Беларусь, якая чакае. Візіт у дзяцінства (ФОТА)
Сёння, дзякуючы аднаму з нашых чытачоў, мы з вамі прыгадаем месца, без якога вельмі цяжка ўявіць сабе жыццё вялікай часткі нашых суграмадзян. Кожны беларус меў ці нават дагэтуль мае нешта падобнае ва ўласнасці, альбо калісьці наведваў там сяброў. Канешне ж, гэта лецішча ці дом у вёсцы, якія засталіся ад бацькоў, а можа і пабудаваныя ўласнаручна. Чытач прапанаваў наведаць старое лецішча, дзе ён правёў шмат часу свайго дзяцінства, і вельмі па ім сумуе. Няма пытанняў — паехалі!
Кожную пятніцу, пачынаючы з траўня і да пачатку кастрычніка выехаць з буйных гарадоў досыць складана. Адзін наш сябра называе гэта «Дзень вызвалення гораду...», назву можна паставіць любую і не памылішся. Аматары лецішчнага адпачынку ад абеду пачынаюць свой шлях да агародаў і мангалаў. Але ж мы сёння вырашылі прайсці гэты шлях найбольш аўтэнтычна, як гэта рабілі нашыя бацькі і дзяды, калі аўтамабіль быў раскошай. І таму зранку ўпэўнена і бадзёра пакрочылі на чыгуначны прыпынак прыгараднай электрычкі, ці як яна зараз модна завецца — цягніка рэгіянальных лініяй эканом-класу!з
Нягледзячы на будні дзень, у электрычцы шмат людзей. Амаль усе пенсійнага ўзросту, з заклапочанымі тварамі і вялікімі торбамі. Здымаць іх не сталі, бо адразу злавілі некалькі незадаволеных позіркаў. Каб нікога не правакаваць і не псаваць людзям зранку настрой вырашылі проста спакойна даехаць да пункту прызначэння. Цягам паездкі розныя гандляры не аднойчы прапаноўвалі пасажырам «карысныя» рэчы — ад рознага кшталту сканвордаў і часопісаў да цуда-сурвэтак, батарэек ды іншых дробязей. Наш фатограф сказаў, што нібыта ў тыя самыя 90-я вярнуўся — аніякай розніцы! А тым часам надвор’е за акном нагадала, што яно — восеньскае і кудысьці схавала сонейка, нагнаўшы хмараў. Выходзім на пазначаным прыпынку і за суворымі садаводамі крочым праз невялічкі лясок і ручай.
Яшчэ падчас падрыхтоўкі стала вядома, што наш фатограф добра ведае гэтыя мясціны, бо ў ягонага дзеда тут таксама было лецішча, і ён амаль усе летнія месяцы ў дзяцінстве праводзіў менавіта тут. З гэтай нагоды арыентавацца нам было даволі проста. Сусвет досыць цесны, насамрэч! Побач з чыгункай вялікае лецішчнае таварыства, участкі якога размяркоўваліся бліжэй да сярэдзіны 1980-х, але мы ад нашага «сталага» сябра ўжо ведаем, што іх называлі «новымі» альбо «маладымі лецішчамі». Старыя таварыствы кіламетрах у трох далей. Ісці да іх трэба праз вялікі пагорак і лес.
Пакуль ідзём па лесе, прыгадваем гісторыю. Напрыканцы 1940-х урад СССР дазволіў грамадзянам атрымліваць ад прадпрыемстваў і арганізацый невялікія кавалкі зямлі для вырошчвання садавіны і гародніны. Аб ніякіх жылых памяшканнях тады і размовы не было. Толькі напачатку 1960-х людзям дазволілі на ўчастку будаваць сціплыя аднапавярховыя дамкі плошчай да 25 квадратаў. Дзед нашага фатографа ў сярэдзіне 1960-х атрымаў стандартныя 4 «соткі» і кожныя выходныя і падчас водпуску на электрычцы і на сабе цягаў будматэрыялы, каб было куды на лета вывезці траіх дзяцей. Дарога ў адзін канец займала амаль дзве гадзіны...
