«Як арыштавалі Андрэя, котка так крычала…»

З Вольгай Пятроўнай Гайдуковай мы сустрэліся на мінскім чыгуначным вакзале. Ёй цяпер часта даводзіцца ездзіць з Наваполацка ў сталіцу — аднесці перадачу сыну ці сустрэцца з адвакатам.



gaidukou2.jpg

Андрэй Гайдукоў

23-гадовы Андрэй Гайдукоў шосты месяц утрымоўваецца ў СІЗА КДБ па абвінавачанні ў шпіянажы. Але дагэтуль ніякіх іншых падрабязнасцяў, акрамя таго, што Андрэй быў нібыта падчас «закладкі тайніка», няма нават у яго мамы. Па артыкулу 356 КК хлопцу пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

23-гадовы аператар тэхналагічных установак — «шпіён»?

— Вольга Пятроўна, пра Андрэя мала што вядома. Распавядзіце, калі ласка, дзе ён вучыўся, чым захапляецца?

— Андрэй скончыў 9 класаў школы і сказаў: хачу вучыцца і працаваць. Ён у нас вельмі канкрэтны. Яшчэ ў маленстве са сваімі братам і сястрою ў бабулі збіралі лекавыя травы і здавалі ў аптэку. І тут сказаў — усё, хачу сам зарабляць грошы. Таму ён пайшоў у ліцэй нафтахіміі. Калі скончыў — быў трэці на размеркаванне, узялі на ААТ «Нафтан». Туды ж патрапіць складана нават цяпер. У той жа год ён паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на інжынерна-тэхналагічны факультэт на завочнае аддзяленне. Цяпер ён на 5-м курсе. Аднакурснікі падтрымліваюць, тэлефануюць мне, цікавяцца, як ён там. Яны ўсе ў трансе былі, калі даведаліся, — натуральна, у гэтую ахінею са шпіянажам ніхто не верыць.

Андрэй рознабаковы. Любіць гістарычную літаратуру, добра разбіраецца ў камп’ютарах. Рыбалкай займаецца — яму ўсё цікава! Не з тых «тэхнароў», хто гуляе па вуліцах і лайдачыць. Прытулку для жывёл дапамагаў. У нас саміх 13 гадоў пражыў сабака колі, цяпер жыве котка — чорная, сумесь брытанкі з беларусам. Першы час, як арыштавалі Андрэя, яна так крычала… Гэта было страшна!

gaidukova_volga.jpg

                                                          Вольга Пятроўна Гайдукова

— Кім Андрэй працуе на «Нафтане»? Нехта піша, што слесарам, нехта — апаратчыкам…

— Аператарам тэхналагічных установак. Працуе па профілі — ён на гэтую спецыяльнасць і вучыўся. Я сама на «Нафтане» 31 год адпрацавала, на заводзе таксама працуе мой муж. Як мы прывыклі бачыць завод — усе бегаюць, мітусяцца, канвеер ідзе. Насамрэч жа едзеш па заводзе — бачыш адны трубы і будынкі, гэта аператарныя. І вось у такой аператарнай працаваў Андрэй. Там жа цяпер усё камп’ютарызавана, кожны адказвае за свой кавалак працы. Аператар сочыць за працэсам, каб не было ніякіх збояў. На гэтай працы доступу да канфідэнцыйнай інфармацыі быць не можа.

«Апантаны»

— Ці маеце здагадкі, чаму Андрэя вінавацяць у шпіянажы?

— Я наогул не магла зразумець, адкуль яны такое ўзялі. Але калі наводзіла парадак пасля вобшуку, я знайшла праект статута міжнароднай арганізацыі — «Саюз маладых інтэлектуалаў». Можа быць, менавіта ад гэтага слова «міжнародная» яны і адштурхнуліся. Я мама, а не палітык. Я ведала, што хлопцы ствараюць «Саюз маладых інтэлектуалаў», але глыбока ў гэта не ўнікала. Я ад усяго гэтага цягнула яго за вушы, разумела, чым можа скончыцца. Андрэй працаваў у штабе Андрэя Саннікава, быў у ініцыятыўнай групе Наталлі Валяевай (мясцовы кандыдат у дэпутаты ад БСДП (Грамада) — Т.Ш.), назіраў на выбарах. Ён казаў мне: «Мама, я нічога супрацьзаконнага не раблю, займаюся тым, чым можна». А да яго на працу прыходзілі, ва ўніверсітэт. Я ж яму раіла: «Не дражні гусакоў. Ты нічога благога не робіш, а табе зробяць». Магчыма, што Андрэя нехта падставіў.

