Пракуратура абяцае разглядзець заяву Бяляцкага пра катаванні «патрыётаў»

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка з лістом, у якім просіць праверыць звесткі аб магчымых катаваннях затрыманых фігурантаў «справы патрыётаў» у вязніцах КДБ і міліцыі.

44095e00_cc4a_48a7_b898_9b04d28565e5_w1023_r1_s.jpg

«Як прадстаўнік праваабарончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з’яўленнем інфармацыі аб магчымым выкарыстанні недазволеных метадаў у дачыненні да абвінавачаных у гэтай справе. Асабліва ўлічваючы той факт, што інфармацыя аб катаваннях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла сваё пацверджанне», — сказана ў лісце Алеся Бяляцкага.

 Пра катаванні фігурантаў «справы патрыётаў», былых актывістаў цяпер неіснуючай арганізацыі «Белы легіён», заявіў колішні кіраўнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў (Бульба).

 

Сяргей Чыслаў

Сяргей Чыслаў

«Выпускаюць тых, хто ніякім чынам не ўпісваецца ў справу, сшытую белымі ніткамі. І нават улічваючы тое, што ў дачыненні да хлопцаў прымяняліся катаванні ды псіхатропныя сродкі, следчыя органы не знаходзяць ніякіх нагодаў, каб абʼяднаць усё ў адзіную справу. Некалькі чалавек былі выпушчаныя паводле стану здароўя, і пасля пабояў яны там ледзь не памерлі, таму іх прадбачліва выпусцілі. Паводле нашай інфармацыі, у іх тэндэнцыя 6–7 чалавек затрымаць надоўга, а іншых, верагодна будуць патроху вызваляць», — казаў Сяргей Чыслаў 19 мая на прэсавай канферэнцыі ў Кіеве.

 Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які таксама не выключае фактаў катавання фігурантаў «справы патрыётаў», у лісце да Аляксандра Канюка ў тым ліку спаслаўся на службовыя відэаздымкі пра затрыманага Міраслава Лазоўскага, паказаныя па БТ.

 «Так, адзін з затрыманых у справе Міраслаў Лазоўскі, як вынікае з сюжэту, паказаным па нацыянальным тэлебачанні, падчас затрымання быў збіты, на твары былі сляды крыві і пабояў. Між тым законнасць і неабходнасць прымянення да яго фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаванням дзейнага заканадаўства, не мець характару здзекаў і катаванняў», — лічыць Алесь Бяляцкі і заклікае Генпракуратуру прыняць па выніках праверкі захады пракурорскага ўздзеяння, каб падобнае больш не паўтаралася.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Атрымаць каментар наконт заяваў пра меркаваныя катаванні ў СІЗА КДБ ад прэсавай службы КДБ пакуль не ўдалося. Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч на просьбу пракаментаваць звесткі пра меркаваныя катаванні фігурантаў справы «Белага легіёну» сказаў: «А чаго вы нам звоніце? Званіце ў пракуратуру. Будзе да нас зварот, будзем каментаваць».

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Пётр Кісялёў запэўніў карэспандэнта “Радыё Свабода”, што «заява Алеся Бяляцкага ў законным парадку будзе разгледжаная».

 www.svaboda.org