Алкагалізм «памаладзеў»? У беларусаў змяніліся ўлюбёныя алкагольныя напоі
У цяжкія часы ёсць некалькі сфер, якія працуюць, можна сказаць, ад зваротнага, гэта значыць «чым горш, тым лепш». Адна з іх — гандаль алкаголем, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Гадавая статыстыка па гандлі алкагольнай прадукцыяй у Беларусі, якая з’явілася нядаўна ў адкрытым доступе, дазволіла вывучыць дынаміку, з якой змяняліся прыхільнасці суайчыннікаў да тых ці іншых алкагольных напояў. Некаторыя высновы здзіўляюць.
Для пачатку агульныя лічбы, якія дазваляюць зразумець тэндэнцыю. У 2017 годзе ў нашай краіне выпілі 56 422 тысяч дэкалітраў, у 2018-м — 59 655 тысяч дэкалітраў, у 2019-м — 62 010 тысяч дэкалітраў, у 2020-м — 64 444 тысяч дэкалітраў, у 2021-м — 65 043 тысяч дэкалітраў і, нарэшце, у 2022-м — 65 049 тысяч дэкалітраў (або 650 млн літраў).
Мы бачым, што на працягу апошніх пяці гадоў спажыванне алкаголю няўхільна расце, але ў 2022-м яно прырасло ў параўнанні з мінулым годам зусім нязначна.
Пры гэтым варта ўлічваць, што ў 2017 годзе насельніцтва Беларусі налічвала прыкладна 9 млн 460 тысяч чалавек, а ў 2022-м — 9 млн 255 тысяч чалавек. Да гэтага можна дадаць дзясяткі тысяч тых, хто за апошнія гады з’ехалі за мяжу — яны значацца ў статыстыцы, але фізічна ў краіне ўжо не прысутнічаюць.
Што ж п'юць беларусы?
Гарэлка і піва былі і застаюцца «класікай», іх спажыванне ў параўнанні з 2021 годам практычна не змянілася, — мінус 1% можна смела лічыць нязначнай статыстычнай флуктуацыяй. Пры гэтым, калі параўноўваць з 2017 годам, то гарэлку п'юць роўна столькі ж, а вось піва — на 14% больш.
Самы вялікі мінус за перыяд 2021-2022 прыйшоўся на пладовыя віны. Класічныя танныя «чарніла», якія доўгі час былі любімым напоем пралетарыяту, упалі ў продажы адразу на 10% — вялікі паказчык (а па параўнанні з 2017 годам — на 28%). Разам з тым беларусы сталі на 8% менш ужываць і вінаградных він (але па параўнанні з 2017 спажыванне, наадварот, вырасла на 8%). Таксама яны выпілі на 5% менш пеністых він, уключаючы шампанскае (але ў параўнанні з 2017-м спажыванне вырасла на 32%).
Ужо зразумела з гэтай статыстыкі, што менш піць у краіне не сталі, таму давайце шукаць, дзе ж «прыбыло».
Нечаканая навіна — спажыванне нятаннай прадукцыі: каньякоў, каньячных напояў і брэндзі вырасла на 8% (а ў параўнанні з 2017-м сталі піць больш чым у два разы больш), а лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў — на цэлых 15% (зноў жа, у параўнанні з 2017-м на 89% больш).
Але самы высокі рост у 2022 годзе ў параўнанні з 2021-м — у слабаалкагольных напояў, да якіх адносяцца вермуты, марціні і розныя газаваныя напоі, якія змяшчаюць алкаголь. Толькі за мінулы год іх спажыванне ў краіне павялічылася на 35%. А за апошнія 5 гадоў іх ужыванне вырасла больш чым у 4 разы!
Мяркуючы з усяго, мы бачым, на якое «паліва» пераарыентаваліся аматары «смачнага і недарагога».
А што ў суседзяў? У Расіі за студзень — лістапад 2022-га продаж гарэлкі вырас на 5,6%, каньяку — на 4%, лікёра-гарэлачнай прадукцыі крэпасцю вышэй за 25 градусаў— на 27%. У Літве ж, наадварот, на 6,6% знізіліся продажы гарэлкі, мацаваных він — на 15%, пеністых він — на 6%. Але вырасла спажыванне піва малых і крафтавых бровараў на 4% (тут трэба ўлічваць, што яно абкладаецца льготным акцызам).
Выходзіць, што няпростыя часы насельніцтва розных краін сустракае за сталом па-рознаму.