Віталь Портнікаў: Чаму выхад Украіны на межы 1991 года не скончыць вайну з РФ?
Калі Захад хоча захавацца, ён павінен спыніць гэтую вайну – не толькі дзеля нас, але і дзеля сябе. Журналіст, палітолаг і пісьменнік Віталь Портнікаў бачыць моцныя аргументы, чаму РФ будзе працягваць вайну, а магчыма, нават спрабаваць працягнуць яе на дзесяцігоддзі: гэтая вайна ўладу самога Уладзіміра Пуціна і аслабляе Еўропу.
Пра гэта Віталь Портнікаў разважае р размове з ВВС. Прапануем вам некаторыя развагі палітолага:
— Ад чаго цяпер больш за ўсё залежыць тое, як скончыцца вайна?
— Ад палітычнай волі цывілізаванага свету. Толькі ад гэтага, больш ні ад чаго.
Узброеныя Сілы Украіны могуць стварыць умовы для палітычнага рашэння цывілізаванага свету. Але калі гэтага палітычнага рашэння не будзе, УСУ не змогуць дамагчыся заканчэння гэтай вайны. Гэта, мне здаецца, цалкам відавочна для любога разважнага чалавека.
Мы — краіна, якая з пункту гледжання людскіх рэсурсаў непараўнальная з Расійскай Федэрацыяй. Ваенная дапамога цывілізаванага свету можа, вядома, абумовіць тое, што мы здолеем вызваліць свае тэрыторыі ад акупацыі. Прынамсі, многія, і я ў тым ліку, хацелі б у гэта верыць.
На Захадзе ўбачылі прыкметы новага этапу контрнаступлення Украіны. Расія гэта пацвярджае.
Але гэта не пытанне цвярозага разліку, таму што мы не ведаем, якія рэальныя вайсковыя магчымасці і Украіны, і Расіі сёння, якімі яны будуць заўтра. Мы проста маем пэўную інфармацыю. І гэтая інфармацыя сведчыць, што Расія ўжо выкарыстала палову свайго вайсковага патэнцыялу, а нас усё больш забяспечваюць зброяй партнёры. Так што мы гаворым у гэтых катэгорыях.
Але мы не павінны забываць адну важную рэч: нават калі ўявіць, што УСУ выходзяць на дзяржаўныя межы 1991 года, гэта не будзе заканчэннем вайны. Гэта — заканчэнне вайны толькі ў нашых з вамі галовах.
Ніхто не гарантуе, што Расійская Федэрацыя спыніць вайну, нават калі мы выйдзем на дзяржаўныя межы, у Крым. У гэтай сітуацыі відавочна, што для Расіі вайна ўсё роўна працягнецца, бо Пуцін стварыў гэтую пастку, анексаваўшы Крым, Данецкую, Луганскую, Запарожскую і Херсонскую вобласці.
Нават з гэтага пункту гледжання Расія можа працягваць гэтую вайну, улічваючы яе патэнцыял. Гэта можа быць вайна больш нізкай інтэнсіўнасці, чым цяпер: умоўна кажучы, пастаянныя баі на мяжы, спробы прарваць нашу абарону на іншых участках фронту...
— Спарадычныя ракетныя абстрэлы…
— Ракетныя абстрэлы, "Шахеды" стануць штодзённасцю.
Гэта значыць, паведамленні аб гібелі мірных жыхароў пяройдуць нават ва Украіне на пятае-шостае месца з пункту гледжання прыярытэтнасці навін.
Узнікае пытанне: як гэта скончыць? І, дарэчы, як гэтая сітуацыя будзе выглядаць з пункту гледжання функцыянавання дзяржавы? Паветраная прастора, парты, інвестыцыі, сяброўства ў NATO, сяброўства ў Еўрапейскім саюзе — усё тое, без чаго дзяржава ў прынцыпе не можа развівацца. Украіна ператворыцца ў тэрыторыю гора на ўскраіне Еўропы.
Такая тактыка вайны на знясіленне.
Я думаю, многія проста праглядзелі яе пачатак. Мы былі вельмі радыя, калі сталі сведкамі гераічнай барацьбы нашых воінаў за тое, каб не даць адбыцца пуцінскаму бліцкрыгу. Прычым, калі параўнаць тую колькасць узбраення, якое ў нас ёсць сёння, з тым, што было тады, то гэта было літаральна голымі рукамі.
Контрнаступленне Украіны: Заходняя бронетэхніка супраць расійскай абароны
Але бліцкрыг ужо даўно пацярпеў фіяска. Цяпер мы жывем у зусім іншай вайне. Гэта вайна на знясіленне, і гэтая вайна можа доўжыцца вельмі доўга.
Для прыкладу прывяду савецкую вайну ў Афганістане, дзе бліцкрыг, у прынцыпе, быў паспяховым, у адрозненне ад украінскага. Савецкія дэсантнікі забілі кіраўніка Рэвалюцыйнага савета Рэспублікі Афганістан Хафізулу Аміна, Савецкі Саюз захапіў Кабул і стварыў там уласную марыянеткавую адміністрацыю. Бабрак Кармаль — гэта ж тое, што хацелі зрабіць у Кіеве пасля ліквідацыі або выгнання Уладзіміра Зяленскага і ягоных паплечнікаў.
