Беларусь, якая чакае. Сціплае абаянне Свіры (ФОТА)

«Новы Час» працягвае вандраваць па месцах, якія вы нам падказваеце для праекта «Беларусь, якая чакае». Гэтым разам выконваем замову, што прыйшла да нас яшчэ ўлетку. Адразу скажам, што адмыслова адклалі яе на восень — азёрных маршрутаў на цёплы час нам хапіла, таму выпраўляемся зараз. Нас чакаюць маляўнічыя восеньскія берагі прыгожага возера Свір і ягонае наваколле. Паехалі!

Кастрычнік у параўнанні з лагодным вераснем з першых гадзін даволі сур'ёзна ўзяўся за справу і адразу нагадаў, што гульняў з лёгкім адзеннем больш не будзе. Ну, да вясны — дакладна! Таму апранаемся, выцягваем з дальняга кутка шафы тэрмасы, гатуем хто каву, хто гарбату і змрочным восеньскім ранкам едзем насустрач Свіры. Першым пунктам прызначэння сёння ў нас вёска Вішнева. У адным, больш знакамітым, Вішневе мы былі зусім нядаўна, але ж і ў гэтай сціплай, вёсачцы таксама ёсць на што паглядзець.з

Прыгожы касцёл святога Тадэвуша на ўзвышшы, нягледзячы на шэрае надвор’е, уражвае даволі моцна. Яго пачалі будаваць адначасова са званіцай побач на грошы роду Сулістроўскіх у 1811 годзе, а ў 1820 кансэкравалі ў гонар святога Тадэвуша. За два стагоддзя сваёй гісторыі храм зазнаў і перадачу ў праваслаўе пасля падзей 1863 году, і вяртанне ў каталіцтва ў 1919, і пашкоджанні падчас Сусветных войнаў. Тым не менш, у савецкія часы ён працягваў сваю дзейнасць, а ў 1970 гадах атрымаў статус «помніка архітэктуры». Адметнай цікавосткай касцёла з’яўляецца абраз святога Юзафа з дзіцём у галоўным алтары — гэта выява аўтарства вядомага Яна Дамеля і датуецца 1811 годам. Да 2013 году, калі гэта высветлілася, лічылася, што ў Беларусі ёсць толькі адна праца мастака. Таксама ўвагу прыцягваюць выкшталцоныя жырандолі, але астатняе аздабленне касцёлу дастаткова стрыманае і сціплае.г

Побач з касцёлам знаходзяцца старыя могілкі, якія мы таксама раім наведаць. Але ж мы толькі пачалі вандроўку, таму часу на могілкі не тое каб шмат. Апошні позірк на прыгожы храм і зноўку ў дарогу!

Літаральна праз некалькі хвілін праваруч паказваецца возера Свір. Нягледзячы на даволі прахалоднае надвор’е (ага, разбэсціліся ўлетку!) адшукваем пад’езд да вады ў выглядзе турыстычнай стаянкі і хадзем на шпацыр па беразе. Вядома ж, што ў больш цёплыя часы месца для адпачынку тут знайсці складана, але зараз навокал нікога. Цішыня, нізкія хмары, маляўнічыя колеры — гэта кастрычніцкая Свір, дзетка!

Наш фатограф вельмі сумуе па морачку і нават тут паспрабаваў уявіць сабе марскі прыбой і пляжны адпачынак. Беларускае мора — яно такое! Да яшчэ і  вужы з іншымі поўзаючымі пайшлі да зімовага адпачынку, і гэта яго вельмі цешыць.

Некалькі кіламетраў пад нерашучым падабенствам на дождж і мы спыняемся ў мястэчку Свір. На першы погляд — вёска як вёска, але, па сцвярджэнням археолагаў, нашыя продкі тут жылі з дахрысціянскіх часоў.  Адной з цікавостак Свіры з’яўляецца старажытны пагорак, дзе яшчэ ў XVI стагоддзі стаяў замак, які належыў князям Свірскім, потым Радзівілам і потым зноўку Свірскім. Падчас Лівонскай вайны ў 1579 годзе менавіта тут кароль Стэфан Баторый зацвердзіў план вызвалення Полацку ад войскаў Івана Грознага. Замак, вядома не захаваўся, ды й ад пагорка засталася хіба траціна пасля шматлікіх падзеяў цягам амаль паўтысячы гадоў. Тым не менш, краявіды адсюль непаўторныя — нават АЭС можна ўбачыць.

Ля пагорку цудам захаваўся стары будынак габрэйскай карчмы канца ХІХ стагоддзя. Ён зачынены і патроху прыходзіць у заняпад, але шалі познесавецкай эпохі ў адным з вокнаў сведчаць, што гандаль панаваў у гэтых сценах яшчэ зусім нядаўна. Асобную ўвагу прыцягнулі і аўтэнтычныя дзверы — глядзіце самі! Пашпацыруем троху па мястэчку...

Канешне, трэба завітаць і да галоўнай цікавосткі Свіры — касцёла Святога МІкалая, які сустракае нас нечым падобным на ахоўную таблічку з цікавым шрыфтам надпіса. Першы храм у Свіры, як і замак, быў драўляны, а ў 1653 годзе пачалося будаўніцтва вялікага цаглянага касцёлу, які прастаяў да пачатку ХХ стагоддзя, калі быў вельмі істотна перабудаваны. Ад старога будынку захаваліся фрагменты сценаў, званіца і алтары. З 1961 году тут месціўся цэх вытворчасці аўтамабільных нумароў (ну а дзе ж яшчэ, на самай справе!), потым аптычная вытворчасць, а ў 1990 годзе храм аддалі вернікам. 

