Падаляк: Украіна бачыць канструктыўную працу беларускай апазіцыі

Ад пачатку вайны ва Украіне афіцыйны Кіеў насцярожана ставіўся да беларускіх дэмакратычных сіл і не спяшаўся ўсталёўваць са Святланай Ціханоўскай устойлівыя кантакты. Аднак апошнім часам можна заўважыць пэўныя пазітыўныя зрухі ў адносінах бакоў. Ці так гэта? Ці палепшыліся адносіны афіцыйнага Кіева з беларускай апазіцыяй? На гэтае пытанне «Люстэрку» адказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Святлана Ціханоўская ў эфіры Марка Фейгіна і Аляксей Арастовіча. Скрын «Люстэрка»

Святлана Ціханоўская ў эфіры Марка Фейгіна і Аляксей Арастовіча. Скрын «Люстэрка»

— Святлана Ціханоўская заявіла, што адносіны беларускіх дэмсіл з афіцыйным Кіевам «прыкметна палепшыліся і паляпшаюцца», бо Украіна пакінула спробы «не злаваць» Лукашэнку. Як вы можаце пракаментаваць адносіны з беларускай апазіцыяй?

— Па-першае, тут пытанне не ў тым, злаваць ці не злаваць Лукашэнку. Гэта бессэнсоўна. Наша стратэгія вызначалася мінімізацыяй рызык для Украіны, асабліва ў першыя месяцы вайны. Зыходзячы з гэтага, мы і выбіралі тую ці іншую стратэгію палітычных паводзін.

Другі вельмі важны складнік — мы бачым дастаткова канструктыўныя прыкметы працы беларускай апазіцыі. Відаць, што яны займаюць адносна правільныя пазіцыі па тых ці іншых ключавых пытаннях, якія вызначаюць і ролю Расіі, і ролю Беларусі (маецца на ўвазе афіцыйная пазіцыя ўлад гэтых краін у дачыненні да Украіны з пункту гледжання вайны). І, адпаведна, відавочны вось гэты прагматызм.

Па-трэцяе, прагматызм патрабуе ўважлівага стаўлення з нашага боку. Мы назіраем, мы ацэньваем, наколькі гэта сапраўды перспектыўна, і гэтак далей.


Глядзіце таксама

І чацвёртае. Мы глядзім, наколькі беларуская апазіцыя можа ўплываць на тыя ці іншыя працэсы, якія ў Беларусі будуць незваротнымі па меры фіналізацыі вайны. Зразумела, што будуць глабальныя змены палітычнай канфігурацыі і ў Расіі, і ў Беларусі. І [мы ацэньваем], наколькі беларуская апазіцыя гатова будзе ўзяць на сябе ўсю, скажам так, паўнату кантролю над сітуацыяй.

Адносіны палепшыліся?

— Я б сказаў, што яны, несумненна, палепшыліся. Мы ўважліва назіраем за ініцыятывамі, якія паступова выходзяць з асяроддзя беларускай апазыцыі: і інфармацыйныя, і дыпламатычныя. Не трэба забываць і важную ініцыятыву з нагоды расследавання па ўдзеле Беларусі ў схемах па выкраданні ўкраінскіх дзяцей — у рамках так званай Саюзнай дзяржавы і ў рамках, уласна, самой Рэспублікі Беларусь. Гэта было вельмі важнае расследаванне. Там, па-мойму, ключавую ролю адыгрывала якраз беларуская апазіцыя ў тым ліку. Гэта выклікае і паважлівае, і канструктыўнае стаўленне.