Азбука паліталогіі: Краіна земляробаў з псіхалогіяй качэўнікаў

Адзін мой апанент у Facebook пастаянна нагадвае мне пра вартасці Беларускай мадэлі. Яна, маўляў, і савецкую індустрыю захавала, і здольнасць да мадэрнізацыі не страціла. Я, натуральна, з ім спрачаюся.

_belarus_selskaja_haspadarka_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg


Аднак прадуктыўнага дыялогу ў нас з апанентам не атрымліваецца, бо, згодна з яго справядлівай заўвагай, мая незадаволенасць ляжыць у палітычнай плоскасці, а яго замілаванне Беларускай мадэллю грунтуецца на эканоміцы.
Але што такое эканоміка, і ці ёсць сэнс абмяркоўваць эканамічныя праблемы ў адрыве ад сацыяльна-палітычнага кантэксту?
Пачну з таго, што навука, якая вывучае праблемы эканомікі, належыць да гуманітарных дысцыплін. Насуперак побытавым уяўленням, эканоміка — гэта не пра колькасць і якасць тавараў, а пра адносіны, у якія ўступаюць людзі ў працэсе грамадскай вытворчасці.
Нездарма амерыканскі эканаміст Дуглас Норт за абгрунтаванне пастулату «інстытуты маюць значэнне» атрымаў Нобелеўскую прэмію. Яго суайчыннікі эканаміст Лоўрэнс Харысан і палітолаг Самюэль Хантынгтан зрабілі наступны крок — абгрунтавалі сваю выснову «культура мае значэнне» ў аднайменнай кнізе.
Практыка — крытэр ісціны. Калі пакінуць за дужкамі нафтаздабываючыя краіны з малой колькасцю насельніцтва, то перайсці з трэцяга свету ў першы па ВУП на душу насельніцтва за апошнія дзесяцігоддзі здолелі толькі краіны рысавай культуры — Японія, Рэспубліка Карэя, Тайвань, Ганконг і Сінгапур.
Сакрэт іх поспеху не з'яўляецца таямніцай, але каб яго зразумець, нам спатрэбіцца прыцягнуць на дапамогу «салодкую парачку»: катэгорыі «экстэнсіўны» «інтэнсіўны». Першая катэгорыя апісвае тып гаспадаркі, у якой павелічэнне вытворчасці прадукцыі дасягаецца за кошт прыцягнення дадатковых рэсурсаў, у той час як другая — тып гаспадаркі, у рамках якой павелічэнне аб'ёму і якасці прадукцыі забяспечваецца за кошт больш рацыянальнага выкарыстання працоўнай сілы і матэрыяльных рэсурсаў.
Пераход ад традыцыйнага грамадства да грамадства індустрыяльнага быў бы немагчымы без перамогі інтэнсіўнай катэгорыі ў культуры над экстэнсіўнай. Аднак няма правілаў без выключэння. Вырошчванне рысу (культуры, якая дае максімум калорый на адзінку плошчы) патрабавала інтэнсіўнага землекарыстання. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова напісаць у пошукавіках словы «рыс» і «чэкі».
Спалучэнне ў цэлым традыцыйнай культуры, але з далучэннем інтэнсіўнага кампаненту, з заходняй адукацыяй і спарадзіла выбуховы эфект у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.
На жаль, на прасторах Усходне-Еўрапейскай раўніны на працягу стагоддзяў панавала падсечнае земляробства. Вызваленыя ад лесу ўчасткі, як правіла, эксплуатаваліся не больш за 6 гадоў. Пасля гэтага зямлю кідалі. Так фарміраваліся земляробы з псіхалогіяй качэўнікаў.
Яны і сёння кіруюць у Беларусі. Варта толькі згадаць найвышэйшае патрабаванне да максімальнага ўключэння зямель (незалежна ад іх якасці) у сельскагаспадарчы абарот.

Чаму адны краіны багатыя, а другія бедныя?

