«У 5.40 я прачнуўся і ўбачыў над сабой амапаўца. Зноў шукалі маму»

«Кожны дзень ўяўляю, як маму адпусцяць. Думаю, гэта здарыцца раптоўна, нечакана, гэта будзе свята», — і Георгій упершыню нам усміхаецца. Яму 12, але ён ужо ведае, чым агляд адрозніваецца ад ператрусу, а «адміністрацыйка» — ад «крыміналкі», ведае, што такое СІЗА і дзе ў Гомелі знаходзіцца ІЧУ, распавядае TUT.BY.

Мікалай Вадзімавіч, Аляксандр, Георгій, Дзмітрый. Аляксея ў момант нашага прыезду ў бацькавым доме не было. Фота Сяргея Камкова

Мікалай Вадзімавіч, Аляксандр, Георгій, Дзмітрый. Аляксея ў момант нашага прыезду ў бацькавым доме не было. Фота Сяргея Камкова

Георгій ведае шмат таго, чым 12-гадоваму дзецюку наогул не варта было б пакуль забіваць галаву. Ягоную маму, гамяльчанку Таццяну Канеўскую, якая была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і збірала за яе подпісы, цяпер абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Яна — адна з беларусаў, прызнаных у гэтую кампанію палітвязнямі, адна з пяці на гэты момант жанчын у гэтым спісе (яшчэ там Марыя Калеснікава, Лілія Уласава, Святлана Купрэева, Юлія Шардыка; нядаўна на волю выйшла Алена Карагачава, якая таксама была ў спісе). Таццяна ўжо месяц за кратамі, і што будзе далей — ніхто ў яе сям'і не ведае.

Таццяну Канеўскую міліцыя затрымала ў Гомелі 8 жніўня. Яе абвінавацілі ў адміністрацыйных правапарушэннях: дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі. 10 жніўня суд Савецкага раёна Гомеля разглядаў адміністрацыйны пратакол — суддзя адправіла яго на дапрацоўку. Канеўскую, паколькі ў яе ёсць непаўналетняе дзіця, выпусцілі з залы суда. Але як толькі яна вырашыла забраць з канвойнай машыны рэчы, тут жа была зноў затрыманая.

Яе перавезлі ў Мінск, у СІЗА на Валадарскага, цяпер жанчына праходзіць па справе аб масавых беспарадках (арт. 293 КК РБ), па інфармацыі сям'і, атрыманай ад першага адваката Таццяны, гаворка ідзе пра ч. 2 арт. 293 КК — гэта ўдзел, і яно караецца тэрмінам ад 3 да 8 гадоў. Другі адвакат жанчыны з-за падпіскі аб неразаглошванні не кажа сям'і нават пра тое, у чым абвінавачваецца Канеўская. Аператыўна ўдакладніць, што ставяць у віну жанчыне, TUT.BY не змог і ў СК.

TUT.BY гаварыў з Таццянай Канеўскай за два месяцы да выбараў. Калісьці яна была актывісткай "Матчын рух 328": калісьці сама стала мамай асуджанага па вядомай 328-м артыкуле за наркотыкі сына Аляксандра (у 2016-м яму далі 8 гадоў, але з-за змены заканадаўства яго тэрмін паменшыўся — хлопец выйшаў у 2019-м), потым падтрымлівала такіх жа няшчасных маці. У 2020 годзе актыўна ўключылася ў выбарчую кампанію. 

"Я думаю, што гэты год — апошні ў Аляксандра Рыгоравіча. Я бачыла "марш недармаедаў", я бачыла  "Плошчу" 2010 года... але цяпер усё інакш. Зараз з канапы ўсталі нават тыя, хто ніколі не цікавіўся палітыкай... на самай справе ўсім страшна. Простаму чалавеку, які сутыкаецца з сістэмай упершыню, не можа быць не страшна. Але вера і падтрымка людзей дае сілы і надзеі на тое, што нешта зменіцца — і страх адступае".

У Таццяны чацвёра сыноў — Георгій, Дзмітрый, Аляксей, Аляксандр — і муж Мікалай Вадзімавіч, з ім яна разам амаль 40 гадоў.

У мужчын для мамы і жонкі дзве добрыя навіны. Па-першае, нарадзіліся шчанюкі іх дварняк Чыка, па-другое, яны навучыліся рыхтаваць смачныя баршчы. Не такія, вядома, як у яе, але ўсё ж. Ёсць і дрэнная: Дзмітрыя звольнілі з мэблевай фабрыкі пасля таго, як кіраўніцтву трапіліся на вочы фота, дзе ён быў валанцёрам на пікеце.

Пра ўсё гэта Таццяна не ведае: нягледзячы на тое, што хлопцы пішуць ёй рэгулярна, лісты на Валадарку, наколькі яны ведаюць, ёй пакуль не даходзяць. Ад мамы ж хлопцам прыйшоў адзін ліст — «побытавае, аб сямейных справах», кажуць яны.

