Эксперт: 80% беларускіх прадпрыемстваў працуюць 4 дні на тыдзень

Да пачатку лета ЗАТ «Атлант» спыніў канвеер па вытворчасці лядоўняў. У падобнай сітуацыі знаходзіцца большасць прадпрыемстваў рэальнага сектара, і прасвету пакуль не відаць.



9f32d5d9720efb2309ca618ebaf32488b0ff9404.jpg

Мінскі завод халадзільнікаў, які ўваходзіць у ЗАТ «Атлант», да 1 чэрвеня спыняе канвеер. За прастой працоўным выплацяць 2/3 ад заробку. Пра гэта Naviny.by паведаміў адзін з працаўнікоў прадпрыемства.

Паводле яго слоў, з пачатку красавіка гэтага года на прадпрыемстве была ўведзена чатырохдзёнка. Апошнія два тыдні красавіка вытворчасць стаяла. З пачатку мая зноў вярнуліся чатырохдзёнкі, але ўвесь апошні тыдзень завод знаходзіцца на прастоі. З 1 чэрвеня будзе вернутая пяцідзёнка. Графік працы на чэрвень ужо звярстаны.

Мінскі завод лядоўняў — не адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое спыняла канвеер. У гэтым годзе такое рашэнне было прынята на Мінскім аўтамабільным заводзе і Магілёўскім вагонабудаўнічым заводзе. Многія прамысловыя прадпрыемствы перайшлі на чатырохдзённы рэжым працы.

Прадстаўнік Беларускага прафсаюза работнікаў прамысловасці Аляксей Ваганаў не бачыць «нічога звышнатуральнага ў сённяшніх рэаліях». Паводле яго слоў, 80% прамысловых прадпрыемстваў працуюць па чатыры дні ў тыдзень. Як правіла, па пятніцах на заводах аб’яўляецца прастой. На яго час рабочым плацяць 2/3 ад заробку.

Прычынай прастояў на прамысловых прадпрыемствах Аляксей Ваганаў называе прыкметнае зніжэнне аб’ёмаў продажаў на ўнутраным і знешнім рынках, што прыводзіць да скарачэння аб’ёмаў вытворчасці. Гэта змушае кіраўнікоў прадпрыемстваў перакладаць персанал на няпоўны працоўны тыдзень альбо адпраўляць у адпачынкі.

«З-за адсутнасці збыту прадукцыі ў патрэбным колькасці адсутнічае вытворчасць патрэбных аб'ёмаў прадукцыі. Раз патрэбных аб’ёмаў прадукцыі няма, адпаведна, задзейнічаць такую колькасць людзей няма сэнсу», — кажа Аляксей Ваганаў.

Паводле афіцыйных дадзеных, па выніках першага квартала гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года аб’ёмы прамысловай вытворчасці скараціліся на 7,3%, экспарт тавараў прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці — на 40,3%.

У рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці ў студзені-сакавіку 2015 года працавала 99,1 тыс. чалавек, што ў 3,5 разы больш у параўнанні з першым кварталам 2014 года. У той жа час колькасць работнікаў, якім былі прадстаўленыя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, склала ў першым квартале 85,2 тыс. чалавек, што прыкладна ў 1,7 разы больш, чым у першым квартале мінулага года.