Паміж «мы будзем з вамі столькі, колькі спатрэбіцца» і рэальнасцю на полі бою ёсць разрыў — эксперты

Блінкен правёў шэраг афіцыйных сустрэч, сыграў рок-баладу ў бары, падкрэсліў важнасць барацьбы з карупцыяй падчас выступу ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце і анансаваў новы пакет дапамогі ЗША на 2 мільярды долараў.

Дзяржсакратар ЗША Блінкен падчас візіту ва Украіну

Дзяржсакратар ЗША Блінкен падчас візіту ва Украіну

Пра сэнс гэтага візіту па-за межамі дыпламатычнага пратаколу «Голас Амерыкі» пацікавіўся ў амерыканскіх экспертаў.

Сігнал, што Украіна можа разлічваць на ЗША

Многія ўкраінцы ўспрынялі візіт Блінкена даволі скептычна. Праз затрымкі амерыканскай дапамогі расіянам удалося прасунуцца на фронце, а з-за інтэнсіўных абстрэлаў інфраструктуры і недахопу сродкаў СПА ва Украіне ў першы дзень візіту былі ўведзеныя планавыя адключэнні электраэнергіі.

Аднак у цэлым візіт кіраўніка Дзярждэпу быў важны — ён прадэманстраваў, што ЗША настроеныя на поспех Кіева, лічыць былы амбасадар ЗША ва Украіне Уільям Тэйлар.

«Вынікі і наступствы затрымкі [з дапамогай Украіне] мы бачым на перадавой. Таму для дзяржсакратара Блінкена было асабліва важна прадэманстраваць, што ЗША з імі, і запэўніць украінцаў, што яны могуць разлічваць на ЗША», — растлумачыў Тэйлар.

Па словах Уільяма Памэранца, дырэктара Інстытута Кенана Цэнтра Вільсана, мэтай Блінкена было супакоіць Кіеў на фоне расійскага наступу і нагадаць ім, што амерыканская зброя ўжо на шляху.

«Ён хацеў сказаць Украіне, што ідзе артылерыя і ўзбраенне, і што Украіна павінна стаяць цвёрда, і я думаю, што гэта важны пасыл у святле таго, што зброя так позна прыбыла ва Украіну», — лічыць ён.

Вашынгтон павінен адкалібраваць сваю палітыку

У Кіеве Энтані Блінкен звярнуўся да некалькі нестандартнай дыпламатычнай дзейнасці. У прыватнасці, ён наведаў мясцовыя ўкраінскія ўстановы, такія як Veteran Hub і Barman Dictat, дзе заявіў, што разумее цяжкія часы, якія перажывае ўкраінскі народ.

Па словах Памеранца, гэта была спроба нефармальна пагутарыць з украінцамі і падтрымаць іх. Уільям Тэйлар лічыць, што такія зносіны былі карыснымі, бо ўкраінцы на ўласным вопыце ведаюць, як гэта — жыць у краіне, дзе ідзе вайна, і могуць расказаць пра гэта амерыканскаму чыноўніку з першых вуснаў.

Аднак эксперт Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады Мелінда Херынг лічыць, што гэтыя намаганні не ўвянчаліся поспехам, бо затрымкі амерыканскай дапамогі прывялі да расчаравання і гневу ва ўкраінцах.

 «Гэта спроба засцерагчы сябе ад будучых абвінавачванняў. ЗША не адпраўлялі зброю 8 месяцаў — з-за затрымкі ў Кангрэсе. Паміж высокай рыторыкай «мы будзем з вамі, колькі спатрэбіцца» і рэальнасцю на полі бою існуе істотны разрыў. Ёсць вялікая праблема адсутнасці сінхроннасці, і Вашынгтону трэба адкалібраваць сваю палітыку», — разважае Харынг.

Чытаць лекцыі пра карупцыю ўкраінцам цяпер недарэчна — Харынг

Акрамя таго, эксперт лічыць, што выступ Блінкена ў Кіеўскім палітэхнічным інстытуце быў недарэчным, бо ўкраінцы чакалі ад яго спагады і разумення крытычнай сітуацыі, а замест гэтага атрымалі лекцыю пра карупцыю.

«Украінцы змагаюцца, і яны настолькі знясіленыя, што, калі галоўны дыпламат ЗША марнуе каштоўны час, чытаючы ім лекцыі аб карупцыі, яны расчароўваюцца», — кажа яна.

З гэтым згодны і старшы дырэктар Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады Джон Хербст. На яго думку, гаворачы пра карупцыю ва Украіне, дзяржсакратар прагучаў некарэктна, таму гэты выступ не атрымаў падтрымкі нават сярод прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія змагаюцца з гэтай карупцыяй.

«Карупцыя ва Украіне — сур’ёзная праблема. Але самая вялікая праблема — гэта вайна», — падкрэсліў ён.

