Беларускія памежнікі не пусцілі ў краіну ўкраінскую экалагічную актывістку

Юлія Маклюк ехала ў Мінск для ўдзелу ў Міжнародным форуме валанцёраў і прыхільнікаў "На твоей стороне", арганізатарам якога выступіла "Зялёная сетка".

juliya.jpg


Экалагічную актывістку і трэнерку знялі з начнога цягніку Кіеў-Мінск.
Вось што распавядае сама Юлія:
"Звярталіся ветліва, прэтэнзій няма. Аднак прычыну адмовы не растлумачылі, толькі паставілі штамп у пашпарце: "Уезд забаронены". Без паняцця, з чым гэта звязана. Магчыма, з актывізмам, але сцвярджаць не магу".
На колькі актывістцы забаранілі ўезд у Беларусі, памежнікі не паяснілі. На форуме Юлія мусіла правесці трэнінг па выгаранню ў актывісцкім асяроддзі.
Учора таксама стала вядома аб масавай забароне на ў'езд у Польшчу экалагічных актывітсаў, у тым ліку з Украіны. Усе яны мелі намер прыняць удзел у перамовах ААН па клімаце, якія адбываюцца ў Катавіцы. Юлія ж не ўпэўнена, што тут есць сувязь:
"Не думаю, што гэта звязана, я туды не збіралася."
У сваю чаргу, праваабаронца Наста Лойка з Human Constanta мяркуе, што прычынай адмовы магла стаць Расія: "Цяжка даваць адназначныя ацэнкі, але мне падаецца, што гэта звязанае з аб'яднанай базай "непажаданых асобаў" Беларусі і Расіі. Але ў любым выпадку, гэта павінны былі патлумачыць на мяжы. Варта рабіць дадатковыя запыты і абскарджваць такія дзеянні".
Паводле greenbelarus.info