Кацярына Барнукова: Падзенне заробкаў — гэта толькі пачатак
У Беларусі ўпершыню з восені 2020-га назіраецца значнае падзенне сярэдняга заробку ў рэальным выражэнні. Падаецца, што новых санкцыяў ужо не будзе, а эканоміка нібы намацала дно. Ці так гэта на самой справе і што за "структурная трансфармацыя" эканомікі нам трэба, Myfin.by распавяла акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Дно дасягнута?
— Ці дасягнулі мы санкцыйнага дна? Цяпер атрыманы максімальна магчымыя абмежаванні і горш ужо не будзе ці ёсць яшчэ куды падаць ад новых абмежаванняў?
— З аднаго боку, асноўныя экспартныя пазіцыі Беларусі ўжо знаходзяцца пад санкцыямі — калій, нафтапрадукты, дрэваапрацоўка і інш. У той жа час застаецца прастора для ўзмацнення фінансавых санкцый: на шчасце, не ўсе банкі ў нас адключаныя ад SWIFT, не ўсе банкі знаходзяцца ў блакіруючым спісе санкцый ЗША, няма блакіроўкі рэзерваў Нацбанка Беларусі. З іншага боку, новых падстаў для пагаршэння санкцый супраць Беларусі няма і наўрад ці яны з'явяцца ў бліжэйшы час. Беларусь не прымае прамога ўдзелу ў канфлікце Расіі і Украіны, а пазіцыянаванне краіны ў цэлым, уключаючы працу беларускай дыяспары за мяжой, дазваляе дыстанцыявацца ад "таксічнасці" Расіі прынамсі ў вачах чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні аб санкцыях.
Падзенне заробкаў — гэта толькі пачатак
— Зарплаты беларусаў у сакавіку паказалі зніжэнне ў рэальным выражэнні (з улікам інфляцыі), а з улікам скачка курсу долара ў валюце і зусім аселі да гадавога мінімуму. Гэта лакальная прасадка ў сувязі з панікай на валютным рынку ці новая рэальнасць з працяглым падзеннем даходаў?
— Думаю, што гэта толькі пачатак, таму што максімальнага эфекту ад санкцый мы яшчэ не дасягнулі. Адразу спрацаваў псіхалагічны эфект: рэзка выраслі курсы замежных валют (цяпер беларускі рубель аднавіўся да дакрызісных значэнняў), людзі пабеглі здымаць уклады ў банкі, пераводзілі рублі ў долары і г.д. Гэты ўсплёск панікі хутка мінуў, сітуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль.
А цяпер нас ужо пачынаюць даганяць рэальныя наступствы санкцыяў. Напрыклад, мы ведаем, што з 1 лютага спыніўся транзіт калію праз парты краін ЕС. Але мы бачым, што Беларуськалій усё яшчэ працуе, хоць там і спынялі асобныя рудаўпраўленні на планавы рамонт. І ніякіх масавых скарачэнняў шахцёраў не назіраецца. У прадпрыемства хутчэй за ўсё ёсць фінансавыя запасы з мінулых гадоў, якія даюць магчымасць некалькі месяцаў захоўваць занятасць і зарплаты персаналу, у надзеі, што сітуацыя неўзабаве выправіцца.
Аднак, я не разлічвала б на тое, што ў такім рэжыме атрымаецца захоўваць сітуацыю доўга. Вельмі добра з гэтай нагоды выказалася кіраўніца Цэнтрабанка Расіі Эльвіра Набіуліна: «Расійская эканоміка зможа нейкі час існаваць дзякуючы запасам, але яны канчатковыя, і ўжо ў другім — пачатку трэцяга квартала мы ўвойдзем у перыяд структурнай трансфармацыі».
Аналагічна і ў Беларусі па меры падыходу да моманту "структурнай трансфармацыі" ў эканоміцы будзе назірацца зніжэнне рэальных заробкаў, рост інфляцыі, скарачэнне занятасці.
Новыя таварныя схемы будуць даражэйшымі і горшымі
— Як хутка ў Беларусі наступіць "структурная трансфармацыя" ў эканоміцы?
— Запас трываласці ў беларускай эканомікі, вядома, меншы, чым у расійскай. У суседзяў на ўзроўні дзяржавы ствараліся аб'ёмныя валютныя рэзервы, і, нават нягледзячы на іх частковае блакаванне, яны ўсё яшчэ вялікія. Фінансавае здароўе расійскіх кампаній таксама было лепей да ўводу жорсткіх санкцый. Але сёння размову ўжо даводзіцца весці не толькі аб фінансавых запасах, але і аб таварных рэзервах для кампаній, якія карысталіся імпартнымі камплектуючымі. У Беларусі ёсць прадпрыемствы, якія паспелі стварыць такія таварныя рэзервы на некалькі месяцаў. У той жа час мы ўсё часцей бачым навіны, як то ў адной, то ў другой кампаніі ўзнікаюць праблемы з закупкай камплектуючых для нармальнай працы.
"Структурная трансфармацыя" наступіць, як бы гэтага камусьці ні не хацелася. Прыйдзецца пераналаджваць таварныя патокі, мяняць лагістыку, схемы закупак імпарту і паставак экспарту, партнёраў па бізнесе.
Відавочна, што новыя схемы будуць горшымі і даражэйшымі, таму што калі б яны былі лепшымі, то імі б ужо даўно скарысталіся.
Усё гэта будзе трансфармавацца ў больш нізкую эканамічную актыўнасць, больш высокі сабекошт і кошт тавараў і паслуг.
У IT-галіне ўсё па-іншаму
— Як на гэта адрэагуе беларуская IT-галіна, якая паказала максімум падатковых адлічэнняў у 1-м квартале 2022-га? Ці будуць яны ў рэчышчы наступу "структурнай трансфармацыі"?
— У іх крыху іншая сітуацыя. У IT-галіне праблемы не столькі з лагістыкай, колькі з тым, што многія кампаніі прынялі рашэнне аб рэлакацыі. Гэта мы бачым у статыстыцы па зніжэнні занятасці ў IT-сектары. Зніжэнне пакуль яшчэ невялікае, але трэба ўлічваць, што шмат якія рэлаканты працягваюць лічыцца супрацоўнікамі ў беларускіх кампаніях нейкі час. З цягам часу занятасць і тут будзе падаць. Плюс мы бачым дастаткова моцнае зніжэнне сярэдняй зарплаты ў IT. І гэта ў тым ліку звязана з тым, што ў першую чаргу вывозілі топ-мэнэджмент і самых каштоўных супрацоўнікаў узроўня senior з высокімі заробкамі.