Міністр абароны Польшчы: «Беларусь павінна знаходзіцца пад такім жа ціскам, як і Расія»
Беларускі рэжым павінен несці аднолькавую адказнасць разам з Расіяй за вайну супраць Украіны, бо стаіць плячо ў плячо з Расіяй і падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. Пра гэта на адкрыцці Варшаўскага форуму па бяспецы заявіў віцэ-прэм'ер польскага ўрада, міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
Марыюш Блашчак зазначыў, што апошнія месяцы карэнным чынам змянілі еўрапейскую бяспеку. «24 лютага стала для ўсіх нас напамінам аб тым, што кашмары поўнамаштабнай вайны ў Еўропе не засталіся ў мінулым. Няма сумневу, што гэта прыводзіць да шматлікіх пытанняў аб тым, як умацаваць нашу агульную бяспеку», — цытуе міністра «Радыё Св*бода».
Ён выказаў спадзяванне, што вынікі Варшаўскай канферэнцыі паслужаць добрай асновай для эфектыўнага супрацьдзеяння расійскай агрэсіі.
«У выніку брутальнага ўварвання Расіі ва Украіну мы маем справу з крызісам бяспекі. Мы спадзяваліся, што больш ніколі не будзем уцягнутыя ў поўнамаштабны ўзброены канфлікт у Еўропе. Расійская агрэсія даказала імперскія амбіцыі Масквы, якія цалкам ігнаруюць еўрапейскую архітэктуру бяспекі», — сказаў ён.
Блашчак падкрэсліў, што ні адна краіна не здольная самастойна супрацьстаяць усяму спектру пагроз і выклікаў. Як ён указаў, толькі ўся еўраатлантычная супольнасць можа супрацьстаяць намаганням Расіі, накіраваным на разбурэнне існуючага парадку.
4 кастрычніка на форуме ў Варшаве павінна выступіць Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, што менавіта сёння Аляксандр Лукашэнка прызнаў удзел Беларусі ў расійскай вайне ва Украіне. Аднак ён назваў вайну «спецаперацыяй» і зазначыў, што не пасылае ва Украіну сваіх вайскоўцаў. Па яго словах, удзел Беларусі ў «спецаперацыі» заключаецца ў «прыкрыцці спіны» расійцаў.