«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 15: Маскі будуць сарваны
У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, чаму адміністрацыі калоніі жыццёва важна выбіць з палітычных прызнанне віны і якая галоўная задача палітвязня за кратамі. Сёння распавяду, як мяне гвалтоўна скралі з мінскага шпіталя і які годны адлуп невядомыя ў балаклавах атрымалі ад медыкаў, што мне распавядаў у прыватнай размове палкоўнік УДВП Шабулдаеў, а таксама чаго баяцца патомныя турэмнікі.
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
Не сыпце бісер
— Заберите стакан обратно. Кто вам разрешил давать ей воду? — са злосцю выгукнула капітан міліцыі Ленінскага РУУС. Яе калегі ў пагонах, што сядзелі побач з жанчынай у калідоры шпіталя, называлі яе «Ліза».
15 кастрычніка 2020 года. Мінск. Аддзяленне нейрахірургіі 5-га клінічнага шпіталя. Я ляжу прымацаваная да бальнічнага ложку кайданкамі. Сюды з Ленінскага РУУС мяне даставіла «хуткая».
Падчас затрымання 13 кастрычніка мяне моцна збілі, дактары дыягнаставалі ўнутрычарапную траўму і страсенне галаўнога мозгу.
І вось зараз я пад кропельніцай у шпіталі, мяне ванітуе, дужа зацякае рука, пераціснутая кайданкамі. Некалькі хвілін таму следчая Стахно з радасцю паведаміла, што супраць мяне ўзбуджана крымінальная справа па арт. 342 ч. 1. Паказанні я даваць адмовілася. Які сэнс? Апраўдвацца перад імі ў чымсьці, тлумачыць ім штосьці… Навошта? Не сыпце бісер…
Перад тым, як «хуткая» вывезла мяне з РУУСа, убачылася ў будынку міліцыі з Алесем Таўстыкам. Плячысты Алесь у камізэльцы з вялікай выявай Пагоні сядзеў у калідорчыку каля камер папярэдняга зняволення (КПЗ, ці, як у народзе іх называюць, — «обезьянник») і азнаёмліваўся з нейкімі паперамі. Побач стаяў наш участковы.
— Воля, прывітанне! — радасна выгукнуў Алесь. — Пра тваё затрыманне ўжо па БТ распавялі. Хацеў табе сказаць дзякуй, ты нам усім паказала прыклад, як трэба сябе паводзіць.
«Пра што гэта ён? — падумала сама сабе. — Я ж ніякая не гераіня, звычайны чалавек і паводжу сябе звычайна».
Пазней я зразумела, што Алесь меў на ўвазе. Маё так званае «пакаяльнае відэа», на якім я ані слова не сказала. «Зоя Касмадзям’янская», — тролілі мяне пасля праз гэта супрацоўнікі Акрэсціна. Яны і распавялі мне больш пра гэты сюжэт на БТ, некаторыя службоўцы нават з ухвалой.
Я добра памятаю, як 13 кастрычніка ў пакой аператыўніка РУУС уварваліся людзі з камерай і спрабавалі зрабіць запіс са мной.
— Когда и при каких обстоятельствах вас задержали? — пырскаючы слінай, закрычаў адзін з іх.
— Не ведаю, хто мяне затрымліваў. Нейкія бандыты без апазнавальных знакаў. Затрымалі за тое, што я выконваю свой канстытуцыйны абавязак — бараню сваю краіну. Бандытам гэта не падабаецца, — адказваю яму.
Гэты кавалак прапагандысты БТ пасля выразалі. Пакінулі толькі рэшту запісу, дзе нястрыманы малады чалавек працягвае мне задаваць пытанні і прысаромлівае мяне, а я папросту гляджу на яго і маўчу.
— Воля, трымайся! Беражы сябе! Усё абавязкова будзе добра! — выгукнуў мне на развітанне Алесь Таўстыка.
— Канечне! І ты сябе! — паспела адказаць яму.
Супрацоўнікі «хуткай» узялі мяне пад рукі і павялі да машыны.
«Пакаяльныя» відэа. Мне не падабаецца гэты выраз, бо, па-першае ніхто ў іх не каецца.
Па-другое, гэта нарэзка, гэта здзек, так званыя «прызнанні» на камеру выбіты ў людзей праз збіццё, катаванні, пагрозы. «Прызнанні» закатаваных людзей, што знаходзяцца ў палоне, нічога не вартыя.
Гэта бяда, гэта боль, гэта страшэнная трагедыя, велізарная драма чалавека, які патрапіў у лапы катам.
Я не гляджу такія відэа, бо мне робіцца блага. І вельмі балюча, і крыўдна за людзей.
Ні пра якое асуджэнне не можа быць і гаворкі. Так, у мяне атрымалася нічога ім не сказаць, але гэта папросту збег акалічнасцей. Ніякай гераіняй я сябе не лічу. Але Алесю за цёплыя словы дзякуй.
Для мяне героі — гэта ўсе вы, усе тыя, хто не пабаяўся кінуць выклік рэжыму, выйсці на пратэсты. І не важна, што пасля чалавек, пакутуючы ад маральнага і фізічнага болю, нагаварыў катам на камеру.
