Азбука паліталогіі: Ці выкліча вайна чацвёртую хвалю дэмакратызацыі?

Лепшага трыгера для чацвёртай хвалі, чым «спецыяльная ваенная аперацыя» Расіі ва Украіне, бадай, не адшукаць. Just what the doctor ordered (тое, што доктар прапісаў). Кожны дадатковы дзень вайны павышае верагоднасць яе ўзнікнення на прасторах Саюзнай дзяржавы.

wave_11061.jpg

Усё ў адпаведнасці з прынцыпам некампетэнтнасці Пітэра, «у іерархічнай сістэме кожны індывід мае тэндэнцыю падняцца да ўзроўню сваёй некампетэнтнасці». Кампетэнтныя супрацоўнікі сваю энергію накіроўваюць на рашэнне рэальных праблем, некампетэнтныя — на рашэнне надуманых.
Заплюшчым вочы і паспрабуем прыгадаць краіну, у якой сярэднегадавыя тэмпы росту на працягу дзесяцігоддзя не перавышаюць 1% — і змены ўлады пры гэтым не адбываецца. Задачка з зорачкай, але калі паднапружыцца, то ёсць шанец знайсці краіну з такой экзатычнай характарыстыкай.
Здавалася б, усю сваю энергію палітычная эліта такой краіны павінна накіроўваць на пераадоленне застою. Аднак, насуперак чаканням, нічога такога не назіраецца.
Калі зоркі запальваюць — значыць, гэта каму-небудзь трэба. А калі эканоміка дзесяць гадоў топчацца на месцы — значыць, ёсць тыя, хто з таптання навучыўся здабывае сваю маленькую карысць.

Далёка не апошні супрацоўнік Інстытута сацыялогіі НАН РБ

Таптанне на месцы — гэта следства давядзення прынцыпу Пітэра да стану, блізкага да ідэальнага. На практыцы гэта азначае, што амаль сто працэнтаў усіх кіраўнічых узроўняў занятыя некампетэнтнымі супрацоўнікамі.
Некампетэнтнасць, аднак, не азначае страты здольнасці генераваць ідэі. Наадварот, яны б’юць фантанам, які заткнуць няпроста.
Як вам, напрыклад, такая ідэя: «Пасля таго, як Зяленскі сыдзе ў нябыт і будзе праведзена дэмілітарызацыя ўсёй тэрыторыі Украіны, Саюзнай дзяржаве давядзецца брацца за іншую працу — дэнацыфікацыю Еўрапейскага Саюза. У якім фармаце яна пройдзе, гэта ўжо іншае пытанне. Але гэты польскі, румынскі, чэшскі, французскі, нямецкі фашызм трэба выпальваць гарачым жалезам. Неабавязкова, каб рускія танкі стаялі ў Берліне, хоць, можа, і да гэтага дойдзе. Але, маючы досвед Другой сусветнай вайны і працэсаў, якія адбываюцца апошнія 30 гадоў, Беларусь і Расія знойдуць універсальную формулу (выдзелена. — С. Н.), якая з найменшымі стратамі зможа ажыццявіць гэту дэнацыфікацыю Еўропы і прывесці яе народы да дэмакратыі».
Перад чытачамі паўстае ў канцэнтраваным выглядзе ідэя месіянства, якое па праве займае адно з ганаровых месцаў у ядры рускай культуры. Вось толькі ў даным выпадку яе аўтарам з’яўляецца далёка не апошні супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук РБ.
Чытаю і перачытваю, змагаючыся пры гэтым з жаданнем уладкавацца хоць бы вахцёрам у гэты Храм ідэй. Ад усведамлення, што я змагу адкрываць дзверы перад мысляром такога маштабу, маё сэрца перапаўняецца гонарам.
«Неабавязкова, каб рускія танкі стаялі ў Берліне, хоць, можа, і да гэтага дойдзе». Неабавязкова, пагаджуся. Але калі да гэтага дойдзе, то хочацца верыць, што ў калонах расійскіх танкаў знойдзецца «малы прамежак» і для танкаў з краіны пад белымі крыламі. Нездарма ж Уладзімір Пуцін у вядомым інтэрв’ю запэўніваў, што «можам паўтарыць».
Ход гістарычнага часу паскараецца. І сёння ўжо ён не ідзе, а бяжыць. Нейкія дзесяць гадоў таму ў Пасланні–2012 да беларускага народа гаворка ішла пра «стварэнне агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока». Цікава, на прынцыпах Еўрапейскага саюза або Беларускай мадэлі?
Але каго можна зацікавіць эканамічнай інтэграцыяй пасля 24 лютага? З дапамогай танкаў эфектыўнасць эканомікі асабліва не павысіць, але не складзе асаблівых праблем прывезці на танкавай брані еўрапейскім народам дэмакратыю. Адпаведны вопыт маецца.
Шкада, што Лідзія Ярмошына не дачакалася свайго зорнага часу і пакінула пасаду старшыні ЦВК. Без яе вопыту падліку галасоў у французаў і немцаў на шляху да сапраўднай дэмакратыі могуць узнікнуць праблемы.Калі не кіем, дык палкай, але ў ідэі «інтэграцыі інтэграцый» пасля 24 лютага праглядаецца выдатная перспектыва. Застаецца толькі высветліць, з якога боку пойдзе чарговая хваля дэмакратызацыі — з усходу на захад ці з захаду на ўсход.

Чацвёртая хваля

«Тэорыя хваляў дэмакратызацыі, — як падказвае Вікіпедыя, — гэта канцэпцыя ў палітычных навуках, сутнасць якой складаецца ў тым, што распаўсюджванне дэмакратыі ў свеце адбывалася “хвалямі”, якія закраналі на сваім этапе розныя групы дзяржаў і краін».
Спецыялісты налічваюць тры доўгія хвалі:
    • першая (1820–1926) паднялася пад уплывам амерыканскай і французскай рэвалюцый;    • другая (1943–1962) сваім узнікненнем абавязаная мэтанакіраваным намаганням саюзнікаў СССР на акупаваных тэрыторыях Заходняй Германіі, Італіі, Аўстрыі, Японіі і Паўднёвай Карэі;    • трэцяя (1974–1991) была справакаваная падзеннем дыктатуры ў Партугаліі і завяршылася распадам СССР.
Да «Крымнаш» (2014) даследчыкі трэцяй хвалі імкнуліся казаць не пра адкат, а пра яе згасанне, бо ў навуцы існаваў кансэнсус наконт немагчымасці зваротнага пераходу да мілітарысцкіх і таталітарных рэжымаў.
Даследчыкі, галоўным чынам заходнія, не ўлічылі здольнасці расійскай цывілізацыі вяртацца да сваіх месіянскіх вытокаў. Дзейнічаць іншым чынам яна не здольная, нягледзячы на тое, што яе культурны, эканамічны і ваенны рэсурс амаль цалкам згубленыя.
З Другой сусветнай вайны СССР выйшаў пераможцам не ў адзіночку, а разам з саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. У XXI стагоддзі Расія наважылася «паўтарыць», аднак выступіла супраць кансалідаванага Захаду практычна ў адзіночку (дапамогу яе хаўрусніка і ў электронны мікраскоп разглядзець няпроста).
Лепшага трыгера для чацвёртай хвалі, чым «спецыяльная ваенная аперацыя» Расіі ва Украіне, бадай, не адшукаць. Just what the doctor ordered (тое, што доктар прапісаў). Кожны дадатковы дзень вайны павышае верагоднасць яе ўзнікнення на прасторах Саюзнай дзяржавы.