Пентагон: расійскія сілы ўварвання захоўваюць 85-90% баявой моцы

Паводле інфармацыі амерыканскага боку, РФ перакідае ва Украіну частку сваіх сіл, размешчаных у Грузіі.

the_pentagon_january_2008.jpg


Амерыканскае Мінабароны ўсё яшчэ досыць высока ацэньвае баявую моц расійскіх сіл уварвання ва Украіне. Паводле ацэнкі Пентагона, яны захоўваюць ад 85% да 90% сваёй баявой моцы. Пра гэта заявіў прадстаўнік Пентагона на чарговым прэс-брыфінгу. Паводле інфармацыі амерыканскага боку, РФ перакідае ва Украіну частку сваіх сіл, размешчаных у Грузіі.
Падчас брыфінгу прадстаўнік Пентагона паведаміў, што ЗША зарэгістравалі больш за 1250 ракетных пускаў па Украіне, уключаючы ЗРК.
Амерыканскае абароннае ведамства таксама прадставіла сваё бачанне сітуацыі на асноўных напрамках. Вакол Кіева расійскія сілы не могуць рушыць наперад. У Пентагоне адзначылі, што ўкраінскія войскі аспрэчваюць горад Макараў. Раней украінскі бок заявіў, што населены пункт удалося адбіць.
Прадстаўнік амерыканскага абароннага ведамства таксама заявіў, што ўкраінскім сілам удаецца адціскаць расійскія часткі ад Чарнігава і Харкава. У ЗША схільныя лічыць, што расійскім сілам удалося прарвацца пад Ізюмам. Удар накіраваны на тое, каб адрэзаць украінскія сілы ў Данбасе. Цяжкія баі працягнуцца ў Марыупалі.
ЗША таксама пацвярджаюць знішчэнне расійскага дэсантнага карабля ў Бярдзянску. На думку Пентагона, расійскія сілы ўжо не маюць таго кантролю над Херсонам, які быў раней. Магчыма, у перспектыве кантроль над горадам зноў будзе аспрэчвацца.
У раёне Мікалаева ўкраінскія сілы аказваюць актыўны супраціў. Прасоўвання расійскіх сіл няма.
У Пентагоне адзначаюць, што расійскі бок аддае прыярытэт пры авіяцыйных і ракетных ударах Кіеву, Чарнігаву і рэгіёну Данбаса. Амерыканскі бок лічыць, што адным з галоўных напрамкаў для РФ стала цяпер асяроддзе ўкраінскай групоўкі ў раёне аперацыі аб'яднаных сіл, то-бок уздоўж паласы судакранання з так званымі «ЛНР» і «ДНР».
Пентагон не назірае прыкмет падрыхтоўкі беларускіх падраздзяленняў да ўдзелу ў баявых дзеяннях.
Прадстаўнік Пентагона таксама пацвердзіў, што першыя пастаўкі з пакета абароннай дапамогі Украіне на 800 млн долараў, нядаўна санкцыянаванай прэзідэнтам ЗША, ужо пачаліся. Грузы дастаўлены ў Еўропу.
Паводле reform.by.