951-ы дзень вайны ва Украіне: Рускія войскі амаль у цэнтры Вуглядара
У сеціве пачалі з'яўляцца відэа, на якіх вайскоўцы РФ усталёўваюць расійскія сцягі ў розных частках Вуглядара. РФ абстраляла раніцай рынак у цэнтры Херсона, загінулі сем чалавек. Расіяне абстралялі жылыя кварталы Запарожжа: пакуль вядома пра аднаго загінулага ішэсць параненых. Украінскія салдаты, якія калісьці спадзяваліся вызваліць свае землі, цяпер жадаюць перамоваў з Расіяй, каб пакласці канец перспектыве «вечнай вайны», піша Financial Times
Вуглядар захоплены войскамі РФ?
Апублікаваныя відэа, на якіх расійскія вайскоўцы падымаюць сцягі ва Вуглядары. Горад, верагодна, захоплены.
Расійскія войскі ўвайшлі ў цэнтр Вуглядара, дзе размяшчаецца важны ўмацаваны раён УСУ ў Паўднёвым Данбасе. Пра гэта ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў заявіў кіраўнік вайсковай адміністрацыі Данецкай вобласці Вадзім Філашкін. Ён ахарактарызаваў сітуацыю ў горадзе як вельмі цяжкую.
Расійскія вайскова-прапагандысцкія тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што расійскія часткі зайшлі на заходнюю частку горада Вуглядара, і публікуюць відэа са сцягамі на двух паўразбураных шматпавярховых дамах.
На ўсходнюю ўскраіну Вуглядара расіянезайшлі ўжо некалькі дзён таму.
Паводле аналізу расійскага незалежнага выдання «Медуза», расійскія сцягі ўсталявалі ва ўсходняй, паўночнай, заходняй і цэнтральнай частках горада — гэта пацвярджае геалакацыя размешчаных відэа. Такія ролікі звычайна здымаюць у доказ таго, што горад захоплены.
Некаторыя праваенныя тэлеграм-каналы лічаць, што ўкраінскія войскі яшчэ застаюцца ў асобных частках горада. Мінабароны РФ афіцыйна аб захопе горада не абвяшчала.
Нагадаем, да канца верасня расійскія войскі амаль цалкам атачылі Вуглядар. Асноўныя сілы УСУ ўжо пакінулі горад.
Да пачатку поўнамаштабнай вайны Вуглядар быў невялікім горадам — крыху больш за кіламетр з захаду на ўсход. Там пражывалі каля 15 тысяч чалавек. Цяпер горад практычна разбураны.
РФ абстралялі жылыя кварталы Запарожжа, адзін чалавек забіты і 6 параненыя
Сёння, 1 кастрычніка, расійскія войскі нанеслі шэраг удараў па жылых кварталах і аб'ектах інфраструктуры Запарожжа. Пакуль вядома аб 1 загінулым і 6 параненых, піша РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал кіраўніка Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Івана Фёдарава.
Па словах Фёдарава, праціўнік нанёс шэсць удараў.
«Пашкоджаныя шматпавярховыя дамы і прыватныя дамы, пацярпелі аб'екты інфраструктуры», — дадаў ён. Праціўнік наносіў удары авіябомбамі.
Расіяне абстралялі рынак у цэнтры Херсона, вядома пра сем загінулых
Сёння, 1 кастрычніка, РФ абстраляла рынак у цэнтры Херсона. На дадзены момант вядома аб сямі загінулых, паведамляецца ў Telegram-канал кіраўніка Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксандра Пракудзіна.
Пад удар патрапілі гандлёвыя пункты рынку.
Паводле звестак пракуратуры Херсонскай вобласці, РФ нанесла ўдар каля 9:00 раніцы, верагодна, са ствольнай артылерыі. У выніку абстрэлу загінулі сем чалавек , у тым ліку тры жанчыны і чатыры мужчыны. Таксама вядома аб трох параненых , якім цяпер аказваецца кваліфікаваная медыцынская дапамога.
Па факце парушэння законаў і звычаяў вайны распачата дасудовае расследаванне па крымінальнай вытворчасці.
- Абстрэл Украіны
Нагадаем, Расійская Федэрацыя амаль кожную ноч атакуе Украіну. У прыватнасці, рэгулярна падвяргаюцца нападам прыфрантавыя населеныя пункты. Сёння, 1 кастрычніка, РФ выпусціла 32 беспілотнікі «Шахед» па Украіне. Супрацьпаветранай абароны (ПРА) удалося знішчыць 29 беспілотных лятальных апаратаў (БЛА). Астатнія тры беспілотніка страцілі месцазнаходжанне ў выніку зенітнага абстрэлу.
