10 снежня назавуць лаўрэатаў прэміі Аляхновіча. Сярод намінантаў — Бяляцкі, Севярынец, Халіп
10 снежня а 18-й гадзіне ў мінскай Сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3-39) адбудзецца цырымонія ганаравання лаўрэатаў літаратурнай прэміі Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні.
Сярод намінантаў сёлетняй прэміі: Наста Азарка, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Буд-Гусаім, Зміцер Дашкевіч, Анатоль Міхнавец, Фелікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп.
Акрамя выступаў намінантаў, падчас цырымоніі адбудзецца канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і прэзентацыя яго праекту турэмнага шансону па-беларуску «Варанок». Уваход вольны.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і "Радыё Свабода". Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, ніякімі патрабаваннямі не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, гэтак і ў рукапісах, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу году. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры ПЭН-Цэнтру.
Журы традыцыйнай вызначае пераможцу і абвяшчае вынікі 10 снежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека.
Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сытуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але маюць спадзеў, што яна як найхутчэй страціць сваю актуальнасць.