Ігар Кізім можа быць прызначаны спецпрадстаўніком Украіны па Беларусі
Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім будзе прызначаны спецпрадстаўніком Украіны па Беларусі. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Парламенцкі канал», звязаны з Анатолем Лябедзькам, дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве.
«Як паведамляюць нашы крыніцы ў Вярхоўнай Радзе Украіны, у бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб прызначэнні спадара Ігара Кізіма спецпрадстаўніком Украіны па Беларусі. За ўвядзенне пасады спецпрадстаўніка па Беларусі выступалі многія беларускія і ўкраінскія палітыкі, у тым ліку група экспертаў ад Форуму братоў Астрожскіх, якая звярталася з такой прапановай да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага», — паведамляе «Парламенцкі канал».
Выданне Reform.by, спасылаючыся на свае крыніцы, адзначыла, што Кізім у новым статусе павінен быў прымаць удзел у сустрэчы Аб’яднанага пераходнага кабінета са спецпрадстаўнікамі Эстоніі, Швецыі, Польшчы і Літвы на мінулым тыдні. Аднак прызначэнне зацягнулася, і ён не змог гэтага зрабіць.
Ігар Кізім быў апошнім паслом Украіны ў Беларусі з лютага 2017 года па 22 чэрвеня 2023 года. Указам прэзідэнта Украіны ён быў вызвалены ад пасады. У красавіку 2023 года МЗС Украіны асудзіў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным. Ведамства расцаніла яе як спробу яго легітымізацыі і адклікала Ігара Кізіма для кансультацый.