Еўрасаюз збіраецца ўважліва сачыць за «справай патрыётаў»
Еўрасаюз не будзе рабіць нейкіх новых крокаў, звязаных з веснавымі масавымі вулічнымі пратэстамі і арыштамі ў Беларусі, але збіраецца ўважліва сачыць за «некаторымі расследаваннямі». Пра гэта ў каментары парталу tut.by заявіла кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.
Па яе словах, ЕС працягне палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю». Але, дадала Віктарын, часам аб захаванні правоў чалавек лепш гаварыць «на прамых перамовах, а не публічна».
«Але наша супрацоўніцтва — гэта не толькі фінансавая падтрымка, але і агульныя каштоўнасці. Калі мы гаворым пра вяршэнства права, я хачу бачыць, як ідуць некаторыя расследаванні, якімі будуць суды і вынікі», — заявіла прадстаўніца ЕС. Яна дадала, што Еўрасаюз будзе ўважліва сачыць за так званай «справай патрыётаў», па якой затрыманыя чальцы былога «Белага легіёна» ды іншыя актывісты.
Як паведамлялася раней, у заяве ад 4 красавіка Еўрасаюз згадаў аб прэвентыўных арыштах напярэдадні і масавых затрыманнях падчас 25 сакавіка.
Паводле euroradio.fm