Спроба прадэманстраваць, што амерыканцы падтрымліваюць Украіну ў цяжкую хвіліну, правалілася — Хербст

Хербст ацэньвае візіт Блінкена як няўдалы, бо спроба прадэманстраваць, што амерыканцы падтрымліваюць Украіну ў цяжкую хвіліну, на яго думку, правалілася.

«Цяпер ідзе надзвычай разбуральная расійская паветраная кампанія, і Блінкен не прынёс ніякіх навін аб тым, што ЗША могуць даць ёй супрацьстаяць — хоць бы часткова кампенсаваць шкоду», — тлумачыць эксперт.

Ён лічыць, што такой дапамогай могуць стаць дадатковыя сістэмы СПА Patriot, калі ЗША змогуць пераканаць Іспанію ці Грэцыю падзяліцца імі з Украінай.

Акрамя таго, Хербст лічыць, што адмена забароны на выкарыстанне амерыканскай зброі на тэрыторыі Расіі магла б дапамагчы абароне на Харкаўскім кірунку.

«Гэтае абмежаванне — адна з прычын, чаму Харкаў так пакутуе. Калі б мы дазволілі Украіне страляць па расійскіх самалётах, якія знаходзяцца ў расійскай паветранай прасторы, і запускаць крылатыя бомбы, якія забіваюць людзей, у Харкаве загінула б менш людзей», — кажа Хербст.

Падчас візіту Блінкен заявіў, што ЗША не заахвочваюць Украіну наносіць удары амерыканкай зброяй па цэлях унутры Расіі, але лічаць, што Кіеў сам павінен вырашыць, «як весці гэтую вайну».

Раней адміністрацыя Байдэна настойвала на тым, што прадастаўленая ЗША зброя можа выкарыстоўвацца для барацьбы з расійскай агрэсіяй толькі на суверэннай тэрыторыі Украіны. Такую пазіцыю эксперты патлумачылі страхам эскалацыі канфлікту з боку Расіі.

Нагадаем, часопіс Politico паведаміў, што Украіна спрабуе пераканаць адміністрацыю Байдэна адмяніць гэтую забарону. Дзеля гэтага ў Вашынгтоне знаходзіцца група ўкраінскіх дэпутатаў, якія тлумачаць адміністрацыі і заканадаўцам у Кангрэсе, што такая палітыка, у прыватнасці, не дазволіла ўкраінскім вайскоўцам атакаваць пазіцыі расійскіх вайскоўцаў, калі тыя рыхтаваліся да наступу на Харкаў з тэрыторыі РФ.

Аднак адзін з галоўных вынікаў гэтай паездкі — абвяшчэнне двухмільярднага пакета, які ўключае тры асноўныя кампаненты: закупку неабходнага абсталявання ў ЗША, у трэціх краінах і інвестыцыі ў вытворчасць зброі самой Украінай.

Гэта трэці пакет дапамогі пасля таго, як Кангрэс прыняў закон тры тыдні таму. Уільям Памеранц адзначае: калі ЗША змогуць хутка забяспечыць гэтыя рэсурсы, то Украіна зможа сама вырабляць неабходную ваенную тэхніку для падтрымкі намаганняў на полі бою, а не чакаць дапамогі ад іншых краін.

«Гэта вельмі важная падзея. Але хуткасць важная, і яна стане галоўным вызначальным фактарам поспеху», — лічыць ён. 

Стратэгія перамогі Украіны ці стратэгія правалу Расіі

На думку Джона Хербста, цяпер галоўнай праблемай адносін паміж Украінай і ЗША з'яўляецца адсутнасць выразнай стратэгіі перамогі Кіева.

«Няма іншай стратэгіі, акрамя таго, каб пераканацца, што Расія не выйграе і не падрывае інтарэсы ЗША. Яны рэагуюць спантанна. Пакуль гэта працавала нармальна, але гэта не дальнабачна. І гэта стварала праблемы і для адміністрацыі, і для ЗША, і для Украіны», — тлумачыць эксперт.

«Рада нацыянальнай бяспекі не верыць у перамогу Украіны. Яны хочуць даць Украіне неабходную зброю, каб заключыць лепшую здзелку за сталом перамоваў. Але свет не так уладкаваны. Погляд Вашынгтона вельмі наіўны, і я думаю, што нам трэба прачнуцца, таму што мы знаходзімся ў ключавым моманце вайны», — дадае Херынг.

У той жа час закон аб фінансаванні дапамогі Украіне патрабуе ад адміністрацыі прадставіць кангрэсу сваю стратэгію. Тэрмін, у які чыноўнікі павінны гэта зрабіць, — 8 чэрвеня.

«Я вельмі хачу, і я думаю, што ўсе ўкраінцы хочуць, каб убачыць, што адміністрацыя Байдэна лічыць перамогай. Гэта межы 1991 года? Ці ўключае ў сябе Крым? Гаворка ідзе пра сяброўства ў НАТА да заканчэння вайны? Гэта дэталі, на якія, я думаю, мы ўсе чакаем адказу», — заключае эксперт.