786-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: за 300 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы збіты расійскі бамбавік

У выніку ракетнага ўдару па Днепрапятроўшчыне загінулі 8 чалавек. Украінскія вайскоўцы збілі расійскі бамбавік, які абстрэльваў тэрыторыю Украіны крылатымі ракетамі.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Украінскія ўдары па ваеннай інфраструктуры на тэрыторыі Расіі, нафтаперапрацоўцы і экспарце, а таксама ўзмацненне ціску на расійскую сістэму СПА, прадэманстравалі, што Украіна можа процідзейнічаць з дапамогай невялікай колькасці зброі, у асноўным, айчыннай вытворчасці, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Аналітыкі ISW лічаць, што ўкраінскія ўдары па аб'ектах на тэрыторыі Расіі з'яўляюцца складнікам ўкраінскай кампаніі па дэградацыі галін, якія падтрымліваюць расійскія ваенныя намаганні і ваенны патэнцыял, разгорнуты ў расійскім тыле. 

Начальнік Галоўнага ўпраўлення вайсковай выведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў 17 красавіка, што Украіна плануе процідзейнічаць будучым расійскім наступальным аперацыям, працягваючы наносіць удары па расійскіх вайсковых аб'ектах на тэрыторыі Расіі. 

У інтэрв'ю «Washington Post» Буданаў заявіў, што ГУР плануе нанесці ўдары па расійскай абаронна-прамысловай базе (АПБ) і крытычна важных вайсковых аб'ектах, такіх як аэрадромы і камандна-штабныя пункты, у адказ на прагназаваны наступ Расіі летам 2024 года. Буданаў заявіў, што гэтыя ўдары маюць на мэце паказаць, што кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін не можа «абараніць [расійскае] насельніцтва ад вайны».

***

Украіна ігнаруе засцярогі ЗША адносна выкарыстання беспілотнікаў на тэрыторыі Расіі і працягвае вырабляць супердроны, якія ўжо могуць дасягаць цэляў у Сібіры — за 3000 км ад яе межаў, піша брытанскае выданне «The Economist».

«З тых часоў, як прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызначыў прыярытэтнасць гэтай тэхналогіі, Украіна інвеставала сотні мільёнаў долараў у беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння, здольныя шукаць і паражаць выдаленыя цэлі. Цяпер іх вырабляюць паўтузіна кампаній.

Найлепшая з новых мадэляў мае далёкасць палёту 3 000 км і здольная дасягнуць Сібіры».

Выданне акцэнтуе, што праграма вырабу падобных дронаў была «народжаная неабходнасцю» (бо Захад неахвотна дае Украіне зброю вялікага радыусу дзеяння) і ўжо падарвала значную частку расійскай нафтавай і вайсковай інфраструктуры.

«Але Белы дом незадаволены. Ён падштурхоўвае ўкраінцаў да спынення ўдараў. Занепакоенасць Амерыкі была рознай: ад росту цаны на нафту да перспектывы некантралюемага "вока за вока", У чым Украіна магла б прайграць», — піша «The Economist».

Выданне адзначае, што асцярогі адносна апошняга ўзраслі ў канцы сакавіка, калі Расія нанесла шматмільённую шкоду ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры.

«Атакі выявілі прабелы ў супрацьпаветранай абароне і ўразлівасць перад новымі расійскімі крылатымі ракетамі малой вышыні Х-69. 11 красавіка такія ракеты знішчылі Трыпальскую электрастанцыю, размешчаную за 40 км ад Кіева, хоць яна знаходзілася ў зоне дасяжнасці сталічных сістэм СПА "Патрыёт"», − піша «The Economist».

Выданне дадае, што пакуль Украіна ігнаруе амерыканскія парады для спынення ўдараў. У прыватнасці, афіцэр выведкі з пазыўным «Дэтэктыў», адказны за частку праграмы, кажа, што не атрымліваў інструкцый па згортванні аперацый, але адзначае, што цэлі на тэрыторыі РФ пастаянна мяняюцца.

«Нашы цэлі мяняюцца з кожным днём. Мы не даем расійцам спакою», — цытуе выданне выведніка.

А адзін з вытворцаў беспілотнікаў сцвярджае, што не ўсе амерыканскія прадстаўнікі згаджаюцца з афіцыйнымі заклікамі аб спыненні удараў па РФ.

Паводле яго слоў, яго кантакты «падміргвалі», калі перадавалі гэтае папярэджанне.

«Яны ў прыватным парадку кажуць нам, каб мы працягвалі», — заявіў вытворца дронаў.

Ён прагназуе, што ўкраінская праграма беспілотнікаў у бліжэйшыя месяцы будзе пашырацца.

«Расія выпальвае ўкраінскую зямлю. Прыйшоў час зрабіць тое самае з еўрапейскай Расіяй», − цытуе вытворцу «The Economist».

***

Паветраныя сілы УСУ і Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны знішчылі расійскі далёкі стратэгічны бамбавік Ту-22М3 — носьбіт крылатых ракет Х-22, паведаміў камандуючы паветраных сіл генерал-лейтэнант Мікалай Паляшчук у Telegram.  