Гэта ў любым выпадку смелы чалавек, годны беларус, які бараніў сваё і наша права «людзьмі звацца».
Як медыкі ўступілі ў бой з сілавікамі
— Хочаце банан? — тым часам працягвае мужчына ў белым халаце. — Вы, мабыць, галодная? Чым вас яшчэ пачаставаць?
— Я же вам сказала: ничего ей не давать! Она подозревается в совершении преступления, она арестована! — зноў уступае ў дыялог капітан Ліза.
— Да не ганьбіцеся вы, — годна адказвае мужчына. — І ўвогуле я не абавязаны з вамі размаўляць.
Мужчына ў белым халаце — наведвальнік пацыенткі, што ляжала са мной у адной палаце. Жанчына толькі што перанесла складаную аперацыю на галаўным мозгу, амаль не размаўляла, не магла хадзіць і самастойна есці. Яе брат разам з жонкай клапатліва разміналі ёй рукі і спрабавалі падсілкаваць з лыжачкі.
— Я чытала пра вас, мы вамі ганарымся! — са слязьмі вымавіла жонка мужчыны. — Трымайцеся, мы з вамі!
— Ды ўся краіна з вамі! — дадаў мужчына.
І тут ужо слёзы пацяклі ў мяне.
— Воля, і я з табой, — раптам слабым голасам загаварыла прааперыраваная жанчына.
Мае новыя сябры сышлі, і праз некалькі хвілін у палату ўварваліся людзі ў балаклавах.
— Ого, якія сур’ёзныя хлопцы. Гюльчитай, открой личико, — са смехам рэагую на візіт гасцей.
— Досмеешься сейчас. Встаем и на выход, — грозна вымавіла галава ў балаклаве.
— Што тут адбываецца? — у палату забег дзяжурны ўрач.
— Мы ее забираем, — зло кінуў адзін з няпрошаных гасцей.
— Чаму? Куды? Я такой згоды не выказваў. Пацыентку сюды па экстраных паказчыках даставіла «хуткая», у яе траўма галавы, ёй патрэбна лячэнне, дадатковае абследаванне і назіранне. Я катэгарычна супраць, — цвёрда прамовіў доктар.
Сілавікі ў балаклавах замітусіліся. Супраціў з боку медыкаў іх яўна раздражняў, такі сцэнар не ўваходзіў у іх планы. На нейкі момант няпрошаныя госці нават разгубіліся, пачалі тэлефанаваць свайму кіраўніцтву. З абурэннем адчытваліся, што дактары не дазваляюць забраць мяне з бальніцы. Праз некалькі хвілін нізкарослы каранасты мужчына ў балаклаве перадаў мабільнік дзяжурнаму доктару.
— Я не буду садзейнічаць! — цвёрда сказаў ён невядомаму суразмоўцу. — Яна застанецца тут.
Суразмоўцам на іншым канцы проваду, як высветлілася пазней, аказаўся адзін з кіраўнікоў Ленінскага РУУС Сяргей Дубовік. Ён кіраваў маім выкраданнем са шпіталя і аддаў загад сваім цэрберам прыструніць лекараў і забраць мяне з бальніцы любой цаной.
У палату забеглі медсёстры і санітаркі. Гучна заплакала прааперыраваная жанчына.
— Як вам не сорамна! 10 чалавек на адну бабу! — з абурэннем закрычала адна з медсясцёр.
— Воля, яны ж цябе заб'юць, куды яны цябе вязуць? — працягвала плакаць мая суседка па палаце. Я падышла да яе ложка, моцна абняла яе і папрасіла не хвалявацца, а берагчы здароўе.
— Нічога, я вытрымаю. Усё абавязкова будзе добра. А ваша галоўная задача зараз — аднаўляцца пасля аперацыі, — прашаптала я ёй на развітанне.
Я да гэтых часоў з цеплынёй і гонарам згадваю медыкаў, што не пабаяліся стаць на маю абарону і не спалохаліся ані ўзброеных людзей, ані пагроз і далі цэрберам такі годны адлуп. Мілыя, інтэлігентныя, мірныя беларусы… Апроч слоў і заклікаў прытрымлівацца гуманізму і маралі, што яны яшчэ маглі супрацьпаставіць узброеным агрэсіўным сілавікам? Са шпіталя мяне, вядома, урэшце вывезлі. З катэтарам у вене.
Дзякуй вам, дарагія медыкі, за тое, што змагаліся за мяне, за тое, што лячылі, спачувалі, падтрымлівалі.
Вельмі хачу сустрэцца з вамі асабіста і паціснуць вашу руку. Ведаю, што так і будзе.
Брудныя ўчынкі, што не адмываюцца мылам
— А ты знаешь такого Олиневича? — запытальна паглядзеў на мяне намеснік кіраўніка Дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці Андрэй Шабулдаеў.
— Канешне, хто ж яго не ведаю, — адказваю палкоўніку.
— Я как-то встречался с ним. И ты знаешь, что он мне заявил? Сказал, что революций без жертв не бывает, — працягвае суразмоўца.
