Кароткія назіранні: дзе жыве беларускасць?

Апошнім часам многа гаворыцца пра пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў розных сферах жыцця нашай незалежнай і суверэннай краіны. Аднак часта цяжка адрозніць Беларусь ад усходняй суседкі.

20170221_111447_resized.jpg

Так, прыемна адзначаць, што абвесткі ў грамадскім транспарце — прынамсі, у сталіцы нашай дзяржавы — робяцца на мове тытульнае нацыі. А ў метро ды Нацыянальным аэрапорце “Мінск” яшчэ і па-англійску, каб задаволіць патрэбы замежных турыстаў ды дзелавых гасцей Сінявокай рэспублікі. 

Але дагэтуль большасць шыльдаў у тым жа самым Мінску ўсё ж такі выкананы на рускай мове. Хаця што перашкаджае пісаць па-беларуску на тых жа запраўках буйнейшай айчыннай нафтавай кампаніі? Рукі адваляцца? Ці кліентаў стане менш з тае прычыны, што яе назва будзе намаляваная па-беларуску? Ці гэта ўжо не беларуская кампанія?

Альбо што перашкаджае пісаць на роднай мове на табло чыгуначнай станцыі, якая па вызначэнні мусіць быць “самай беларускай” — “Інтытут культуры?” Чаму там усё ці амаль усё па-руску? Дзіўна неяк.

20170227_112331_resized.jpg

Я ўжо не кажу пра этыкеткі на прадуктах ды іншых таварах, дзе рэдка знойдзеш назвы ці апісанні на нашай роднай мове. І гэта вельмі сумна, таму што часцей можна сустрэць на тых жа этыкетках у беларускіх крамах казахскую ці кыргызскую, украінскую ці літоўскую, не кажучы ўжо пра рускую  мову, але толькі не беларускую. Дык у якой краіне мы жывем?

20170227_110537_resized_1.jpg


Але ёсць, хоць і не так часта, як хацелася б, іншыя, больш станоўчыя прыклады. Усё больш шараговых грамадзянаў імкнуцца хоць нейкім чынам спрычыніцца да беларускасці. Няхай у штодзённым пробыце яны і не карыстаюцца першай дзяржаўнай моваю. Аднак, нават тыя ж некаторыя налепкі на аўтамабілях выклікаюць не толькі шчырую ўсмешку, але і спадзяванне на тое, што беларускасці хоць на такім узроўні ў нас стане больш. А ў машыну з “хлопчыкам-беларусам” ніхто не ўедзе.