«Упершыню зенітныя ракетныя падраздзяленні паветраных сіл ва ўзаемадзеянні з Галоўным упраўленнем выведкі знішчылі далёкі стратэгічны бамбавік Ту-22М3 — носьбіт крылатых ракет Х-22, якімі расійскія тэрарысты б'юць па мірных украінскіх гарадах».

Камандуючы таксама адзначыў, што падчас цяперашняй атакі ворага ўкраінская СПА ўпершыню знішчыла дзве ракеты Х-22 з 6, якія выпусціла РФ.

Аляшчук адзначыў, што Украіне трэба больш сродкаў, больш ракет, каб лепш абараніць ад расійскага тэрарызму прыфрантавыя тэрыторыі.

***

Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі абясшкодзілі 870 расійскіх захопнікаў, агульныя страты акупантаў забітымі і параненымі на вайне дасягнулі 457 830 чалавек, сказана ў зводцы Генштаба УСУ.  

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 19.04.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 457 830 (+870) чалавек;
  • танкаў — 7 205 (+9) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 13 852 (+17) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 11 658 (+21) адз.;
  • РСЗА — 1046 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 762 (+2) адз.;
  • самалётаў — 347 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 311 (+27);
  • крылатых ракет — 2 096 (+3);
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 15 671 (+53) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1915 (+0).

***

У ноч на 19 красавіка пры адбіцці камбінаванага ўдару расійскай арміі сілы супрацьпаветранай абароны Украіны збілі 15 ракет розных тыпаў, у тым ліку 2 крылатыя ракеты Х-22 і 14 ударных беспілотнікаў, паведаміў камандуючы паветраных сіл Мікалай Аляшчук у Telegram.

Паводле слоў Аляшчука, агулам расійцы ўжылі 36 сродкаў паветранага нападу — 22 ракеты розных тыпаў і 14 ударных беспілотнікаў:

  • 2 крылатыя ракеты Х-101 / Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95 МС (раён пускаў — Разань);
  • 14 ударных БПЛА тыпу «Shahed-131/136» (з раёнаў Прыморска-Ахтарск, Курская вобл.);
  • 12 кіраваных авіяцыйных ракет Х-59 / Х-69 (Курская вобл. і з акваторыі Азоўскага мора);
  • 2 крылатыя ракеты «Іскандэр-К» (з Крыма);
  • 6 крылатых ракет Х-22 з далёкіх стратэгічных бамбавікоў Ту-22М3 (з акваторый Чорнага і Азоўскага мораў).

Да адбіцця паветранага нападу былі прыцягнутыя зенітныя ракетныя войскі паветраных сіл, мабільныя агнявыя групы і падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы сіл абароны Украіны.

***

У выніку расійскага ўдару ў горадзе Днепр загінулі 2 чалавекі, у Сінельнікавым загінулі 6 чалавек, сярод якіх — двое дзяцей, яшчэ 29 жыхароў вобласці атрымалі раненні, напісаў кіраўнік АВА Сяргей Лысак у сваім ТГ-канале. Паводле яго слоў, у Дняпры, акрамя жылога дома, пашкоджаны два інфраструктурныя аб'екты. У Сінельнікаве часткова разбураныя 4 прыватныя дамы, яшчэ 8 — пашкоджаныя.

У выніку абстрэлу чыгуначнай інфраструктуры параненыя сямёра супрацоўнікаў «Укрзализныци», а таксама загінула Аксана Старажэнка, дзяжурная па доме лакаматыўных брыгад. У яе засталіся двое сыноў 17 і 15 гадоў.  

Кіраўнік АВА дадаў, што цяжкімі былі ноч і раніца. У Паўлаградзе пашкоджана адно з прадпрыемстваў. 

Білі расійцы і па Нікапальшчыне: увечары з артылерыі абстралялі сам Нікапаль, а ўначы — Марганецкую абшчыну: пашкоджаныя два прыватныя дамы.

«Вобласць перажыла чарговую масіраваную атаку. Частка варожых цэляў збілі сілы СПА. У прыватнасці, толькі за раніцу, папярэдне, 9 ракет. І яшчэ 2 — ноччу. Дэталі з гэтай нагоды — пазней. На жаль, ёсць і пападанні», — падсумаваў Лысак.

***

Дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс падчас выступу перад чальцамі Кангрэса ў чацвер заявіў, што, калі яны не ўхваляць дапамогу Украіне цяпер, Кіеў можа пацярпець паразу ў вайне да канца года, піша BBC

— З ваеннай дапамогай — як практычнай, так і псіхалагічнай, украінцы цалкам здольныя пратрымацца 2024 год і зняпраўдзіць напышлівае меркаванне Пуціна аб тым, што час на яго баку, — сказаў ён.

Але калі дапамогі не будзе, карціна «будзе значна больш жудаснай», дадаў кіраўнік ЦРУ.

— Існуе цалкам рэальная рызыка таго, што ўкраінцы могуць прайграць на полі бою да канца 2024 года або, прынамсі, паставіць Пуціна ў становішча, калі ён зможа фактычна дыктаваць умовы палітычнага ўрэгулявання, — заявіў Бёрнс.