Пры Ярмошынай зменаў не будзе

Бяззменная ад 1996 года старшыня айчыннага Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына зноў выдае сябе за палітыка, а не за кіраўніка ЦВК. Яна ў чарговы раз умешваецца ў справы, якія яе, па вялікім рахунку, не тычацца.

ermos1.jpg

Адказваючы на пытанне БелаПАН 29 верасня, Ярмошына заявіла, што папраўкі ў выбарчае заканадаўства маюць задавальняць усіх суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы, а не адну палітычную партыю, якая праз свайго дэпутата вырашыла ўнесці адпаведны заканадаўчы праект у парламент. Ярмошна мае на ўвазе той факт, што Аб’яднаная грамадзянская партыя з дапамогай свайго партыйнага дэпутата Ганны Канапацкай мае намер унесці ў Палату прадстаўнікоў распрацаваны разам з іншымі дэмакратычнымі структурамі праект паправак у Выбарчы кодэкс.
Па словах Ярмошынай, у Беларусі маецца пэўны законатворчы працэс. «Тым не менш, адразу магу сказаць, што любы выбарчы закон — гэта вынік кампрамісу самых розных сілаў, і ніхто аўтаматычна з прапановамі адной партыі, калі яны не задавальняюць усіх астатніх суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы, ніколі не пагодзіцца», — заявіла кіраўнічка ЦВК.
Такія пасажы выклікаюць пытанні. Напрыклад, калі дзяржава падчас неаднаразовай «мадэрнізацыі» выбарчага заканадаўства прыслухоўвалася да меркавання афіцыйна зарэгістраваных палітычных палітычных партыяў — апанентаў? Не кажучы ўжо пра грамадскія аб’яднанні і праваабаронцаў? Ніколі. Над нейкімі касметычнымі зменамі, і тое нават не на заканадаўчым узроўні, (напрыклад, дазвол назіральнікам знаходзіцца не за 10, а за 3 метры ад сталоў, дзе ляжаць бюлетэні для галасавання і вядзецца падлік галасоў) нават куры могуць смяяцца.
Ці ўлічылі чыноўнікі і дэпутаты прапановы дэмакратычных сілаў па гарантаванасці сапраўднай празрыстасці выбараў? Адказ рытарычны. Выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў фармуюцца амаль выключна з лаяльных рэжыму асобаў, назіральнікі не маюць магчымасці праводзіць сапраўднае назіранне, выканаўчая ўлада працягвае выкарыстоўваць фальшаванні падчас датэрміновага і выязнога галасавання, маюць месца масавыя ўкіды бюлетэняў і «карэкціроўкі» спісаў выбарцаў. А гэта дае магчымасць уладам павысіць паказчыкі па ўдзелу грамадзян у выбарах.
Пра гэта ўжо не першае дзесяцігоддзе кажуць і апазіцыйныя палітыкі, і незалежныя эксперты, у тым ліку і міжнародныя. Але ці прыслухаліся ўлады да тых меркаванняў? Амаль ні разу. Памянёныя касметычныя «змены» у разлік можна не браць. Дык пра што кажа Ярмошына? Калі змены ў выбарчае заканадаўства толькі пагаршалі ўмовы ўдзелу ў выбарах для апанентаў улады, то ці ўлічвала дзяржава меркаванне сваіх супернікаў? Натуральна, не. Ці была прынятая хоць адна прапанаваная чынавенству істотная, прынцыповая папраўка да адпаведных законаў? Не і не.

Фота БелаПАН. Рэальная сітуацыя ў Брэсце на выбарах 2010 года, калі назіральнікі знаходзіліся ў васьмі метрах ад месцаў выдачы бюлетэняў.

Фота БелаПАН. Рэальная сітуацыя ў Брэсце на выбарах 2010 года, калі назіральнікі знаходзіліся ў васьмі метрах ад месцаў выдачы бюлетэняў.

Дарэчы, Ярмошына таксама заявіла, што ЦВК будзе галоўным экспертам пры распрацоўцы паправак у выбарчае заканадаўства, якія плануецца зрабіць пасля вывучання канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ па выніках сёлетніх парламенцкіх выбараў. «Калі мы будзем выступаць супраць чагосьці, гэта наўрад ці мае перспектывы», — падкрэсліла чыноўніца.
Якая самаўпэўненасць! Але яна мае падставы, таму што Ярмошына добра ведае стаўленне да сябе свайго «непасрэднага начальніка», у адданасці якому яна прызнавалася публічна і неаднойчы. Але хто даваў права найміту, у абавязкі якога ўваходзіць выключна забеспячэнне працэдуры галасавання і падліку галасоў, рабіць падобныя заявы пра рэчы, якія ўваходзяць у кампетэнцыю заканадаўцаў і суб’ектаў палітычнага жыцця?
Апроч таго, такім чынам «чалавек каманды прэзідэнта» амаль наўпрост  выказала стаўленне ўладатрымцаў да «народных абраннікаў» увогуле і да новаабраных дэпутатаў ад дэмсілаў у прыватнасці. То бок, вырашаць пытанне будуць не парламентары, а сама Ярмошына. І падначалены ёй і яе босу Цэнтарвыбаркам.
Шмат гадоў вядома, што Ярмошына сама вызначае кола сваіх абавязкаў і магчымасцяў. Таму фактычнае перавышэнне ўласных службовых паўнамоцтваў гэту дзяячку не вельмі хвалюе. Ці ўвогуле не хвалюе. Так што пакуль цяперашняя старшыня Цэнтравыбаркаму будзе працягваць займаць сваю пасаду, нічога ў выбарчай сістэме Беларусі не зменіцца. Тут да варажбіхі не хадзі. Толькі вось ці выйграе ад гэтага грамадства ды, урэшце, сама дзяржава? Вельмі сумніўна.