Хронікі рэпрэсій за 12 снежня: Хваля ператрусаў у назіральнікаў і аблава ў Чэрвені
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, СМІ і тэлеграм-каналы прызнаюць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі, паведамляюць праваабаронцы. Цяпер сілавікі пайшлі з ператрусамі да назіральнікаў за выбарамі 2020 года.
- Камітэт па правах чалавека прызнаў парушэнне права на свабоду Віктара Бабарыкі пры затрыманні
Камітэт па правах чалавека ААН прыняў 31 кастрычніка рашэнне (меркаванне) па скарзе палітзняволенага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі. Камітэт прызнаў парушэнне яго права на свабоду, што гарантаванае артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Таксама КПЧ звярнуўся да дзяржавы з просьбай прыняць тэрміновыя меры для забеспячэння таго, каб жыццё, фізічны і маральны стан палітвязня не зведвалі небяспеку, а таксама забяспечыць яго камунікацыі з адвакатамі, членамі сям'і і медыцынскімі работнікамі.
- Па ўсёй краіне адбываецца хваля ператрусаў у назіральнікаў за выбарамі-2020
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», цягам некалькіх дзён па ўсёй Беларусі адыбваецца хваля ператрусаў і праверак у былых назіральнікаў_ц на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Акцыю запалохвання ладзіць Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
У былых назіральнікаў_ц правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». З імі таксама запісваюць «пакаяльныя відэа».
Праваабаронцы расцэньваюць гэты чарговы напад на грамадзянскую супольнасць як помсту за актыўнасць усіх незалежных назіральнікаў на выбарах 2020 года.
- Затрымалі студэнта гомельскага ўніверсітэта, які ладзіў беларускія імпрэзы
Пра гэта праваабаронцам паведамілі аднакурснікі Кастуся Тэнца.
Затрыманне, імаверна, адбылося 8 снежня. Прычыны яго на гэты час невядомыя. Пры гэтым ужо пасля ягонага затрымання нехта заходзіў на ягоную старонку ў сацыяльнай сетцы УКантакце.
Кастусь родам з Рэчыцы. Яшчэ ў дзяцінстве быў вядомы там сваімі перамогамі ў розных відах спорту. У 2019 годзе зацікавіўся беларускай мовай. Наведваў курсы «Мова Нанова» ў Рэчыцы. Перайшоў сам на беларускую мову. Пасля паступіў у БелДУТ.
Як распавялі аднакурснікі Кастуся, ён часта ва ўніверсітэце ладзіў розныя акцыі для прапаганды беларускай мовы – віктарыны, дыскатэкі з беларускамоўнымі песнямі, экскурсіі ў адметныя беларускія месцы і ў родныя мясціны выбітных беларускіх дзеячаў.
- Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Царквы «Новае Жыццё»
Царква «Новае жыццё» — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.
- Беларускі саюз мастакоў ліквідаваў суполку «Пагоня»
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з саюзу раней выключылі палітзняволенага Генадзя Драздова, які ўзначальваў суполку з 2011 па 2016 год.
Аб’яднанне было створанае 33 гады таму, у 1990 годзе. Яго мэтамі называлася «разьвіццё нацыянальнага мастацтва, зберажэнне і памнажэнне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу».
- Аблава ў Чэрвені: ГУБАЗіК паказаў траіх затрыманых
Адзін з затрыманых — гэта 43-гадовы Тарас Вяснянка. Яго вінавацяць у рэпосце з нейкага рэсурсу, прызнанага «экстрэмісцкім».
Пра другога мужчыну вядома, што ён у 2020-м вывешваў беларускі нацыянальны сцяг на даху свайго прыватнага дома. Меркавана, яго вінавацяць у няправільным захоўванні зарэгістраванай зброі, якая на відэа ляжыць проста на паліцах — аніякіх «палітычных» абвінавачанняў яму не закідаюць.
Трэці затрыманы — малады хлопец, які выходзіў у 2020-м на пратэсты. Адметна, што ў відэа дэманструюцца ягоныя нявыдаленыя гісторыі ў інстаграм, якія ён публікаваў для «блізкіх сяброў» і не выдаліў з архіву.
- ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за каментары ў Telegram-каналах
Сцвярджаецца, што затрыманы нібыта абражаў сілавікоў у «экстрэмісцкіх» Telegram-чатах.
- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы і чаты «Беларусы Батумі Белорусы Батуми», «КОТОС: мясцовае самакіраванне», «Окрестина задержанные», «Публічны чат – Народныя амбасады Беларусі», «Гільдыя Беларусаў»;
Сацсетки праекту «belonews»;
Старонка ў Facebook «Valery Tsepkalo».