Але потым пачалася ўзаемная вайна на знясіленне. Афганскія паўстанцы хацелі знясіліць савецкі ваенны кантынгент, а савецкі ваенны кантынгент спрабаваў знясіліць той Афганістан, які не мог кантраляваць.
Савецкія войскі сапраўды сышлі з Афганістана праз дзесяцігоддзе, але яны пакінулі пасля гэтай вайны на знясіленне пустэчу, якая да гэтага часу не можа запоўніцца рэальнымі магчымасцямі для пабудовы цывілізаванай дзяржавы. І гэта вельмі небяспечна.
Дык чаму я кажу пра палітычную волю Захаду?
Нашы ўзброеныя сілы сваімі намаганнямі, майстэрствам сваіх ваеначальнікаў, целамі сваіх герояў могуць стварыць умовы для таго, каб вайна скончылася.
Але далей ідзе вобласць здагадак: што Пуцін усё зразумее, што ён пачне перамовы. Што ён усведамляе, што яму нявыгадна ваяваць.
Але пакуль я не бачу ніводнай прычыны, чаму б расійскі прэзідэнт мог так паступіць. Калі мы сапраўды лічым, што ён хоча вярнуць Расію да межаў СССР 1991 года і ён усведамляе, што не можа ўзяць Украіну, то прымірэнне з Украінай азначае канчатковы крах гэтага плана.
У такім выпадку працяг барацьбы з Украінай становіцца ўрокам для ўсіх былых савецкіх рэспублік. Гэта значыць, калі Крэмль кажа ўсім: "Далучайцеся да нашага інтэграцыйнага праекта", то кожны з лідараў постсавецкіх краін, кожны іх грамадзянін падумае: калі мы гэтага не зробім…
— …будзе як з Украінай...
— Будзе як з Украінай… І таму з Украінай павінна быць як мага горш.
І гэтага не абавязкова дамагацца шляхам вайны, дастаткова захаваць цяперашні статус-кво. Спарадычныя баі, абстрэлы, немагчымасць эканамічнага развіцця, гібель людзей. Гэта будзе выдатным урокам для ўсіх: што бывае з тымі, хто не падпарадкоўваецца Крамлю.
Гэта адна прычына [для Пуціна не ісці на перамовы].
Ёсць іншая прычына, значна больш сур'ёзная — дэградацыя палітычных працэсаў у Еўропе.
— Уласна, якая ў Захаду цікавасць умешвацца ў гэтую сітуацыю?
— Ну вось я якраз працягваю. Гаворка ідзе пра дэградацыю еўрапейскай палітыкі як такой. Пра ўзмацненне ультраправых партый, часта адкрыта прарасійскай накіраванасці. Тое, што мы сёння назіраем у Германіі – я маю на ўвазе ўзмацненне "Альтэрнатывы для Германіі" або рэйтынгі Марын Ле Пен у Францыі – гэта сур'ёзны сігнал.
Вядома, ёсць ультраправыя, якія прытрымліваюцца антырасейскіх поглядаў, але і яны не вялікія прыхільнікі еўрапейскага праекта.
І вось гэтыя дзве групы палітычных сіл – а яны будуць узмацняцца па меры працягу вайны і пагаршэння эканамічнага крызісу — як тэрміты, выедуць знутры ўсё, што было пабудавана пасля Другой сусветнай вайны.
Я думаю, што калі вайна ва Украіне працягнецца яшчэ да дзесяці гадоў, у еўрапейскага праекта будуць вялікія шанцы на разбурэнне. Тым больш, калі гэта супадзе з эпохай ізаляцыянізму ў Злучаных Штатах. Мы з вамі перамесцімся ў часы паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі з адначасовымі спробамі канкураваць з Кітаем.
І, наколькі я сабе ўяўляю, на гэта працуе дзяржаўны апарат Расіі: Уладзімір Пуцін чытае ўсе гэтыя аналізы і ўсе гэтыя прагнозы. Яны могуць быць памылковымі, але яны грунтуюцца на фактах, і ён можа лічыць, што яму трэба працягваць вайну дзеля гэтага.
Ну і трэці момант таксама вельмі важны.
Гэтая вайна ўзмацняе ўладу самога Уладзіміра Пуціна. З расійскім рэжымам за гэтыя 17 месяцаў адбылася неверагодная трансфармацыя. Да 24 лютага 2022 года расійскі рэжым быў класічнай дыктатурай хлусні – гэта значыць, гэта быў рэжым, які імітаваў дэмакратычныя працэдуры, у якім існавалі нейкія псеўданезалежныя СМІ, хай нават і на маргінэсе, былі ўмоўна апазіцыйныя партыі, хай нават і непарламенцкія.
Але пасля 24 лютага 2022 года расійская дыктатура стала імкліва ператварацца ў дыктатуру страху. У класічную дыктатуру, якімі былі дыктатуры ў ХХ стагоддзі. У дыктатуру ўмоўнага Сталіна, Маа Цзэдуна, Франка.
Гэта тры важныя слупы, на якіх грунтуецца пуцінская зацікаўленасць у вайне: дэградацыя Украіны, дэградацыя Еўропы і, калі хочаце, дэградацыя Расіі, таму што гэта таксама дэградацыя, але ў гэтай дэградацыі Пуцін адчувае сябе значна больш камфортна, чым дваццаць два гады да гэтага.
І таму, калі Захад хоча захавацца, ён павінен спыніць гэтую вайну – не толькі дзеля нас, але і дзеля сябе.