Мясніковіч: Заводы — прадпрымальнікам!

Экс-прэм’ер Беларусі, а сёння спікер верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч выступіў з рэвалюцыйным лозунгам-прапановай — раздаць прадпрымальнікам у бязвыплатную арэнду нескарыстаныя прамысловымі прадпрыемствамі вытворчыя плошчы.



miasnikovich1_12.jpg

«Нескарыстаныя плошчы неабходна выявіць, забраць праз рашэнне прэзідэнта і аддаць прадпрымальнікам назаўсёды або на некалькі гадоў, пакуль не вырашыцца праблема занятасці, у бязвыплатную арэнду. Усё роўна яны пустуюць», — заявіў Мясніковіч.

У якасці прыкладу ён прывёў Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, дзе пустуюць велізарныя цэхі. Паводле яго слоў, такая ж сітуацыя і на заводах у Пінску, Слуцку, Гомелі.

Не часта з вуснаў Мясніковіча вылятае прагматычная ідэя з рынкавым кантэнтам. Але гэтая і сапраўды здзівіла: бо суб’ектаў гаспадарання, якія мараць аб вытворчых плошчах і жадаюць ўзяць такія плошчы ў арэнду, знойдзецца немалая колькасць. Што аўтаматам вырашае многія праблемы адміністрацыйна-працэдурнага характару.

Але пакуль немагчыма паверыць у тое, каб дзяржава ў краіне для народа нешта аддала бясплатна прыватніку: ідэю ацэняць, ухваляць, аддадуць ў працу, паспяхова забюракратызуюць і ў выніку ціха пахаваюць.

АФН