Залатая рыбка
Кошты на некаторыя прадукты ў айчынных крамах і на рынках
проста не перастаюць здзіўляць. Часам яны не толькі параўнальныя з коштамі ў
самых заможных краінах свету, але і пераўзыходзяць іх. І гэта пры тым, што для
Беларусі зараз не самы лепшы перыяд у плане эканомікі і дабрабыту насельніцтва.
На прыканцы тыдня давялося
прагуляцца па некаторых крамах і на папулярную сярод жыхароў сталіцы і гасцей
Мінска “Камароўку” (самы буйны рынак у цэнтры горада). Прыглядаючыся да коштаў
на асобныя тавары, хацелася шчыпануць сябе і спытаць: дзе я? Таму што кошты на
асобныя рэчы не ўпісваюцца ў розум шараговага беларуса.
У адной з гандлёвых сетак,
якая спецыялізуецца на продажы рыбнай прадукцыі, зірнуў на асартымент і кошты.
Убачыўшы, што кілаграм палтуса (дарэчы, не самая каштоўная і прэстыжная рыба ў
свеце) каштуе 37,6 дэнамінаванага рубля (376 000 старых), падумаў: хто
можа сабе дазволіць рыбку за такую суму. З тым і пашураваў у бок Камароўскага
рынку.
Дзеля цікавасці завітаў у рыбны аддзел у крытай частцы гэтай гандлёвай
установы. І калі там патрапіўся на вочы той жа палтус і цэннікі на яго, то аўтар
гэтых радкоў прыйшоў да высновы, што ў папярэдняй краме быў яшчэ “камунізм”. Бо
тут кошт за кілаграм палтуса вагаўся ад 63,5 да 90 дэнамінаваных рублёў за
кіло. Амаль мільён на старыя грошы! Такім чынам, многія з беларусаў, што
атрымаліваюць 300-400 рублёў заробку за цэлы месяц, могуць толькі аблізвацца,
гледзячы на гэты тавар. Ці проста плявацца ад злосці і агіды, справядліва
разважаючы, што над імі проста здзекуюцца.
Пра кошты на іншую рыбную прадукцыю лепш прамаўчу — амаль на ўсё тая ж самоціна.
Ідзём далей. Падаецца, зусім нядаўна ў крамах можна было набыць даволі танную гародніну. Прынамсі, з прычыны нізкіх коштаў, у першую чаргу, на тую самую гародніну, ды яшчэ на садавіну, у жніўні бягучага году ўпершыню за працяглы час у Беларусі была зарэгістраваная дэфляцыя, то бок, зніжэнне коштаў, на 0,1%. І што мы бачым у кастрычніку? Памідоры, якія месяц ці нават меней таму можна было набыць за 60-90 капеек за кілаграм, зараз каштуюць 3,2-3,8 рублі. Гэта звычайныя таматы, прычым, незалежна ад краіны паходжання. А гатунак “чэры” на галінцы цягне 13,5-15,9 рубля за кіло.
Хочацца такіх памідорчыкаў? Прынамсі, мне не вельмі. Хоць я іх і вельмі люблю. Некалькі тыдняў таму за кілаграм гэтых паслёнавых можна было выкласці не больш за 3-3,5 рубля.
Тое ж тычыцца і свежых
агуркоў. Не так даўно яны каштавалі 50-95 капеек, у некаторых выпадках крыху
больш за рубель за кіло, а зараз – 2,6-3,9 рубля, а то і болей. Прынамсі, у той
жа краме, дзе прадаюцца гэтыя агуркі, кіло “вельмі беларускага” манга каштуе
3,2 рублі за кілаграм. І так можна прайсціся яшчэ шмат па якіх таварах.
На мінулым тыдні пасля адкрыцця 13-га Міжнароднага форума па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях “БанкІТ’2016” старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Калаўр заявіў у кулуарах журналістам, што рэгулятар “упэўнены ў захаванні інфляцыі на прагнозным узроўні да канца года”. А гэта, нагадаю, 12% за ўвесь 2016-ты. Але ж калі кошты на асобныя папулярныя тавары і прадукты растуць ў тры і болей разы за адзін толькі месяц, то ніякая разавая дэфляцыя сітуацыю ў плане выканання інфляцыйнага прагноза можа не выратаваць.
Апроч таго, у краіне пачаўся ацяпляльны сезон, а гэта значыць, што ў лістападзе народ атрымае жыроўкі з зусім іншымі раскладамі і лічбамі. Штосьці падказвае, што ў сітуацыі, калі эканоміка сама не ведае, што з ёй робіцца, а ў краіне вельмі бракуе фінансаў, гэтыя лічбы могуць непрыемна здзівіць не толькі шараговых грамадзян, але нават і тых, хто адказны за інфляцыю і барацьбу з ёй. А гэта, у тым ліку, і кіраўнік рэгулятара.
Паводле прагнозу надвор’я, Беларусь накрые арктычны антыцыклон, сюды ўварвецца халадэча, якая можа стаць чарговым жахам не толькі для камунальнікаў, але і для тых, хто аплачвае іх паслугі. Так што, зацягвай паясы, люд паспаліты, і лічы ў гаманцах грошы, якія давядзецца вельмі і вельмі эканоміць. Тут і да бабкі не хадзі.