Чарга з грузавікоў на мяжы з Польшчай расцягнулася на 37 кіламетраў

Чарга з грузавых аўтамабіляў на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках расцягнулася на 37 кіламетраў. Паводле польскіх памежнікаў, кіроўцам даводзіцца чакаць па 78 гадзін на мяжы, каб аформіць уезд у Беларусь.

Чэргі з грузавікоў на польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Чэргі з грузавікоў на польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Ужо каля двух тыдняў кожная змена ў Баброўніках афармляе менш грузавікоў, чым звычайна, што дадаткова адбіваецца на даўжыні чаргі, паведамляе radio.bialystok.pl. Напрыклад, за апошнюю дванаццацігадзінную змену пагранічнікі растаможылі ў гэтым пагранпераходзе 141 грузавы аўтамабіль. Стандарт жа для гэтага пераходу складае ад 250 да 300 грузавікоў за змену.
Польскія службы тлумачаць, што такая колькасць грузавікоў, якія падлягаюць праверцы, звязана з тым, што праверкі займаюць больш часу праз эканамічныя санкцыі ЕС і забарону на ўвоз некаторых тавараў у Расію пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны. Польскія мытныя службы не толькі правяраюць дакументы, але і фізічна надглядаюць грузавікі, якія едуць на ўсход, каб пераканацца, што тавары, заяўленыя ў дакументах, сапраўды знаходзяцца там. Для гэтага таксама выкарыстоўваюцца рэнтгенаўскія сканары.
28 сакавіка на іншым польскім пагранпераходзе, у Кукурыках, час чакання ўезду для грузавога транспарту складае 40 гадзін. Яшчэ нядаўна там адбываліся акцыі пратэсту.
Доўгія чэргі з грузавікоў у Баброўніках сталі ўтварацца з 9 лістапада 2021 года, калі на нявызначаны тэрмін быў прыпынены рух на суседнім пункце пропуску ў Кузніцы. Прычынай закрыцця пераходу ў Кузніцы стала сітуацыя на мяжы, звязаная з мігрантамі.
mostmedia.io