Раўней за іншых, бядней за іншых. Беларусь ў пастцы «роўнасці бедных»

Улады толькі абяцаюць рост дабрабыту насельніцтва, а на самой справе стрымліваюць яго. Таму што рэжым і дабрабыт — рэчы несумяшчальныя.

_belarus_zyccjo_ljudzi_pensijanery_ekanomika_2024_fota_novy_czas.jpg

Сучасная эканоміка сутыкаецца з мноствам выклікаў, адным з якіх з'яўляецца глабальны рост няроўнасці. Ва ўсім свеце багатыя становяцца багацей, а доля даходаў большасці насельніцтва ў многіх краінах скарачаецца. Даныя па няроўнасці ў Беларусі, здавалася б, гавораць пра нядрэнную сітуацыю ў нашай краіне. Але калі разабрацца, усё куды складаней, піша Алесь Гудзія на «Позірку».

Ілюзія, што ўсё добра

Даныя пра размеркаванне даходаў са свежай справаздачы Сусветнай лабараторыі няроўнасці паказваюць, што верхнія 10% насельніцтва Беларусі канцэнтруюць у сваіх руках каля 33% даходаў. Для параўнання, у суседняй Літве гэтая доля складае каля 35%, а ў Расіі — амаль 51%.

Беларусь выглядае краінай з адносна нізкім узроўнем няроўнасці. Але пры больш глыбокім аналізе аказваецца, што радавацца тут асабліва няма чаму.

Адной з галоўных прычын такой карціны з'яўляецца характар размеркавання даходаў. У Беларусі адсутнічаюць ярка выяўленыя звышбагатыя пласты, характэрныя, напрыклад, для Расіі. Аднак гэта, па-першае, зусім не азначае, што людзей з вялікім багаццем у нас няма, па-другое — што краіна дасягнула-ткі справядлівага размеркавання багацця.

Хутчэй гэта вынік так званай «роўнасці бедных» — калі пераважная большасць жыхароў знаходзіцца на прыкладна аднолькава нізкім узроўні даходаў, а магчымасці росту абмяжоўваюцца тым, што ўлады асцерагаюцца запыту на палітычную суб'ектнасць з павелічэннем даходу сярэдняга класа.

А як у суседзяў?

У Польшчы і краінах Балтыі доля даходаў, якія дастаюцца верхнім 10% насельніцтва, вышэй, але гэта кампенсуецца больш высокім сярэднім узроўнем даходаў і працуючымі механізмамі сацыяльнай падтрымкі. Напрыклад, у Польшчы, дзе доля верхніх 10% складае каля 38%, актыўна развіваюцца праграмы дапамогі малазабяспечаным, што зніжае рызыку сацыяльнай напружанасці.

Расія ж дэманструе адзін з самых высокіх узроўняў няроўнасці ў рэгіёне. Гэта звязана з канцэнтрацыяй багацця ў руках вузкага кола асоб і адсутнасцю эфектыўнай пераразмеркавальнай палітыкі. Сітуацыя пагоршылася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе, калі разгарнуўся шырокі перадзел уласнасці і рэсурсаў.


Глядзіце таксама

Эканамічная мадэль тармозіць развіццё

Беларуская эканоміка захоўвае шматлікія рысы савецкай сістэмы, уключаючы адносна роўнае размеркаванне даходаў. Аднак гэта дасягаецца за кошт нізкага агульнага ўзроўню дабрабыту. Сярэднія заробкі ў краіне значна адстаюць ад паказчыкаў не толькі суседніх краін ЕС, але нават партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе — такіх, як Казахстан або Арменія.

З аднаго боку, дзяржаўная палітыка ў Беларусі, накіраваная на ўтрыманне няроўнасці ў прымальных рамках, сапраўды дапамагае пазбягаць масавай сацыяльнай незадаволенасці.

