Ці будзе Новы Светлым?

Апошнія гадзіны адбівае 2016 год. Год высакосны, год вельмі складаны, год шмат у чым надта сумны і трагічны. Гэты год пакінуў шмат праблем, супярэчнасцяў, перажыванняў і слёз. Слёз па памерлых сябрах і калегах, па няспраўджаных спадзяваннях і надзеях, слёз па дурных учынках і рашэннях уладатрымцаў ды іншых.

2017_future_road_ss_1920.jpg


Адпраўляючы ў нябыт гэты год, задаешся пытаннем, а ці прынясе нам штось лепшае год надыходзячы? І тут нават тутэйшыя аптымісты пераважаюць занадта не выказвацца на гэты конт. Магчыма, у іншых, цывілізаваных краінах гэтых самых аптымістаў больш. Там зараз ва ўсю ідуць калядныя і навагоднія гулянкі. Нягледзячы на тэракты, людзі застаюцца людзьмі і стараюцца працягваць жыццё так, каб даказаць цемрашалам, што ніякія антычалавечыя “здзяйсненні” не могуць еўрапейцам перашкодзіць заставацца людзьмі.
Сітуацыя ў Сінявокай, на жаль, розніцца ад нашых заходніх суседзяў не ў лепшы бок. напрыклад, многія з нас апошнімі днямі наведвалі крамы, каб назапасіцца на Новы год ды на праваслаўнае Раство Хрыстова. І тое, што даводзілася чуць у чэргах, не надае аптымізму. “Была ў Польшчы нядаўна, дык там мяса ўдвая таннейшае за наша, — дзялілася ўражаннямі кабета гадоў пяцідзесяці. — А цукеркі, а садавіна з гароднінай, - ай, лепш не ўзгадваць”.  
“Ды што там ваша мяса. Паглядзіце, у апошнія дні на 10 працэнтаў падаражалі нават запалкі (каштавалі 50 капеек за блок, цяпер — 60)”, — заўважыў прыстойнага выгляду пажылы мужына. На гэта малады касір адрэагаваў з гумарам: “Хутка народ пяройдзе на гістарычныя метады здабыцця агню — на крэсіва”. Людзі ў чарзе ўсміхнуліся, але смех гэты падаўся нейкім сумным.
Гледзячы па вачах суайчыннікаў, у іх няма адчування  сапраўднага свята. Застолле і гатоўка страваў выглядае больш адданем традыцыі, чым сапраўдным пераадчуваннем чагосьці светлага, незвычайнага, доўгачаканага. І гэта вельмі сумна. Ды, дарэчы, і надвор’е не вельмі пасуе да паняцця “Новы год”.
Тым не менш, хочацца адасобіцца ад усіх гэтых негатываў. Гэты страшны год мінае, яму на змену ідзе новы. А з новым — чым бы яно не было — заўжды звязваюцца спадзяванні. Спадзяванні добрыя, светлыя, маравітыя. І хочацца пажадаць усім нам, каб гэтыя нашыя светлыя спадзяванні спраўдзіліся. Каб мы не гублялі блізкіх і сяброў, каб нашыя родзічы былі здаровыя і бадзёрыя. Каб наша краіна засталася самастойнай і незалежнай насуперак высілкам недабразычліўцаў. Каб беларуская эканоміка нарэшце стала “чалавечай” і апраўдала сваю назву. Каб уладатрымцы задумаліся, навошта яны дзейнічаюць і ўвогуле існуюць. Каб беларусы, у рэшце рэшт, адчулі, што яны людзі, а не “народзец”. І зразумелі, што ад кожнага чалавека, а не ад метафізічных і збанкрутаваных палітыкаў рознага кшталту ці дзяржаўных дзечоў залежыць будучыня і Беларусі, і кожнага яе грамадзяніна.
Вось з гэтым і хочацца ўвайсці ў Новы год і спадзявацца на здзяйсненне згаданых пажаданняў. Толькі ад кожнага з нас залежыць, ці стане Новы год Светлым.
З Новым годам і Раством Хрыстовым!