Былы расійскі вайсковец расказаў, як абстрэльваў Украіну з Беларусі

Каміль служыў кантрактнікам у ракетнай частцы ва Улан-Удэ. У канцы 2021 года яго падраздзяленне адправілася на вучэнні ў Беларусь. У 5 гадзін раніцы 24 лютага 2022 года ён пабачыў першы пуск ракеты, якая паляцела ў бок Украіны.

Пуск ракеты "Іскандэр". Фота з discover24.ru

Пуск ракеты "Іскандэр". Фота з discover24.ru

«Новая газета Еўропа» знайшла былога вайскоўца ў Казахстане. Ён дэзерціраваў з расійскай арміі і распавёў, як і чаму адважыўся на пакіданне службы, і што ён думае пра вайну ва Украіне.

Вучэнні ў Беларусі

Я рос у сям'і міліцыянта. Вучыўся ў школе, паступіў на дызайнера. Потым трэба было ісці ў войска. Я выбраў кантрактную службу з-за грошай. У мяне была магчымасць выбіраць тую частку, у якой я буду служыць.

У канцы 2021 года мы адправіліся з Улан-Удэ на вучэнні ў Беларусь. Хадзілі чуткі сярод салдат і афіцэраў, што мы едзем на вайну. Абмяркоўвалі, што там нешта на мяжы намячаецца. Хутчэй за ўсё, могуць быць нейкія ўзброеныя сутыкненні, і ўсім трэба быць да гэтага гатовымі. Спыталі: ну, чыста маральна, ты зможаш узяць удзел ва ўзброеным канфлікце?

Мы прыехалі ў Беларусь, але фактычна мы не бралі ўдзелу ў якіх-небудзь вучэннях. Мы разгарнулі лагер на тэрыторыі беларускага артылерыйскага палігона і проста там знаходзіліся цэлы месяц. Па сваіх службовых абавязках я не працаваў, займаўся тым, што вартаваў тэхніку.

Раніцай 24 лютага ў 5 раніцы быў выкананы першы пуск.

Усе вакол афарбавалася ў чырвоны колер. Ракета ўзляцела ўверх і паляцела кудысьці на поўдзень. Да мяне прыйшоў чалавек, які мяне павінен быў змяніць на дзяжурстве. Сказаў, што пачалася вайна.

Я крыху ў ступары знаходзіўся першыя дні, таму, што я не верыў у магчымасць вайны. І ў прынцыпе для мяне, вядома, гэта было шокам.

Усе вайскоўцы атрымлівалі інфармацыю з нейкіх афіцыйных і каляафіцыйных крыніц. Гаварылася, што мы паспяхова прайшлі мяжу — прытым, не прабіліся, не захапілі нешта паспяхова, а проста прайшлі. І, умоўна кажучы, чакаем, пакуль кіеўская ўлада здасца.

Калегі, зразумела, усю гэтую справу ахвотна падтрымлівалі і падзялялі. Нейкія злачынствы, нейкія магчымыя памылкі не абмяркоўваліся ў прынцыпе. Абмяркоўваліся толькі поспехі, што, маўляў, мы за першыя тыдні «пагасілі» ўсе ўстаноўкі СПА ўкраінскія, усе іх стратэгічна важныя ваенныя аб'екты.

Што тычыцца фота разбураных гарадоў, калегі казалі, што, маўляў, гэта кіеўская ўлада зрабіла. Калі я ўбачыў наступствы абстрэлаў, то яшчэ больш жахнуўся, таму што зразумеў: я літаральна саўдзельнік гэтых злачынстваў.

Аператарскай працай — па сутнасці, маёй працай, — займаўся начальнік разліку. Ну, што тычыцца нашай брыгады, у нас, атрымліваецца, было каля 15 пускавых установак. Мы выпусцілі каля 80-90 ракет за ўвесь час.

Глядзіце таксама

Адпачынак і спатканне з роднымі ў Цюмені

Пасля паўгода знаходжання ў Беларусі нас без якіх-небудзь праблем адпусцілі ў адпачынак. Паехаў у Цюмень пабачыцца з роднымі. На той момант я зразумеў, што мне ў Беларусь дакладна вяртацца нельга. Тым больш, мне трэба нейкім чынам пакінуць шэрагі Узброеных Сіл. А ў верасні ўжо пачалася мабілізацыя, і па законе аб ваенным часе, у рамках мабілізацыйнай падрыхтоўкі, вайскоўцам забараняецца пакідаць узброеныя сілы.

Маці казала, што не трэба было мне на кантракт ісці. У брата была больш канкрэтная пазіцыя, ён быў супраць вайны. Мы з ім абмяркоўвалі ўсё гэта.

У мяне быў допуск да сакрэтнай інфармацыі. Нельга было проста так узяць, сабрацца і кудысьці паехаць. І я зразумеў, што калі я наўпрост з Цюмені рушу ў Казахстан, то мяне могуць спыніць на мяжы і проста арыштаваць.

Брат мне скінуў спасылку на арганізацыю «Ідзіце лесам». Яны мне патлумачылі, што я магу і без якіх-небудзь перашкод выехаць з Расіі ў Беларусь, а потым ужо з Беларусі ў Казахстан.

Ці было мне страшна? Ну, не тое каб страшна. Было такое смутнае адчуванне невядомасці. Таму што збегчы — гэта ўсё ж азначала ўзбуджэнне крымінальнай справы. Самае галоўнае, што мяне турбавала і чаму я пакутаваў, — гэта нават не думка аб расстанні са сваімі сябрамі, з роднымі, а думка пра тое, што я, як і многія іншыя, нічога не змог зрабіць, я апынуўся бездапаможны ў набліжэнні заканчэння вайны.

Глядзіце таксама

Уцёкі

У Смаленску я сеў на электрычку і проста даехаў да Мінска. Калі я ўжо сядаў на самалёт, там ужо мяне правяралі мытнікі беларускія, нешта там выглядвалі. Магчыма, іх збянтэжыла тое, што ў мяне была прапіска па вайсковай частцы ва Улан-Удэ, але тым не менш мяне прапусцілі.

У Астане я зразумеў, што вольны. Гэта значыць як мінімум расійскія турэмныя засценкі мне ўжо не пагражаюць. Я не змагу вярнуцца датуль, пакуль гэтая пуцінская ўлада не ўпадзе, і пакуль не абвесціць амністыю.

Я не падтрымліваю кантактаў з калегамі. Я не ведаю, што яны кажуць пра мяне. Якая рэакцыя? Я выдатна разумею, што, паводле расійскага закона з'яўляюся здраднікам. Я гэта ўсё ведаў перад тым, як дзейнічаць, зразумела.

А што такое расійскі закон наогул? Ён легітымны? Ну, пытанне рытарычнае. Наколькі я ведаю, пакуль што крымінальная справа на мяне не ўзбуджаная. Я нават атрымліваў «крайнюю» зарплату.

Я працую па спецыяльнасці, графічным дызайнерам у друкарні. Што са мной будзе? Ды нічога такога экстраардынарнага са мной не будзе. Буду тут неяк жыць. А што да таварышаў па службе маіх, калі яны не змогуць пакінуць войска, то іх лёс вельмі нявызначаны і вельмі незайздросны. Доўгія гады нас падманвалі. Нас напампоўвалі фашысцкімі чалавеканенавісніцкімі ідэямі. Я ім пажадаю вярнуцца да нейкага нармальнага чалавечага жыцця.

Ну а расійцам у цэлым я б сказаў так: цяпер, мабыць, адзіная магчымасць наблізіць нашу светлую будучыню — гэта аб'ядноўвацца.