Актывісты на беларуска-польскай мяжы прыпынілі блакаду руху грузавікоў
Актывісты, якія блакуюць рух беларускіх і расійскіх грузавікоў на мяжы Беларусі і Польшчы, разышліся, аднак акцыя можа быць працягнутая.
Пра гэта напісала ў сваім Facebook адна з арганізатараў акцыі Наталля Панчанка. Яна паведаміла, што акцыя, якая доўжылася з 19 сакавіка, прынесла вынікі, якіх дамагаліся пратэстоўцы.
«Дзякуючы пратэсту супраць гандлю ЕС з Расіяй увесь свет даведаўся пра тысячы грузавікоў, якія вязуць у Расію марціні, салямі, сталь, прыправы і іншыя тавары. Гэты пратэст выкрыў крывадушнасць некаторых краін ЕС, якія дэкларуюць салідарнасць з Украінай, а напраўду прадаўжаюць весці бізнес з рэжымам, які кожны дзень забівае ўкраінцаў і разбурае нашу краіну. Дзякуючы сотням украінскіх, польскіх і беларускіх актывістаў да нас прыйшлі не толькі польскія, але і дацкія, японскія, брытанскія, нямецкія і італьянскія СМІ, а прэм'ер-міністр Маравецкі папрасіў Еўракамісію заблакаваць гандаль з Расіяй», — напісала яна.
Са слоў актывісткі, далей пратэстоўцы маюць намер аб'яднаць намаганні з пасольствам Украіны і ўкраінскімі арганізацыямі ў Польшчы для таго, каб наладзіць дыялог з палітычнымі лідарамі Польшчы і Еўрасаюза. «Разрыў гандлю з тэрарыстычнай Расіяй адбываецца не ў Кукурыках, а ў Варшаве і Брусэлі», — зазначыла Панчанка.
«Пратэст на мяжы скончыўся? Не. Мы пакідаем за сабой права вярнуцца і працягваць мірны пратэст», — заявіла яна.
З прычыны блакавання актывістамі польска-беларускай мяжы на памежным пераходзе «Кукурыкі — Казловічы» за 24 гадзіны на тэрыторыю Беларусі заехала толькі 14 фур пры прапускной здольнасці ў 1200 машын. Чарга з фур дасягнула 50 кіламетраў.