- У «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ аднаго беларуса
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек.
Сярод іх чатыры грамадзяніна Гаіці, а таксама 31-гадовы беларус Міхаіл Бабошка. Паведамляецца, што ў дачыненні да яго ўступіў у сілу прысуд паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1150 чалавек, з іх 391 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1159 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
- Бухгалтарку асудзілі да «хатняй хіміі» за ўдзел у Маршы
Стала вядома, што 23 лістапада вынесены прысуд Юліі Абадоўскай. Яе прызналі вінаватай паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Прысуд агучыла Юлія Шчоткіна.
Абадоўскую асудзілі за ўдзел у мірным Маршы 6 верасня 2020 года. Абвінавачанне сцвярджала, што ў той дзень яна рушыла па праезнай частцы, маючы нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і плакат з пратэсным лозунгам. Жанчына прызнала віну. На судзе яна распавяла, што такім чынам хацела выказаць нязгоду з затрыманнямі ўдзельнікаў шэсцяў і фізічным уздзеяннем, якое ў іх дачыненні прымяняюць сілавыя структуры.
Вядома, што Юлію ўтрымлівалі пад-вартай з 13 па 18 кастрычніка. Пасля яе вызвалілі пад заклад у памеры 18 500 рублёў.
- Бацьку дваіх няпоўнагадовых дзяцей асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту на 2 гады «хатняй хіміі»
У судзе Жлобінскага раёну 23 лістапада асудзілі Уладзіслава Корзуна паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Святлана Рубахава прызначыла Уладзіславу два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Мужчыну ўтрымлівалі пад вартай з 8 верасня. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях 9 жніўня 2020 года і выхадзе на праезную частку.
Уладзіслаў мае сярэднеспецыяльную адукацыю, гадуе дваіх няпоўнагадовых дзяцей. Працаваў прадаўцом у індывідуальнага прадпрымальніка.
- Палітвязня Віктара Барушку збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Віктар — прадпрымальнік, які пасля затрымання 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД і на судзе заявіў пра збіццё. Барушку абвінавацілі у нападзе на супрацоўніка АМАПу і прычыненні яму цяжкіх цялесных пашкоджанняў (п. 5 ч. 2 арт. 147 КК). Сваю віну Віктар не прызнаў. Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.
Улетку 2021-га Віктара судзілі паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») на тэрыторыі магілёўскай ПК-15, дзе ён на той момант адбываў тэрмін. У выніку яму прысудзілі яшчэ 2 гады зняволення.
Стала вядома, што 15 снежня ў Горках адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Алены Вараб’ёвай Віктара могуць перавесці ў турму.
- «Змяшчаў у экстрэмісцкім канале схемы перамяшчэння амапаўцаў у Мінску»
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 22 лістапада вынесены прысуд Ігару Котаву, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Алена Бушава.
Па матэрыялах абвінавачання, Ігар напачатку жніўня 2020 года «неаднаразова размяшчаў і захоўваў у вольным доступе ў тэлеграм-групе, прызнанай пазней экстрэмісцкай, тэкставыя паведамленні са схемамі перамяшчэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па тэрыторыі Мінска з мэтай арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады. Мабільны тэлефон канфіскаваны ў даход дзяржавы.
- У Магілёве затрыманы былы блогер Алесь Сабалеўскі
Як стала вядома праваабаронцам, раніцай 12 снежня сілавікі затрымалі на працы магіляўчаніна Алеся Сабалеўскага. Прычыны затрымання не ўдакладняюцца.
Верагодна, цяпер Сабалеўскі ў ІЧУ.
- Пастара і служыцеля наваполацкай царквы поўнага Евангелля «Царква Валадарства Божага» арыштавалі на 15 сутак
Справу пастара царквы Аляксандра Герасімовіча, а таксама служыцеля Вадзіма Сафонава сёння разглядалі ў раённым судзе. Як паведамляе @christianvision, іх абвінавацілі, верагодна, у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Абодва мужчыны — шматдзетныя бацькі: Аляксандр выхоўвае 7 дзяцей, а Вадзім — 3.
- Дома ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі адбыўся ператрус
«Па месцы маёй рэгістрацыі ў аграгарадку пад Гомелем зараз скончыўся ператрус. Што шукалі, не казалі, мэблю ад сцен не адсоўвалі, 990 тыс. даляраў пад канапай не знайшлі.
Заўтра, мабыць, прыйдуць шукаць "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" ў гарадскую кватэру. Крымінальную справу вядзе РАСК па Гомельскім раёне...», — напісаў Леанід у сацсетках.
У лістападзе 2021 года Леаніда асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Судаленку ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.