«І ты, Брут». Кітай забараніў пастаўкі ўласных працэсараў у Расію

Кіраўніцтва Кітая забараніла экспарт працэсараў Loongson у Расію і іншыя краіны. Рашэнне звязана з тым, што тэхналогія прызнана стратэгічна важнай і выкарыстоўваецца ў ваенна-прамысловым комплексе Кітая.

kmo_120232_26044_1_t247_215513.webp


Некаторыя расійскія вытворцы электронікі ўжо на працягу доўгага часу тэсціравалі гэтыя чыпы, але цяпер набыць партыю немагчыма, распавёў «Коммерсанту» суразмоўца, блізкі да Мінінфармацыі Расіі. Ён дадаў, што расійскія кампаніі не моцна залежаць ад кітайскіх працэсараў, але пры ўзнікненні праблем з паралельным імпартам яны спадзяваліся пераключыцца на рашэнні Loongson.

«Найлепшыя чыпсэты ў Кітаі выкарыстоўваюцца ў вайскова-прамысловым комплексе, гэта асноўная прычына, чаму яны недаступныя для знешніх рынкаў», — сказаў суразмоўца «Коммерсанта».

Карпарацыя «Loongson» заснавана ў 2002 годзе Акадэміяй навук Кітая для стварэння альтэрнатывы амерыканскім працэсарам Intel і AMD. Вясной 2021 года карпарацыя прадставіла ўласную архітэктуру Loongson Instruction Set Architecture (LoongArch), сумяшчальную з праграмамі, напісанымі пад архітэктуру Intel (X86) і AMD (ARM).

Пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне вядучыя вытворцы працэсараў, на якіх працавалі ў тым ліку расійскія камп'ютары, СХД, серверы і іншае, Intel і AMD, прыпынілі пастаўкі ў РФ. Пасля гэтага ў Расіі легалізавалі паралельны імпарт: крымінальная і адміністрацыйная адказнасць за ўвоз прадукцыі без дазволу праваўладальніка была адменена. У пераліку тавараў, дазволеных для ўвозу па каналах паралельнага імпарту, ёсць, у прыватнасці, прадукцыя Intel.

У выпадку блакіравання паралельнага імпарту і сканчэння запасаў працэсараў Intel і AMD расійскія кампаніі маглі б выкарыстоўваць прадукцыю Loongson, калі б не пастанова ўлад КНР.