Завітваем у храм і насалоджваемся сціплым прыгожым аздабленнем — падаецца, што сціпласць ёсць адмысловай рысай храмаў Свіршчыны, як звонку, так і ўнутры. На тэрыторыі касцёла ёсць вельмі кранальны помнік, прысвечаны часам, калі з храмаў зрывалі крыжы і адбіралі іх у вернікаў. Ён так і выглядае — пагнуты крыж у жалезным тросе, які цягне яго ўніз да ўжо зрынутага сымбаля веры. Такога мы яшчэ нідзе не бачылі і, напэўна, не ўбачым. Але ж менш тэксту — больш фота!

Пакідаем Свір і накіроўваемся троху глыбей у навакольныя лясы, дзе нас чакае сядзіба і парк у мястэчку Камарова, якім з XIV стагоддзя валодалі Гаштольды, Радзівілы, Сулістроўскія і шмат хто яшчэ. Апошнімі гаспадарамі тут былі Старжынскія, якія надалі сядзібнаму дому той выгляд, які мы бачым і сёння. Парк быў закладзены ў XVIII стагоддзі, і некаторыя дрэвы дакладна памятаюць той час. Сядзібны дом зараз на рэканструкцыі, у будынках комплексу месцяцца розныя дзяржустановы, але ёсць надзея, што яны таксама вярнуцца да гістарычнага выгляду з адпаведным начыннем. На жаль, негасцінны мясцовы варыянт кастрычніку вырашыў нас троху памачыць вадой з нябёсаў, таму фота атрымалася не шмат. Нічога, ёсць нагода вярнуцца!

Немагчыма быць у Свіры і не наведаць Засвір, што на іншым беразе возера, хоць і не настолькі блізка да яго. Тым больш, што щ гэтай невялікай вёсцы месціцца сапраўдная перліна краю — былы кляштар кармелітаў пачатка XVIII стагоддзя.  Галоўным будынкам з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Тройцы, які адлічвае свой узрост з 1714 году. Захаваліся таксама брама і невялічкая званіца побач, а вось манастырскія будынкі побач знаходзяцца ў стане руінаў. Гісторыя канфесіянальных пераходаў і перабудоваў досыць падобная на храм у Вішневе, таму не будзем паўтарацца. 

Падчас Першай сусветнай вайны ў касцёле месціўся шпіталь нямецкіх войскаў, і памерлых ад ран салдатаў хавалі літаральна ў некалькіх метрах з адваротнага боку храму. Зараз могілкі дастаткова дагледжаныя, а вось надмагільныя надпісы прачытаць ужо даволі складана. 

Унутр касцёла нам трапіць не пашанцавала, таму разглядаем звонку гэты велічны помнік архітэктуры і ўражваемся. У некалькіх дзясятках метраў ад храму месціцца занядбаны драўляны двухпавярховік, які памылкова прымаюць за плябанію, але ж гэта закінуты сялянскі клуб, пабудаваны дзесьці ў 1930-х гадах. Ён таксама шчыльна зачынены, але навокал па-восеньску прыгожа.

Надвор’е канчаткова сапсавалася, але ж як не завітаць у былую сядзібу Скірмунтаў у Шэметаве зусім побач? Цягам некалькіх стагоддзяў гаспадарамі гэтых месцаў было шмат вядомых радоў. Менавіта сюды ў 1697 годзе тагачасны гаспадар  Кшыштаф Дэспат-Зяновіч запрасіў манахаў-кармэлітаў, якія пабудавалі свой кляштар у Засвіры. Гэтыя мясціны памятаюць былую раскошу прыёмаў Сулістроўскіх, якіх мы сёння ўжо прыгадвалі. Нажаль, ад былой велічы Шэметава не засталося амаль анічога. Гаспадарчыя пабудовы, руіны якіх мы сёння бачым, былі ўзведзены напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя апошнім уладаром Шэметава Баляславам Скірмунтам.

Цікава, што амаль кожны ўладальнік Шэметава спрычыніўся да духоўнага складніка жыцця сядзібы. Ёсць сведчанні, што яшчэ ў 1697 годзе тут была пабудавана капліца, а ў 1731 годзе функцыянаваў касцёл, і кожны чарговы новы гаспадар займаўся рэканструкцыяй і перабудовай культавага будынку. Існуючы храм быў пабудаваны ў 1903 годзе Баляславам Скірмунтам і ў 1904 годзе кансэкраваны ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Існуе паданне, што ў савецкія часы касцёл не быў зачынены з нагоды таго, што мясцовыя жыхары падчас вайны выратавалі параненага савецкага лётчыка і ён пасля вайны вельмі дапамог у гэтым пытанні. Таксама захаваўся і будынак тагачаснай плябаніі 1904 году пабудовы.

Да ўвагі тых, хто будзе збірацца наведваць Шэметава! Як толькі мы спыніліся, да нас хутка і рашуча накіраваліся мясцовыя назіральнікі і ахоўнікі парадку. Пераканаўшыся ў нашых добрых намерах, яны адразу перайшлі да жорсткага шантажу і патрабавання хоць нейкага хабару за дазвол бесперашкодна перасоўвацца і фатаграфаваць. Майце, калі ласка, гэта на ўвазе і адпаведна падрыхтуйцеся да такой сітуацыі! 

Вось і надышоў час збірацца ў адваротны шлях, тым больш, што падганяе дожджык. Але мы цалкам задаволеныя сённяшняй вандроўкай і спадзяемся, што вы працягнеце дасылаць нам лісты з новымі замовамі і прапановамі. Восень пачалася, але доўга яна не працягнецца, бо як сказаў наш добры сябра: «Вось і кастрычнік! Справа ідзе да вясны». Бывайце здаровы, пішыце нам лісты!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.