Былога ідэолага Гомеля адправілі ў калонію за хабар
Сёння суд вынес прысуды за карупцыю былой начальніцы ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Кацярыне Дзегцяровай і заснавальніку гомельскага прадзюсарскага рэкламнага цэнтра «Арт Ворк» Яўгену Кірыла.
Дзегцяровай прызначылі пакаранне ў 4 з паловай года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 350 базавых (10 150 рублёў), Кірыла атрымаў штраф у 500 б.в. (14,5 тыс. рублёў).
Пачуўшы прысуд, Кацярына Дзегцярова расплакалася.
У жанчыны ёсць пяцігадовая дачка.
Пракурор, нагадаем, прасіў для экс-чыноўніцы пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі, для Кірыла — штраф у 1 тыс. базавых (29 тысяч рублёў).
Начальніцу ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама 36-гадовую Кацярыну Дзегцярову затрымалі ў сярэдзіне сакавіка мінулага года.
Па версіі следства, яна, з'яўляючыся дзяржслужачай, брала хабары, пачынаючы з верасня 2014 года па сакавік 2020-га. Грошы нібыта атрымлівала ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў, у якасці ўзнагароды за перамогу ў конкурсных таргах і своечасовую аплату па дамове.
У справе каля дзесяці эпізодаў. У іх фігуруюць канцэрты расійскіх зорак Стаса Міхайлава, Стаса П'ехі, Сафіі Ратару, Крысціны Арбакайтэ, Валерыі, Алега Газманава і іншых расійскіх зорак, а таксама тых, хто гэтыя канцэрты арганізоўваў — прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Арт-Канцэрт», расійскае ТАА «Экспарт М'юзік»і гомельскі прадзюсерскі рэкламны цэнтр «Арт Ворк». Менавіта іх прадстаўнікі, па версіі следства, давалі хабары Дзегцяровай за «спрыяльнае рашэнне пытанняў». Але абвінавачаны па справе ў судзе толькі адзін з іх — заснавальнік гомельскага прадзюсерскага рэкламнага цэнтра «Арт Ворк» Яўген Кірыла.
Усяго экс-чыноўніца, на думку следства, прыняла ад прыватных асоб каля чатырох тысяч долараў плюс падарункі ў выглядзе смарт-гадзінніка і планшэта.
І Дзегцярова, і Кірыла віну прызналі цалкам. У абодвух былі яўкі з пакаяннем і чыстасардэчнае прызнанне.
tut.by