Расія за верасень запусціла па Украіне 1339 «Шахедаў»
Украінскае агенцтва вайсковай прапаганды АрміяInform, падсумаваўшы звесткі са зводак паветраных сіл УСУ, падлічыла, што ў верасні Расія
запусціла па Украіне рэкордную колькасць беспілотнікаў-камікадзэ тыпу «Шахед» —
1339.
Расійскія вайскоўцы запускалі «Шахеды» кожны дзень, у сярэднім
па 44,6 у суткі; паводле рапартаў украінскіх вайскоўцаў, збітыя былі 1107
беспілотнікаў (83%) і яшчэ нейкая частка была падаўленая сродкамі
радыёэлектроннай барацьбы.
Расія пачала закупляць іранскія беспілотнікі тыпу «Шахед» у першы год вайны
ва Украіне. І Масква, і Тэгеран, насуперак шматлікім доказам, адмаўлялі факт паставак гэтых дронаў; расіяне, спрабуючы схаваць закупкі ў Ірана, далі ім найменне «Герань-2», а пазней наладзілі іх вытворчасць у сябе.
Украіна стала больш адкрытай для перамоваў з Расіяй — FT
Украіна рухаецца да таго, што можа стаць
самым змрочным момантам вайны. Расійскія войскі няўмольна рухаюцца наперад,
хоць і з велізарнымі стратамі ў людзях і тэхніцы. Так ацэньвае сітуацыю
Financial Times у сваім аглядным матэрыяле, адзначае ВВС.
Прэзідэнту Уладзіміру
Зяленскаму, які вярнуўся з ЗША, давядзецца сутыкнуцца з расійскім наступам,
грамадствам, знясіленым за два з паловай гады вайны, і пагрозай дэфіцыту энергіі
зімой.
Акрамя таго,
Кіеў сутыкнуўся з ціскам саюзнікаў, якія патрабуюць знайсці спосаб вырашэння
канфлікту шляхам перамоў.
На камандным
пункце пад Пакроўскам Данецкай вобласці, у напрамку якога наступае расійскае
войска, вайскоўцы скардзяцца на нерашучасць Вашынгтону адносна дазволу Кіеву страляць
заходнімі ракетамі па цэлях у Расіі.
Калі б можна было ваяваць «абедзвюма рукамі, а не адной рукой, завязанай за спіной», то ва УСУ маглі б быць шанцы супрацьстаяць больш магутнай расійскай арміі, паскардзіўся журналістам аператар ўдарнага беспілотніка.
«Даволі складана ўявіць, што мы зможам адкінуць ворага да межаў 1991 года», — адзначыў выданню адзін з вайскоўцаў.
Паводле Financial Times, салдаты, якія калісьці спадзяваліся вызваліць свае землі, цяпер жадаюць перамоваў з Расіяй, каб пакласці канец перспектыве «вечнай вайны».
«Я цяпер за перамовы», — кажа адзін з суразмоўцаў газеты. Ён баіцца, што яго сын, таксама вайсковец, можа правесці большую частку жыцця ў баях, а яго ўнук можа атрымаць у спадчыну бясконцыя канфлікты.
«Калі ЗША перакрыюць кран, мы скончым», — сказаў выданню іншы афіцэр.
Украіна ўпарта спрабуе аднавіць свае знясіленыя шэрагі матываванымі і добра падрыхтаванымі салдатамі, а мабілізацыя стварае рэальную сацыяльную напружанасць, канстатуе Financial Times. Украіна таксама знаходзіцца пад пагрозай адключэння электрычнасці (і патэнцыйна ацяплення) зімой.
«Грамадства знясіленае, — лічыць кіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады па знешняй палітыцы Аляксандр Меражко.
У той жа час Зяленскі знаходзіцца пад узмацненнем ціску з боку заходніх партнёраў, якія патрабуюць урэгулявання шляхам перамоў, нават калі ёсць скептыцызм адносна гатоўнасці Расіі ўступіць у перамовы ў найбліжэйшы час.
І ёсць таксама асцярогі, што пазіцыя Украіны занадта слабая, каб забяспечыць справядлівую здзелку прама цяпер, піша Financial Times.
«Большасць гульцоў жадаюць тут дээскалацыі», — сказаў выданню высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік.
Самая вялікая пагроза з боку саюзнікаў для Кіева — магчымая перамога на выбарах у ЗША Дональда Трампа, які можа паспрабаваць навязаць Украіне нявыгаднае мірнае пагадненне пад пагрозай спынення ваеннай дапамогі.
Самыя заўзятыя прыхільнікі Украіны ў Еўропе не маюць дастатковых запасаў зброі, каб падтрымаць Кіеў, калі ЗША спыніць пастаўкі, адзначае FT.