— Але шмат людзей адкрыта займаюцца грамадскай дзейнасцю, і далёка не кожны патрапляе пад крымінальную справу… Чаму менавіта Андрэя?

— З удзельнікаў «Саюза маладых інтэлектуалаў» толькі Андрэй займаўся рэгістрацыяй арганізацыі, фактычна, усё было падрыхтавана — у іх ужо нават быў юрыдычны адрас. Упарты ён, у яго моцны стрыжань, разумееце. Ёсць добрае беларускае слова «апантаны». Калі ён ужо калі нешта вырашыў, ён свае перакананні не мяняе. З ім нават вельмі складана спрачацца пра нешта.

— У вас былі канфлікты з сынам праз яго грамадскую дзейнасць?

— Я столькі яго разупэўнівала! У нас законапаслухмяная сям’я. Мы з мужам, усе нашы сваякі галасавалі за гэтую ўладу. Атрымалі тое, што атрымалі. Калі іх гладзяць па поўсці, усё добра. Калі ж чалавек з чымсьці не згодны — атрымоўвай. Я на Андрэя сварылася: «Сыдзі адтуль, перастань». Аднак ён мае свой погляд. Ён стане, такая каланча пад два метры, кіне: «Я сам вырашаю!» І пайшоў...

У Беларусі шмат чаго станоўчага. Андрэй хацеў яшчэ лепш зрабіць, унесці нешта новае — чаму гэта дрэнна? Чаму калі чалавек хоча нешта змяніць да лепшага, ён становіцца «здраднікам»?

«Даведалася пра арышт, калі прыйшлі з ператрусам»

— «Еўрапейская Беларусь» апублікавала інфармацыю, што Андрэя затрымалі, калі ён складзіраваў газету «Хартыя’97», што прызначалася для распаўсюду ў Віцебскай вобласці. Ці ведаеце нешта пра гэта?

— Са мною ніхто з ЕБ не звязваўся, нічога не распавядалі. Мне Андрэй не тэлефанаваў падчас затрымання, хаця яму павінны былі даць гэта зрабіць. Нам наогул за ўвесь гэты час не далі ні спаткання, ні званка. Першыя дваццаць дзён ад яго арышту не было лістоў — гэта нармальна?

Спачатку мы былі ў трансе. Уявіце, калі знянацку а палове на восьмую вечара да вас прыходзяць з вобшукам. Андрэя дома не было. Тады выйшла як: у дзень перад затрыманнем ён працаваў у другую змену. Я чула, як ён прыйшоў, стукнуў дзвярыма, гэта першая гадзіна ночы, — ведаю, што ён дома, заснула. Калі сышла на працу а 8 ранку, ён яшчэ спаў. Так выйшла, што мы з ім не сустрэліся. У той дзень у яго быў выходны, днём ён паехаў у Віцебск. Навошта — я не ведаю. Тым жа вечарам прыйшлі рабіць ператрус, так я даведалася пра арышт Андрэя.

— Як спраўляецеся з эмоцыямі?

— Першы шок быў у мяне, калі я даведалася пра арышт Андрэя. Другі — калі яго нечакана перавялі з Віцебска назад у Мінск. Як вораны схапілі і назад пацягнулі перад Новым Годам. Яму столькі віншаванняў у Віцебск ішло! Пасля Новага Года яны перанакіравалі лісты ў Мінск, але на Новы Год — на табе, святкуй у адзіноце. Мы яму перадачу да свята падрыхтавалі, падарунак ад завода яму пакінулі — ён жа ўсё ж такі чалец калектыву. Не ведаю, ці прасцей было ў Віцебску, але першыя лісты пайшлі менавіта адтуль.

Мы вельмі чакаем Андрэя на свабодзе, але гадаць, калі гэта адбудзецца, цяжка. Першыя тры месяцы я нават на газеты падпісвала яго па месяцу — усё спадзявалася, што скончыцца чарговы месяц, і яго адпусцяць…

gaidukou1.jpg

Андрэй Гайдукоў

Даведка НЧ

Артыкул 356 КК. Здрада дзяржаве

Выдача замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо шпіянаж, альбо агентурная дзейнасць, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, альбо іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку ў правядзенні дзейнасці на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве) — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.