На побытавым узроўні сэнс інтэнсіўнай катэгорыі перадае прыказка «хочаш жыць — умей круціцца». Аднак перш, чым пачынаць круціцца, варта добра ўсё ўзважыць і абдумаць. Інакш можна прыпадобніцца да савецкага прапаршчыка з анекдота з яго знакамітым прынцыпам: «А што тут думаць! Трэсці трэба!»
Неадэкватнасць прапаршчыкаў увайшла ў фальклор. Аднак не прапаршчыкамі славіцца Беларуская мадэль, якая, на думку старшыні Савета Рэспублікі Нацсходу Наталлі Качанавай, «сапраўды ўнікальная і можа служыць прыкладам для многіх іншых краін і народаў. Наша дзяржава з'яўляецца носьбітам і захавальнікам традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў».
Аматараў спяваць ухвальныя гімны традыцыйным хрысціянскім каштоўнасцям у нас відзьмо-невідзьмо. Складаней адшукаць тых, хто здольны спакойна, без фанатызму, растлумачыць, чаму сфарміраваныя ў эпоху ранняга Сярэднявечча каштоўнасці не дазволяць беларускай мадэлі выпасці з возу гісторыі.
Нагадаю, інстытуты маюць значэнне. Пасля выхаду ў 2012 годзе бестселера амерыканскіх эканамістаў Дарона Аджэмаглу і Джэймса Робінсана «Чаму адны краіны багатыя, а іншыя бедныя», інстытуты прынята дзяліць на экстрактыўныя (ад лацінскага слова «extraho» — «здабываю») — накіраваныя на выключэнне большай часткі грамадства з працэсу прыняцця палітычных рашэнняў і размеркавання даходаў, і інклюзіўныя (ад слова «inclusion» — «уключэнне») — тыя, якія спрыяюць максімальнаму ўключэнню шырокіх слаёў грамадства ў эканамічнае і палітычнае жыццё.
Спадзяюся, няма патрэбы тлумачыць, што эканамічнаму росту, і адпаведна, росту заможнасці і дабрабыту спрыяюць інклюзіўныя інстытуты, а экстрактыўныя, наадварот, эканамічны рост блакуюць.

Атрымлівалася не ва ўсіх

Права беларусаў на свабоду аб'яднанняў гарантавалі ўсе рэдакцыі Асноўнага закона Рэспублікі Беларусь (артыкул 36), а ў рэдакцыі Канстытуцыі 2022 года, «ідучы насустрач пажаданням працоўных», заканадаўцы асобна абумовілі права на стварэнне палітычных партый.
Як на працягу двух дзесяцігоддзяў артыкул 36 Канстытуцыі рэалізоўваўся на практыцы, каментаваць не бяруся. Я не спецыяліст, дый хто старое прыгадае — рызыкуе застанецца без вока. Таму з дапамогай сенатара і па сумяшчальніцтву старшыні РГА «Белая Русь» Алега Раманава прапаную звярнуцца да законапраекта аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях, што днямі быў прыняты дэпутатамі.
Абмяжуюся двума сказамі: «Партыі ў сваёй дзейнасці павінны зыходзіць не з вузкапартыйных інтарэсаў, а з нацыянальных інтарэсаў усёй краіны. У гэтым сэнсе дзейнасць партый павінна быць канструктыўнай».
Прасцей і не прыдумаць, аднак я б не рэкамендаваў апладзіраваць такому вызначэнню. Шмат гадоў беларусаў пераконвалі ў тым, што «нашы інтарэсы не супярэчаць еўрапейскім», «таму што мы самі — сэрца Еўропы».
Быў такі нацыянальны інтарэс. Быў ды сплыў. І з каго пытацца? Не выключана, што з тых, хто не паспеў пераабуцца?
У савецкія часы такога кшталту праблемы не існавала. Партыя была адна, і ўжо ў сілу свайго манапольнага становішча яна не здзяйсняла памылак. Простаму ж чалавеку заставалася толькі аператыўна падладжвацца да чарговай партыйнай загагуліны (так бы мовіць, «вагацца разам з лініяй партыі»). Атрымлівалася не ва ўсіх, аднак чые гэта праблемы?