Вайна, 990-ты дзень. Расія выпусціла па Украіне рэкордную колькасць БПЛА. Прынамсі 10 дронаў заляцелі ў Беларусь

У сваю чаргу ўкраінскія беспілотнікі масава атакавалі Маскоўскую вобласць. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Наступствы атакі беспілотнікаў па Маскоўскай вобласці. Фота Telegram

Наступствы атакі беспілотнікаў па Маскоўскай вобласці. Фота Telegram

Расія выпусціла па Украіне рэкордную колькасць БПЛА за ноч — 145 дронаў. УСУ збілі 62 беспілотнікі

На працягу ночы ўкраінскія вайскоўцы выявілі і ажыццявілі суправаджэнне 145 паветраных цэляў — ударных дронаў тыпу «Шахед» і беспілотнікаў неўстаноўленага тыпу, запушчаных з раёнаў Прыморска-Ахтарска, Арла, Бранска і мыса Чауда ў анэксаваным Крыме, гаворыцца ў прэс-рэлізе УСУ.

Сілы ўкраінскай СПА да раніцы збілі 62 дроны ў Адэскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Запарожскай і Данецкай абласцях. Яшчэ 67 расійскіх дронаў, па дадзеных УСУ, "лакацыйна страчаныя" у розных рэгіёнах Украіны.

Таксама дзесяць беспілотнікаў выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў напрамку Беларусі, Малдовы, Расіі.

Прынамсі 10 дронаў заляцелі ў Беларусь гэтай ноччу

Уначы з 9 на 10 лістапада ў Беларусь з Украіны заляцелі як мінімум 10 расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед», паведамляе «Беларускі Гаюн».

Дроны праходзілі праз «беларускі калідор» Славуціч-Прыпяць, заляталі з Чарнобыля і Лоева і даляталі да Мазырскага раёна.

Глядзіце таксама

Беспілотнікі масава атакавалі Маскву

Улады Масквы і Падмаскоўя паведамілі аб масавым нападзе беспілотнікаў, гараць прыватныя дамы і машыны, перадае Бі-бі-сі.

На раніцу нядзелі колькасць беспілотнікаў, збітых на падлёце да Масквы, дасягнула 32, паведаміў мэр Сяргей Сабянін. Паводле яго слоў, сілы СПА Мінабароны збілі БПЛА ў гарадскіх акругах Дамадзедава, Раменскае і Каломна.

Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ў Раменскім пасля падзення беспілотнікаў загарэліся два дамы. Згодна з яго словамі, ад аскепкаў пацярпела 52-гадовая жанчына, зараз яна ў рэанімацыі ў стане сярэдняй цяжкасці. Як удакладняе тэлеграм-канал Baza, адна хата разбураная, у іншай гарыць дах. Таксама быў пашкоджаны аўтамабіль, які праязджаў міма.

Пасля атакі беспілотнікаў тры аэрапорты — «Дамадзедава», «Шарамеццева» і «Жукоўскі» — прыпынілі палёты.

Таксама беспілотнікі атакавалі Арлоўскую і Калужскую вобласці.

Украінскія беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Бранскай вобласці

«Сёння ноччу падраздзяленні войскаў беспілотных сістэм УСУ нанеслі агнястрэльнае паражэнне складам боепрыпасаў 1060-га цэнтра матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (былы 120-ы арсенал Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення) у Бранску», — паведамілі ў Генштабе. 

«Зафіксавана не менш за 8 выбухаў. Вынікі аб'ектыўнага кантролю сведчаць аб наяўнасці на тэрыторыі вайсковай часткі не менш як двух ачагоў узгарання і прыкмет другаснай дэтанацыі», — удакладнілі ва УСУ. 

Жыхары Суджы выйшлі на стыхійны мітынг у Курску. Улады рэгіёну назвалі пратэстную акцыю "незаконнай"

Жыхары Суджы, якія ўцяклі са свайго горада з-за ваенных дзеянняў, арганізавалі стыхійны мітынг у Курску. Яны запатрабавалі ад рэгіянальных уладаў эвакуіраваць з Суджы мірных жыхароў і прызнаць, што ідзе вайна, перадае Бі-бі-сі.

Кіраўнік упраўлення па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Анатоль Дроган, які выйшаў да пратэстоўцаў, папрасіў прысутных сысці з цэнтральнай плошчы Курска, а затым назваў мітынг «незаконнай акцыяй».

«Вас штурхаюць на незаконныя дзеянні. Мы жывем з вамі ў рэжыме КТА, на жаль, гэта не ад улады залежыць. Улада нікога з ворагаў не штурхала на мяжу, гэта вайна. […] Гэта не кіруецца ўладай, быў прарыў, войскі, якія там стаялі, яны загінулі», — сказаў чыноўнік (цытата паводле выдання «7×7»).

Ён прапанаваў жыхарам Суджы напісаць калектыўны зварот у грамадскай прыёмнай. Пазней да ўдзельнікаў пратэстнай акцыі выйшла прадстаўніца абладміністрацыі і паабяцала 12 лістапада арганізаваць сустрэчу з губернатарам Аляксеем Смірновым.