«Падайце на стабільнасць»: Лукашэнка хоча папрасіць новыя расійскія крэдыты
Тыя крэдыты скончыліся, нясіце новыя. Аляксандр Лукашэнка зноў хоча папрасіць у Расіі грошай. Таму што расійскія крэдыты — аснова беларускай стабільнасці. У беларускіх уладаў ёсць шмат ідэй, як зрабіць стабільнасць яшчэ больш стабільнай. Вось толькі грошай не хапае, піша Plan B.
Дай мільён!
Напраўду, мільёнам ад хаўрусніка Расія, вядома, не адкараскаецца. Мінулая крэдытная лінія, якую Расія ў 2022 годзе адкрыла Беларусі на імпартазамяшчальныя праекты, складала 105 мільярдаў расійскіх рублёў. Але ўсё добрае калі-небудзь сканчаецца. Асабліва грошы. І асабліва чужыя.
«Сёння гэтыя ўсе рэсурсы фактычна асвоены, і мы пяройдзем да наступнага этапу — прапрацоўкі з расійскім бокам дадатковага выдзялення пакета для рэалізацыі высокатэхналагічных праектаў, якія будуць накіраваныя на забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці Саюзнай дзяржавы», — сказаў новы пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік пасля таго, як сустрэўся з Лукашэнкам.
На якія канкрэтна праекты Беларусь зноў просіць грошай, амбасадар не ўдакладніў. Але якое гэта мае значэнне ў адносінах паміж амаль роднымі людзьмі?
«Ідэя заўсёды ёсць, пытанне ў эканамічным складніку гэтых ідэй», — сказаў Рагожнік.
Гэта значыць, дайце нам грошай, а мы прыдумаем, куды вашы грошы засвоіць. Выключна высокатэхналагічным спосабам.
Лішнім не будзе
Некаторыя ідэі адносна засваення грошай, зрэшты, ёсць. Праўда, калі гэтыя ідэі рэалізаваць, то 105-цю мільярдамі саюзнік не адкараскаецца. Напрыклад, беларускаму росквіту ў арганізме востра не хапае яшчэ адной атамнай станцыі.
Ад мінулай станцыі незасвоенымі засталося больш за чатыры мільярды долараў. Вяртаць гэтыя грошы назад, вядома, было б вельмі крыўдна. Таму што вяртаць грошы заўсёды крыўдна. І калі грошы ўжо ёсць, то лепш выдаткаваць іх на што-небудзь прыемнае і карыснае. Такое ж карыснае, як першая атамная станцыя. Напрыклад, на другую атамную станцыю.
«Мы думаем, прапрацоўваем пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі. Электрычная энергія ніколі не зашкодзіць. Лішку яе ў краіне не будзе ніколі», — сказаў Лукашэнка амбасадару.
Тэзіс крыху спрэчны, улічваючы, што Беларусі няма куды падзець электраэнергію нават з першай АЭС. Але пытанне ж не ў лішняй энергіі. Пытанне ў чатырох з лішнім мільярдах расійскіх долараў, якія можна было б засвоіць.
Ці іншы мегапраект — будаўніцтва беларускага порту ў Мурманскай вобласці на 30 мільёнаў тон грузаў. Наіўны чалавек мог бы спытаць, навошта Беларусі порт у Мурманскай вобласці на 30 мільёнаў тон грузаў, калі нават у самыя лепшыя часы Беларусь ніколі не перавозіла морам больш за 19 мільёнаў тон.
Але тут жа справа не ў мільёнах тон грузаў, якія можна будзе вазіць праз гэты порт. І наогул не ў будаўніцтве порта. А ў мільярдах расійскіх рублёў, якія можна на гэтым будаўніцтве засвоіць.
Таму што на адным толькі порце, не лічачы спадарожнай яму інфраструктуры, можна засвоіць не менш за 100 мільярдаў расійскіх рублёў. А гэта практычна ўвесь аб'ём мінулай імпартазамяшчальнай праграмы. Ёсць дзеля чаго старацца.
Дый наогул, у беларускіх уладаў ідэй яшчэ шмат. Вырабляць самыя вялікія ў свеце мікрачыпы і баразніць ледаколамі Паўночны Ледавіты акіян. Пабудаваць беларускі самалёт і засвоіць здабычу базальту. Ды хоць на Марс паляцець. Ідэй у стабільнасці хапае. У яе толькі грошай няма.