Што з яе крымінальнай справай, родным таксама невядома. Адвакат Таццяны даў падпіску аб неразгалошванні, лісты не прыходзяць, спатканняў няма — так што Канеўскія сядзяць і чакаюць хоць нейкіх вестак ад мамы. Але іх няма.

Дом Канеўскіх — у пяці хвілінах хады ад Савецкага райаддзела міліцыі. Адтуль 6 жніўня да іх упершыню прыйшлі. Спачатку два маёра-пацікавіліся ў сына Аляксандра, дзе мама. А праз 10 хвілін прыбег АМАП: «У вас адбываецца злачынства».

— Адсунулі ўбок і ўвайшлі ў дом. Зазірнулі ў кожную шафу, пад кожную канапу. Разбегліся па ўсіх пакоях, спусціліся ў склеп, падняліся на гарышча. Затым з'явіліся людзі ў цывільным — яны таксама агледзелі дом. Пытаюся: «Што вы шукаеце? Зброю? Наркотыкі?». Адказваюць: «Шукаем труп», — узгадвае падзеі таго вечара Аляксандр.

Дзе яго мама, ён і сам тады не ведаў, але здагадаўся, што з дому яна сышла не выпадкова. Міліцыянты сышлі позна ўвечары, але працягвалі шукаць Таццяну.

— У 5.40 я прачнуўся і ўбачыў над сабой амапаўца. Зноў шукалі маму, — працягвае Аляксандр.

У гэты ж час, як потым высветлілася, АМАП працаваў і ў доме брата Аляксандра — Аляксея, які жыве з сям'ёй асобна, а таксама ў сяброў сям'і Канеўскіх і ў іх сына. А сябар Аляксандра, які заехаў на наступны дзень да яго ў госці, і зусім апынуўся ў ІЧУ.

— Ён заязджаў машыну паправіць, а калі вяртаўся ад мяне, яго спынілі і адвезлі спачатку ў міліцыю, а потым у ІЧУ. Пратрымалі тры дні. У чым ён вінаваты? Ён наогул за Лукашэнку, — да гэтага часу не можа зразумець Аляксандр.

8 жніўня Таццяна выйшла на сувязь — папрасіла Аляксандра прынесці ежы туды, дзе яна хавалася ад затрымання. Але не схавалася: у двары, дзе яна сустракалася з сынам, апынулася засада.

— Да мамы падышоў мужчына ў масцы і кепцы: "Таццяна Васільеўна, пройдзем". Не прад'явіў пасведчанне, прычыны затрымання не паведаміў. Больш я маму не бачыў.

Толькі праз два дні Канеўскія высветлілі, што Таццяна ў ІЧУ, два браты паехалі перадаць перадачу — але там схапілі і іх.

"Аляксей Мікалаевіч? Аляксандр Мікалаевіч? На плошчы былі?» Кажам: «Не». «Вы затрыманыя». У выніку на нас склалі пратакол, што мы спраўлялі патрэбу каля ІЧУ", — сумна ўсміхаецца Аляксандр.

На пытанне, навошта міліцыі спатрэбілася іх затрымліваць, а суду — даваць 15 сутак, у братоў адказу няма дагэтуль. Арышт адбывалі якраз у дні пасля выбараў.

— У ІЧУ — па 50 чалавек у камеры, стаіш, як у бітком набітым тралейбусе. Падлога была мокрай, па сценах бегла вада ад вільгаці: людзей шмат, а акенца маленькае і закрыта ... пасля суда на наступны дзень адвезлі ў СІЗА. Нас быў цэлы аўтобус — так усім аўтобусам і запіхнулі ў камеру тры на пяць.

А ўвесь гэты час Мікалай Вадзімавіч кідаўся паміж РАУС, СІЗА і ІЧУ — ужо палова яго сям'і знаходзілася за кратамі, усім магла быць патрэбная дапамога. На шчасце, сыноў праз трое сутак выпусцілі. А ад адваката ўдалося даведацца, што Таццяну перавялі ў менскае СІЗА і цяпер падазраюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

— Якія масавыя беспарадкі? Яна заўсёды казала: "Толькі б не пачалося што нядобрае", — здзіўляецца муж затрыманай.

Канеўскія кажуць, што не маглі і падумаць, што ўсё можа так павярнуцца. Так, яны збіралі подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў, былі незалежнымі назіральнікамі на ўчастках, Таццяна арганізоўвала мітынг штаба Ціханоўскай у Гомелі — але ж усё гэта ў рамках выбарчай кампаніі было законна, і ніякіх прэтэнзій з боку праваахоўнікаў быць проста не можа.

— Мама, вядома, лічыла, што бліжэй да выбараў усіх актыўных паспрабуюць нейтралізаваць. Яна прыходзіла ўвечары і гаварыла, што хутка пачнецца «хапун». І мы гатовыя былі да адміністратыўных справаў, што давядзецца адседзець суткі, але каб «крыміналка»! За што? Якія беспарадкі? Ніводнай разбітай вітрыны, што там вітрыны — смецця пасля сябе мітынгоўцы ў Гомелі не пакідалі. Аб якіх масавых беспарадках ідзе гаворка? — не разумее Аляксандр. Пераклад НЧ