Канавалаву і Кавалёву ў 2011 годзе была заблакаваная мабільная сувязь у Доме правасуддзя на вуліцы Сямашкі, дзе адбываўся працэс.

Глушылася мабільная сувязь і ў іншых выпадках, напрыклад, пры затрыманні фігурантаў «справы графіцістаў» у 2017 годзе.

Усе гэтыя і іншыя выпадкі наводзяць на сумны роздум: перашкоды ў карыстанні мабільнай сувяззю для абанентаў — не тэхнічныя праблемы, а хутчэй палітычныя.  

 spring96.org