З іншага боку, менавіта такая мадэль становіцца і тормазам для развіцця: яна не стымулюе ані рост прадукцыйнасці, ані прадпрымальніцтва, ані прыцягненне інвестыцый. Эканоміка нібы засела ў бясконцай гонцы па прывіднае паляпшэнне дабрабыту, якое заўсёды абяцаюць «вось-вось», але ўвесь час адкладваюць.

У беларускай сістэме прызнаюцца, хай і асцярожна, праблемы нізкага ўзроўню жыцця — маўляў, «жывем небагата» — і нават дэкларуецца імкненне да яго росту. Аднак замест рэальнага руху да дабрабыту насельніцтву прапануюць бясконцае яго чаканне.

Праблема, аднак, у тым, што цяперашняя эканамічная мадэль Беларусі проста не здольная забяспечыць абяцаны вынік росту ці хаця б зніжэнне разрыву з даходамі суседзяў. Сістэма ўлады ў Беларусі сёння толькі падтрымлівае ілюзію, дазваляючы гаварыць пра «курс на развіццё».


Глядзіце таксама

Напярэдадні чарговай электаральнай кампаніі, прызначанай на студзень, беларускія чыноўнікі ўдасканальваюцца ў маніпуляцыях са статыстыкай, каб пераканаць грамадства ў росце дабрабыту. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе даступныя інструменты: выбіраюцца зручныя часавыя прамежкі для параўнання, «прыдатныя» краіны ці ўвага акцэнтуецца на асобных паказчыках. Усё дзеля таго, каб стварыць ілюзію, што «жыць стала лепш, жыць стала весялей».

Насамрэч разрыў паміж Беларуссю і суседнімі краінамі павялічыўся. Беларусь працягвае губляць канкурэнтаздольнасць на фоне рэгіянальных партнёраў. І хоць можна знайсці ў свеце дзяржавы, якія за апошнія тры дзесяцігоддзі адсталі мацней, чым мы, гэта дакладна не прыклад для пераймання.

Прапаганда надзімае мыльную бурбалку

З пункту гледжання паліталогіі, кіраваць грамадствам з адносна нізкім і раўнамерным ў беднасці узроўнем даходаў — прасцей. Дастаткова перанакіраваць незадаволенасць грамадзян на знешнія фактары — такія, як «пагроза» з боку суседніх краін, санкцыі ці эканамічныя цяжкасці саюзнікаў.

Аднак карэнныя прычыны нізкага, хоць і больш-менш раўнамернага агульнага дабрабыту і адпаведных праблем — цяперашняя структура беларускай эканомікі і сістэма ўлады. Яны зводзяць грамадства да раўнамернай беднасці і пры гэтым абмяжоўваюць сацыяльную мабільнасць, якая магла б сама выправіць сітуацыю.

Досвед іншых краін паказвае, што як зніжэнне няроўнасці, так і больш справядлівае размеркаванне даходаў і багацця магчымыя толькі пры спалучэнні эфектыўных інстытутаў, эканамічнага росту і адказнай сацыяльнай палітыкі.


Глядзіце таксама

Беларусь па-ранейшаму востра мае патрэбу ў сістэмных рэформах, накіраваных на павышэнне даходаў насельніцтва, развіццё прыватнага бізнесу і прыцягненне замежных інвестыцый. Без гэтых змен краіна рызыкуе застацца ў пастцы «роўнасці бедных».

Патэнцыйны рост няроўнасці, які можа паўстаць пасля перамен, нясе больш плюсаў, чым мінусаў для грамадства ў цэлым. Нават калі даходы найбольш заможных грамадзян вырастуць яшчэ больш, павялічваючы разрыў, дабрабыт найменш забяспечаных слаёў насельніцтва таксама істотна падвысіцца.

Такі рост дасць больш магчымасцей і перспектыў, чым цяперашняя эканамічная мадэль, якая хоць і стрымлівае няроўнасць, але не забяспечвае заўважнага паляпшэння жыцця для большасці беларусаў.