Усе бягуць. З пачатку года з Беларусі «незаўважна» сышло больш за 10 глабальных бізнесаў
Гэтай восенню Беларусь «прадынамілі» дзве карпарацыі з Forbes Global 2000. З імі звязана з'яўленне ў нашай краіне мабільнай сувязі і ў цэлым перадавых тэлекамунікацыйных тэхналогій.
Фінская Nokia у верасні давяла сваю «працоўную кар'еру» на мясцовым рынку да ліквідацыі беларускага падраздзялення. Шведская Ericsson прыступіла да гэтага працэсу. Усяго, па падліках Plan B, з пачатку 2023 года зачыніліся альбо ж займаюцца гэтым звыш паўтузіна карпарацый, якія прадстаўляюць эліту сусветнага бізнесу.
Пабеглі «стаеры»
Большасць з тых, хто сыходзіць цяпер — «стаеры». Розныя прычыны, уключаючы пушчаныя тут досыць глыбока карані, не дазволілі ім сысці ў 2022-м. Але цяпер дайшлі да фінішу і яны.
З той жа Forbes Global 2000 сыходзяць, ліквідуючы свае дачынныя структуры, авіябудаўнічы гігант Boeing, адзін з лідараў паштовых даставак UPS, шведскі аўтамабілебудаўнічы канцэрн Volvo. Закрывае цэнтр распрацоўкі адзін з трох найбуйнейшых у свеце вытворцаў паўправадніковай памяці карэйская карпарацыя SK hynix. Пачаў ліквідацыю юрыдычнай асобы, раней зачыніўшы крамы, шведскі рытэйлер H&M. Прадала расійцам свой бізнес у Беларусі брытанская BAT. Абвясціў аб сыходзе шведскі распрацоўшчык анлайн-казіно Evolution Gaming.
Цалкам разлічыўшыся з беларускай дзяржавай, як гэта зрабіла Nokia, сёлета сышлі адсюль Siemens Energy, анлайн-рытэйлер Farfetch і адна з найбуйнейшых амерыканскіх IT-кампаній Veeva.
«Фальсфініш»
Беларускія ўлады масавы сыход сусветнага бізнесу як бы не заўважаюць. Такога паняцця ў бегу няма, але яны яго, падобна, вынайшлі: «фальсфініш» — без сігналу, гэта значыць, дазволу, дасягнуты фініш. А калі гэты фініш «няправільны», то «суддзі» яго і не заўважаць.
Як той прэм'ер Раман Галоўчанка, які працягвае сцвярджаць, што «ў цэлым усе практычна інвестары з так званых “недружалюбных” краін працягваюць працаваць у Беларусі, працягваюць рэалізоўваць свае праекты, працягваюць атрымліваць прыбытак і атрымліваць дывідэнды ад сваіх інвестыцый. Таму ў цэлым тут абстаноўка спакойная».