Адказ з Слуцкага хлебзавода пра назву «Бульбаш» спарадзіў хвалю зваротаў
Па інфармацыі грамадскай актывісткі Зінаіды Цімошак, дзіўны адказ з Слуцкага хлебзавода пра назву гатунку хлеба «Бульбаш» стаўся прычынай для напісання мноства шматлікіх індывідуальных зваротаў.
— Я асабіста звярнулася ў Слуцкі райвыканкам з просьбай аб прыцягненні кіраўніцтва хлебзавода да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб мовах (адказ дадзены не на мове заяўнікаў — на рускай мове замест беларускай), а таксама за парушэнне Інструкцыі аб справаводстве ў дзяржаўных установах і арганізацыях: адказ нават не ўтрымліваў рэквізітаў асобы, якая яго падрыхтавала, імя, пасаду і подпіс асобы, якая павінна была яго падпісаць, — паведаміла Зінаіда Цімошак.
Па яе словах, падобныя звароты падпісалі і некалькі іншых случчан — у райвыканкам і ў Мінскі аблвыканкам.
«Творчы» тэкст адказу наконт хлеба «Бульбаш» як візіткі дзяржавы і прадукта, якім сустракаюць дэлегацыі на ўрадавым узроўні нарадзіў і адпаведныя запыты Аліны Нагорнай, Ігара Случака і жыхароў горада Слуцка ў Міністэрства замежных спраў аб спраўджэнні інфармацыі.
Зацікавіла неабыякавых грмадзян і інфармацыя хлебзавода аб самасвядомасці беларусаў, якая базуецца на бульбе. Адпаведны запыт накіраваны ў Міністэрства аховы здароўя.
Узгадалі случчане і пра цацку «Мішка – Бульбашык» вытворцы Fancy, і пра таварыства з абмежаванай адказнасцю «Завод Бульбашъ». Звароты пра іх прадукцыю з абразлівай мянушкай накіраваныя і на імя вытворцы, і ў Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання. Таксама сямёра случчан звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбай аб правядзенні экспертызы наконт абразлівасці тэрмінаў «бульбаш», «маскаль», «жыд», «пшэк», «лабус», «нігер» і «хахол», а ў Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання — аб неабходнасці прыняцця прававога акту, які забараніў бы выкарыстоўваць дадзеныя мянушкі ў сферы гандлю і паслуг.
Што пасееш, то і пажнеш. Відавочна, што неахайныя адносіны да нацыянальных святынь адных катэгорый насельніцтва спараджаюць маральны супраціў другіх, паколькі абражаюць самае дарагое.