ISW: Расія можа пачаць ваенныя аперацыі супраць NATO да 2030 года

Цягам пяці гадоў Расія будзе гатовая напасці на краіны NATO — таму што ў Маскве не лічаць дзейсным пяты артыкул статута Альянса пра ўзаемадапамогу. Прынамсі, адразу некалькі адмыслоўцаў заявілі пра агрэсіўныя планы Пуціна. Украіна сапраўды становіцца стрымліваючым фактарам расійскай агрэсіі. Ідзе 1203-ці дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

495373460_1043006601345751_7510256979860050105_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 174 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 атаку расіян ў раёнах Новай Палтаўкі, Багданаўкі, Міралюбаўкі, Лізаветаўкі, Малінаўкі, Лысоўкі, Удалага, Аляксееўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 18 атак паблізу Канстанцінопалю, Навасёлкі, Зялёнага Поля, Вольнага Поля, Шаўчэнкі, Багатіра.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 13 атак паблізу Дыліеўкі, Тарэцка і ў напрамку Яблонаўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў паблізу Ліпавага, Надзеі і ў напрамку Рэдкадубу, Карпаўкі, Новага Свету, Альгоўкі і Грыгароўкі.

На Купянскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 11 атак расіян паблізу Кандрашоўкі, Загрызава, Зялёнага Гаю, Галубоўкі і іншых.

На Курскім кірунку УСУ за мінулыя суткі адбілі 38 атак расійскіх войскаў. Армія РФ нанесла 15 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 23 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Расія масіравана атакавала Кіеў «Шахедамі» і ракетамі. У розных раёнах горада фіксуюць падзенне аскепкаў. Вядома пра чатырох пацярпелых.

У выніку начной атакі ўдарнымі беспілотнікамі ў Адэсе атрымала пашкоджанні адміністрацыйная частка радзільні. Таксама цалкам разбураны адміністрацыйны будынак станцыі экстранай медыцынскай дапамогі.

Зафіксавана трапленне ў жылы дом. У выніку атакі загінуў 59-гадовы мужчына, прынамсі чатыры чалавекі атрымалі раненні.

Два чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў з розных відаў узбраення па Днепрапятроўшчыне, у вобласці пашкоджаныя дамы, інфраструктура, СТА і лінія электраперадач.

* * *

504849492_1063846435928434_7277880681317482731_n.jpg

* * *

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа цалкам не адмовіцца ад аказання дапамогі Украіне, нягледзячы на заклікі амерыканскага лідара спыніць ваенную падтрымку, піша Foreign Policy.

Верагодна, Трамп абвінаваціць Украіну і Расію ў няздольнасці выканаць яго ўказанні і адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў дыпламатыі, а таксама спыніць пастаўкі амерыканскай зброі Кіеву. Аднак, як лічаць крыніцы выдання, амерыканская адміністрацыя цалкам ад Украіны не адмовіцца.

«Амерыканскія палітыкі, сярод якіх большасць рэспубліканцаў, усведамляюць, што Вашынгтон можа страціць занадта шмат ад патэнцыйнай паразы Украіны. ЗША могуць і, верагодна, будуць рабіць прапановы, аналагічныя папярэдняй падтрымцы, калі гэта не абыдзецца Вашынгтону занадта дорага», — піша выданне.

Са слоў крыніц, Вашынгтон не будзе прыпыняць доступ Украіны да звестак са спадарожнікаў, якія маюць вырашальнае значэнне на полі бою. «Крытычна важна, што гэта адна з нямногіх тэхналогій, якую не могуць замяніць ні ўкраінцы, ні іх еўрапейскія саюзнікі. Без яе Кіеў апынуўся б у нявыгадным становішчы. Але гэтага не адбудзецца, таму што пастаянны доступ Украіны дазваляе Злучаным Штатам трымаць руку на пульсе вайны, а не стаяць у баку ў якасці бескарыснага назіральніка», — адзначылі ў артыкуле.

* * *

Германія б'е трывогу з-за пагрозы з боку Расіі. Шмат што паказвае на тое, што ў Крамлі паспрабуюць «праверыць» артыкул 5 NATO, згодна з якім напад на аднаго чальца Альянсу з'яўляецца нападам на ўвесь блок, заявіў кіраўнік Федэральнай выведвальнай службы Германіі (BND) Бруна Каль.


На яго думку, Расія не абмяжуецца планамі захапіць Украіну. І прычына ў тым, што ў Маскве ўсё больш сумневаў у здольнасці Альянсу дзейнічаць адзіным фронтам.

«Мы абсалютна ўпэўненыя і маем выведвальныя доказы: Україна — толькі адзін крок. У Маскве ёсць тыя, хто больш не верыць, што артыкул 5 NATO дзейнічае. І яны хочуць гэта праверыць», — заявіў чыноўнік.

* * *

Расія нарошчвае свой вайсковы патэнцыял і будзе гатовая ўжыць сілу супраць дзяржаў NATO цягам пяці гадоў, заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ падчас выступу ў Chatham House ў Лондане 9 чэрвеня.

Павялічваючы вайсковую вытворчасць, праз пяць гадоў Расія дасягне ўзроўню, які дазволіць ёй атакаваць NATO, перакананы генеральны сакратар Альянсу.

«Расія аб'ядналася з Кітаем, Паўночнай Карэяй і Іранам. Яны пашыраюць свае ўзброеныя сілы і магчымасці. Вайсковая машына Пуціна паскараецца, а не запавольваецца. Расія аднаўляе свае сілы з дапамогай кітайскіх тэхналогій і вырабляе больш зброі хутчэй, чым мы думалі», — растлумачыў ён.

Са слоў генеральнага сакратара NATO, толькі кажучы пра боепрыпасы, Расія вырабляе за тры месяцы столькі, колькі ўсе дзяржавы NATO вырабляюць за год. «Абаронна-прамысловая база Расіі, як чакаецца, толькі сёлета выпусціць 1500 танкаў, 3000 браніраваных машын і 200 ракет Іскандэр», — паведаміў ён.

«Не будзем сябе падманваць. Мы ўсе цяпер на ўсходнім флангу. Новае пакаленне расійскіх ракет рухаецца з хуткасцю, якая у разы перавышае хуткасць гуку. Адлегласць паміж еўрапейскімі сталіцамі складае толькі лічаныя хвіліны. Няма больш ні Усходу, ні Захаду, ёсць толькі NATO», — падкрэсліў Марк Рутэ.

* * *

У заходніх службах бяспекі мяркуюць, што Расія рыхтуецца да зацяжной канфрантацыі з NATO. Ваенныя аперацыі супраць краін-членаў альянсу РФ можа пачаць да 2030 года, адзначаюць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW), каментуючы словы генеральнага сакратара NATO.

Генсек NATO Марк Рутэ казаў пра тое, што Расія імкліва нарошчвае вытворчасць зброі ў супрацоўніцтве з Кітаем, Паўночнай Карэяй і Іранам, а таксама аднаўляе свае сілы з выкарыстаннем кітайскіх тэхналогій, і можа і будзе гатовая ўжыць сілу супраць дзяржаў NATO цягам пяці гадоў. У ISW такі тэрмін назвалі нават аптымістычным.

«Паводле ацэнак ISW, Расіі не трэба аднаўляць свае сілы да ўзроўню, які існаваў да 2022 года, каб прадстаўляць пагрозу для краін NATO. Яна можа пачаць ваенныя аперацыі супраць дзяржаў NATO да 2030 года», — патлумачылі аналітыкі.