Звычайныя працоўныя маглі атрымаць толькі 4 «соткі», а больш заслужаныя і прывілеяваныя дзеячы — па 6, 8 і нават 10. Толькі напачатку 1980-х усім дазволілі мець па 6 «сотак». Але ж вось мы нарэшце і дайшлі да нашага «помніка беларускага лецішчабудавання». Надзейна схованае ў лесе таварыства не мае нейкіх выбітных будынкаў, але ж гэтай сціпласцю яно нас і вабіць. Мы не дарма прыгадалі пра «помнік» — амаль кожны садовы дамок мае права на такую «ахоўную таблічку». Як трапна заўважыў наш фатограф: «Тут натуральна час спыніўся гадоў 30 таму!» І мы яму ахвотна верым.
На вузкіх вулачках пануе цішыня, якая можа быць толькі вось такой позняй восенню. Зрэдку можна сустрэць адзінкавых людзей, што няспешна робяць свае гаспадарчыя справы, бо ну куды ўжо спяшацца. Сталая, але досыць бадзёрая жанчына ў кароткай размове паведаміла, што ездзіць сюды праз дзень і павольна рыхтуе дамок і агарод да зімы: «Мне так падабаецца гэтая цішыня і спакой. Не люблю я горад. Тут мне лепей, думкі становяцца лягчэй». Цалкам згодныя!
Бадай, гэта першае нашае падарожжа, падчас якога мы нікуды не спяшаемся, і ёсць час спакойна і павольна пашпацыраваць і паназіраць за наваколлем. Калі б яшчэ не гэты кароткачасовы дождж без перапынку... Але ж восень ёсць восень, таму пагуляем па лецішчных вулачках, паслухаем рэфлексійныя расповеды нашага фатографа аб тым, куды яны з хлопцамі па трускаўкі лазілі, дзе палілі вогнішчы, і з якіх яблынь іх ганялі гаспадары. А з першага погляду інтэлігентны чалавек!
Безумоўна, нельга казаць, што зусім усе дамы ў таварыствах захавалі «гістарычнае» аблічча. За гэты час шмат дзе з’явіліся новыя гаспадары, якія трымаюць свае хаткі ў прыгожым сучасным стане. Шмат дзе агароды саступілі месца лазням, мангалам і альтанкам з газонамі. Насамрэч, гэта добра і асуджаць людзей нельга. Справа забеспячэння сям’і садавінай і гароднінай, як напачатку было, ужо адышла на другі план, і сапраўды танней набыць тую ж бульбу з агуркамі на рынку, а на лецішчы больш часу аддаць адпачынку з сям’ёй ці сябрамі. Нездарма ў апошнія гады, асабліва ў паслякавідны час, лецішчы пачалі набываць другое жыццё і новую папулярнасць.
Бацькоўскае лецішча ці сялянская хатка для беларуса значыць не менш за квадратныя метры гарадскога жытла. Нішто не можа параўнацца з вячэрай з бабулінага посуду на старой верандзе, глытком баршча з лыжкі, якой еў у дзяцінстве, ніякая батарэя не падорыць такога духмянага цяпла як грубка, пастаўленая і бялёная дзедам, а малако са шчарбатага гарлачыка з кавалкам чорнага хлебу заўсёды будзе стравай багоў. Тым горш і балюча ўсё часцей чуваць, што разам з машынамі, жытлом ды іншым скарбам у бязвінных людзей адбіраюць і бацькоўскія хаты ці лецішча. Для дзяржавы гэта невялікі прыбытак, але вялікі, непараўнальны ні з чым сорам.
Але ж час вяртацца да станцыі, бо цягнік рэгіянальных ліній эканом-класу чакаць не будзе. Дождж і вецер сціхлі, нават крыху пацяплела, і мы не спяшаючыся крочым у адваротны шлях да чыгункі, яшчэ раз кідаючы позірк на сціплыя дамы, якія хутка ўбачаць сваіх гаспадароў. Зіма пройдзе, і абавязкова над старымі дахамі зноў запануюць дзіцячыя галасы, дым ад мангалаў ды вечаровыя размовы. Вясна непазбежна прыйдзе. Будзем жыць!
Шэрыя палі, суворыя лясы ды самотныя хаткі за вокнамі вагону ўжо амаль падрыхтаваліся да зімовага адпачынку, але ж да нас спакой прыходзіць пакуль толькі ў марах. Нас чакае шмат цікавага, і ўжо зусім хутка мы сустрэнемся дзеля чарговай вандроўкі па нашай краіне і вельмі чакаем вашых замоваў! Не сумуйце моцна!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.