«Жахлівыя планы Пуціна цяпер зрываюцца». Джонсан нечакана прыехаў у Кіеў
Борыс Джонсан прыехаў з нечаканым візітам у Кіеў. Ён правёў перамовы з Уладзімірам Зяленскім і паабяцаў Кіеву 120 бронемашын.
Прэм'ер-міністр
Вялікабрытаніі Борыс Джонсан прыбыў у Кіеў з візітам, пра які загадзя не
паведамлялася. Ён правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і
паабяцаў дадаткова адправіць Кіеву 120 адзінак бронетэхнікі і новыя
супрацькарабельныя ракетныя сістэмы.
Фатаграфію сустрэчы двух лідараў у сваім «Твітары» апублікавала Пасольства Украіны ў Вялікабрытаніі.
На Даўнінг-стрыт кажуць, што брытанскі прэм'ер асабіста сустракаецца з Зяленскім, «каб паказаць сваю салідарнасць з народам Украіны».
Намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Сібіга напісаў у сваім «Фэйсбуку», што візіт Джонсана пачаўся з перамоваў з Зяленскім, якія прайшлі ў фармаце сам-насам. «Вялікабрытанія — лідар у абароннай падтрымцы Украіны. Лідар у антываеннай кааліцыі. Лідар у санкцыях супраць расійскага агрэсара», — піша Сібіга.
У пятніцу, 8 красавіка, Джонсан абвясціў, што накіруе Украіне дадатковую вайсковую дапамогу на суму 100 млн фунтаў у адказ на абстрэл вакзала ў Краматорску, у выніку якога загінулі 52 чалавекі, што мелі намер эвакуявацца з горада. У ліку іншага пастаўкі зброі будуць уключаць супрацьтанкавыя і супрацьпаветраныя ракетныя сістэмы, а таксама «дроны-камікадзэ».
Брытанскі прэм'ер пасля сустрэчы з Зяленскім адзначыў, што «Украіна насуперак усім чаканням адкінула расійскія войскі ад Кіева і здзейсніла найвялікшы баявы подзвіг XXI стагоддзя». «Дзякуючы ўпэўненаму лідарству прэзідэнта Зяленскага і непераадольнаму гераізму і адвазе ўкраінскага народа жахлівыя планы Пуціна цяпер зрываюцца», — сказаў Джонсан.
Паводле ВВС