Ай да дзеўчыны, ай да малойцы!

Нядзелю, 12 лютага, можна назваць Днём беларускага жаночага спорту. Сёння сапраўднымі гераінямі сталіся нашы тэнісісткі і славутая біятланістка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка і адначасова маладая маці Дарь’я Домрачава.


Пачнем з тэніса. Жаночая зборная Беларусі а адной чацвёртай фіналу Першай Сусветнай групы Кубку Федэрацыі (гэтае спаборніцтва называюць камандным чэмпіянатам свету ў жаночым тэнісе, у мужчынскім гэта Кубак Дэвіса) датэрмінова перайграла вельмі сур’ёзнага саперніка — каманду Нідэрландаў. Ужо пасля чацвёртага паядынку нашы дзяўчыны павялі з лікам 3:1, што зрабіла парную сустрэчу чыстай фармальнасцю. Такім чынам, упершыню ў гісторыі зборная Беларусі выйшла ў паўфінал Кубку Федэрацыі, дзе 22-23 красавіка згуляе з пераможцам пары Францыя-Швейцарыя.
Пасля надзельнай перамогі Аляксандры Сасновіч над лідарам нідэрландак Кікі Бэртанс (гэта дазволіла нашым тэнісісткам зноў выйсці наперад пасля нічыйнага ліку ў суботу), з’явілася надзея, што нашы спартоўкі гэтым не абмяжуюцца. Нават апрануты ў спартовы швэдар Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіўся на трыбуне, пасля перамогі Сашы Сасновіч скакаў ад радасці ды ціскаў у абдымках свайго сябра, трэнера хакейнага клубу «Юнацтва» Міхаіла Захарава.    
Яшчэ да пачатку двухдзённага матчу на сталічнай «Чыжоўка-арэне», які складаецца з пяці гульняў (чатыры адзіночныя і адна парная), фаварытам лічылася больш вопытная зборная Нідэрландаў. Але беларускія тэнісісткі змаглі даказаць, што невыпадкова апынуліся ў Першай Сусветнай групе. Перамогі Аляксандры Сасновіч (№ 128 у Жаночай тэніснай асацыяцыі) над Кікі Бэртанс (№ 24 ЖТА) і Мікаэлай Крайчак (№ 253), а таксама і валявы трыюмф Арыны Сабаленкі (№142 ЖТА) над апошняй дазволілі аматарам тэніса ўздыхнуць з палёгкаю і чакаць парнай гульні (Вольга Гаварцова і Вера Лапко супраць Сіндзі Бэрхер і Аранчы Рус) ужо чыста з прадчуваннем працягу асалоды ад прыгожага тэніса. Гэты паядынак ужо нікога не вырашае. Нашы ў адной другой фіналу!!! Чакайма красавіка.
Не менш парадавала ўсіх беларускіх аматараў біятлону наша каралева гэтага віду спорту Дар’я Домрачава. У пас’юце (гонка пераследу) на Чэмпіянаце свету ў аўстрыйскім Хохфільцэне наша Даша заваявала срэбра. Шчыра кажучы, мала хто чакаў, што трохразовая алімпійская чэмпіёнка зможа разлічваць на нешта сур’ёзнае ў першым жа сезоне пасля таго, як летась нарадзіла дачушку ад караля біятлону нарвежца Оле-Эйнара Б’ёрндалена. Больш за тое, Дар’я яшчэ і перанесла непрыемную хваробу, з прычыны чаго раней прапусціла амаль цэлы сезон.
Тым не менш, Даша і раней заяўляла, што будзе рыхтавацца да сусветнага першынства, і ўзяла ўдзел у некалькіх этапах Кубку свету, хоць тыя выступы былі не зусім удалымі. Дарэчы, гэты сезон сама наша гераіня называе падрыхтоўчым, “раскатачным” этапам да алімпійскіх гульняў 2018 году.
Пасля спрынту, у якім Даша заняла толькі 27-е месца, многія задаваліся пытаннем, ці зможа Домрачава ў пас’юце ўзняцца вышэй. А наша біятланістка ўзяла і ўразіла нават самых вялікіх сваіх заўзятараў. Стартуючы з 27-й пазіцыі, Даша прыйшла на фініш ДРУГОЙ (!!!), апярэдзіўшы нават адну з лідараў бягучага сезона Габрыэлу Саўкалаву. Пры гэтым, што даволі рэдка, наша Даша не дапусціла ніводнага (!!!) промаху на чатырох агнявых рубяжах. Сёння хуткасць на лыжні “пасябравала” з дакладнасцю на мішэнях, і Домрачава даказала, што хтосьці паспяшаўся яе спісваць у запас. А наперадзе найбліжэйшымі днямі яшчэ гонкі ў рамках чэмпіянату свету, прычым тыя, у якіх Дар’я, прынамсі, раней пачувалася даволі ўпэўнена.
Так што дзякуй, дарагія нашы дзяўчаты, за свята, якое вы падарылі аматарам спорту ў нядзелю. З нецярпеннем чакаем працягу!