— Так і ёсць. Сярод прыхільнікаў дэмакратычных перамен шмат людзей, што не баяцца страціць сваё жыццё. У гэтым, бадай, наша галоўнае адрозненне ад вас. Мы за ідэю, а вы за пахлёбку і зорачкі на пагонах, — адказваю Шабулдаеву.
Палкоўнік Шабулдаеў — з сям’і патомных турэмнікаў. Яго бацька калісьці ўзначальваў гомельскае СІЗА. Сын пайшоў па яго шляху, прычым у літаральным сэнсе — Андрэй Шабулдаеў таксама некалькі гадоў быў начальнікам таго ж самага следчага ізалятара. З’яўляўся яго кіраўніком і ў драматычным 2020 годзе. Сустракаўся там са шмат якімі палітвязнямі, у тым ліку з Сяргеем Ціханоўскім.
— Ой, слушай, вот почему вы, оппозиционеры, все время врете? Не знаю, что там было на Окрестина, меня там не было, но в гомельском СИЗО в августе 20-го года никого не били, это все фейки, — раптам пачаў апраўдвацца палкоўнік.
— Грамадзянін начальнік, мне ваша палітінфармацыя не цікавая, я на такія рэчы не вядуся, абнавіце метадычкі, — даволі дзёрзка адказваю тому.
— Слушай, я понимаю, что, может, Лукашенко уже давно у власти и немного надоел всем, но а кто, кроме него, вот скажи мне? — учэплівы позірк Шабулдаева ўпіўся ў мяне кляшчом.
— А ён што, адзін такі ўнікальны і непаўторны, на вашу думку, іншых годных людзей на пасаду кіраўніка дзяржавы зямля беларуская не нарадзіла? Адзін такі самародак Лукашэнка толькі ў нас? — адказваю палкоўніку. — І тут жа гутарка не ідзе нават пра канкрэтныя прозвішчы, а пра тое, што прэзідэнт мусіць быць насамрэч абраны народам, выбары мусяць быць справядлівымі і празрыстымі. Гэта мусіць быць выбар народа, а не самапрызначэнне самазванца.
Мы размаўлялі тады і пра палітвязняў. Я запыталася ў палкоўніка, чаму яны так прэсуюць Паліну Шарэнда-Панасюк і Віку Кульша, фактычна забіваюць гэтых людзей?
— Потому что они по-другому не понимают, — рэзка асек мяне Шабулдаеў. І дадаў, што не выключае, што супраць маіх сябровак будуць узбуджацца і новыя крымінальныя справы. Так і адбылося.
Патомныя турэмнікі — з’ява нярэдкая. Я такіх шмат сустракала ў часе знаходжання за кратамі. Звычайна гэтыя людзі служаць рэжыму аддана, палітвязняў шчыра лічаць ворагамі. Разам з тым, калі пачынаеш з імі размаўляць і разбірацца, то разумееш, што яны не тое што катэгарычна супраць менавіта нас, нашых поглядаў і каштоўнасцей (у якіх яны і не асабліва разбіраюцца). Калі казаць спрошчана, то яны ўспрымаюць нас і дэмакратычныя перамены ў краіне як пагрозу іх уласнай бяспецы, іх дабрабыту, іх пасадам, наладжанаму сытаму жыццю.
Яшчэ адна сям’я патомных турэмнікаў — таварышы Драздовы. Маці Алена Леанідаўна — маёр, адказвае за выхаваўчы працэс у гомельскай калоніі. 24-гадовы сын Яўген працуе ў той жа калоніі на нейкай гаспадарчай пасадзе. Малады афіцэр назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю рэпрэсій супраць палітычных сваім ганебным учынкам па зрыванні жоўтых трохкутнікаў з целагрэек палітвязняў. Гэтым ды іншымі гідкімі ўчынкамі Яўген Драздоў сваё імя запэцкаў настолькі, што ўжо не адно мыла яго не адмые.
— Калі ён зрываў з нашых рукавоў пластыкавыя трохкутнікі, трэск стаяў такі, што вушы закладала, — апавядала мне пасля мая блізкая сяброўка, палітзняволеная Ганна Баран. — І гэта мужчына, гэта афіцэр? Ён як прадстаўнік супрацьлеглага полу ўвогуле дакранацца да нас не меў права.
Маёр Драздова не здолела выхаваць уласнага сына, прывіць яму элементарныя нормы паводзінаў, маралі, чалавечнасці. Але працягвае выхоўваць асуджаных гомельскай калоніі, «выпраўляць» іх, «рабіць лепшымі».
Ну хіба не сюр?
«Маскі будуць сарваны», — прачытала я на адным з плакатаў падчас жнівеньскага Маршу.
Ад сябе дадам: іх і зрываць не трэба.
Людзі ў пагонах, што засталіся служыць рэжыму, паспяхова самі з сябе іх паслядоўна зрываюць, сваімі ж рукамі — праз учынкі, словы і рэпрэсіі, якія ніводзін палітвязень ніколі не забудзе.
Працяг будзе